Як паўставала беларуская салідарнасць. BY_help і Дзень Волі



Ініцыятыва BY_help паўстала напярэдадні Дня Волі-2017. Сёлета яна адзначыла свой сёмы юбілей. Мы пагутарылі з кіраўніком кампаніі Аляксеем Лявончыкам пра яе стыхійнае з’яўленне, дзейнасць і перазапускі.

У 2017 годзе Дзень Волі прыпаў на час, калі ўжо месяц ішлі акцыі пратэстаў супраць увядзення гэтак званага «падатку на дармаедства». Акцыі, прысвечаныя 25 сакавіка, былі забароненыя, а сам Дзень Волі завершыўся сотнямі затрыманняў іх удзельнікаў, журналістаў, праваабаронцаў, нават выпадковых мінакоў.

 

 

— У рэпрэсіях у Беларусі назіралася пэўная паўза паміж 2015 і 2017 гадамі. І тут раптам, у лютым 2017 зноў пачаліся маштабныя затрыманні, як гэта было ў 2014. Мы з Андрэем Стрыжаком падумалі, што варта нешта зрабіць. Андрэй прапанаваў зрабіць пост у Facebook, а я заняўся ўжо самім яго напісаннем. На той момант у беларускай гісторыі яшчэ не існавала палітычнага краудфандынгу. Мы не ведалі, спрацуе гэта ці не, але вырашылі паспрабаваць. Тады яшчэ не існавала многіх элементаў збораў: Facebook Fundraiser, альбо іншых пляцовак для такіх мэтаў. Таму ў допісе мы проста прапанавалі скідвацца на PayPal. І, як кажуць зараз, яно заляцела! З гэтага і пачаўся BY_help, — згадвае Аляксей Лявончык.

Для тых, у каго не было PayPal, дапамагчы можна было і іншымі спосабамі: ахвяраваць на прыватныя рахункі ці праз інструменты збору ўнутры Беларусі. Пазней далучыліся і дыяспары. Усяго праз тры гадзіны пасля публікацыі было сабрана 8 тысяч даляраў ахвяраванняў ад людзей, якія знаходзіліся ў Беларусі і беларусаў замежжа. А ўжо праз дзень збор налічваў 25 тысяч даляраў, што стала нечаканасцю для арганізатараў. Агулам было сабрана каля 50 тысяч даляраў.

— Грошы з гэтага збору былі выдаткаваныя на патрэбы людзей, якіх арыштавалі перад Днём Волі-2017, для сплаты штрафаў, а таксама для аплаты паслугаў адвакатаў тых, супраць каго былі заведзеныя крымінальныя справы. Знешнія партнёры верыфікавалі заяўнікаў. Кампанія BY_help не задумвалася як сталая кампанія: меркавалася, што калі з’яўляецца нагода, з’яўляецца збор, які мы збіраем, раздаем і закрываемся. У 2017 так і было: грошы сабраліся і раздаліся да канца красавіка.

 

 

Другі раз кампанія перазапусцілася ў 2019 годзе, з пачаткам «справы БелТА». Тады ў офісах кампаній ТUT.by і агенцтва БелаПАН прайшлі вобшукі і затрыманні. Канфіскавалі і тэхніку журналістаў. — Тады мы стварылі новы збор. Гэтым разам было сабрана каля 10 тысяч еўра. Паколькі гэта быў мэтавы збор на канкрэтную групу, якой з’яўляліся незалежныя журналісты, гэта было чарговым поспехам.

Трэці рэстарт кампаніі BY_help адбыўся ўжо ў чэрвені 2020 года. З таго часу яна не спынялася, бо рэпрэсіі ў Беларусі не прыпыняюцца.

Зараз BY_help працягвае дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій (сплаты штрафаў, паслуг адвакатаў, а таксама аказвае медыцынскую дапамогу былым палітзняволеным). Кампанія дапамагае іншым ініцыятывам даставіць сродкі сем’ям палітзняволеных, якія знаходзяцца ў Беларусі. На сайце BYSOL адкрыты збор на каманду кур’ераў, якія дапамагаюць развозіць сродкі такім людзям.

— У нас няма дэфіцыту людзей, якія хацелі б нам дапамагаць. Мы 2,5 гады працавалі з дапамогай валанцёраў, і нам хацелася б кампенсаваць рызыкі і час, які яны выдаткоўваюць на BY_help. Гэта далёка не заробак, а проста невялічкая кампенсацыя іх выдаткаў і рызыкаў, якія яны бяруць на сябе ў сённяшнім кантэксце.

З нагоды сёмага юбілея ініцыятывы BY_help, мы запыталіся ў яе кіраўніка, чым на яго думку з’яўляецца Дзень Волі для беларусаў:

— Дзень Волі, на маю думку — гэта добрая дата, каб прыгадаць гісторыю дзяржаўнасці. Гэта знакавая дата ў гісторыі незалежнасці Беларусі, аднак сапраўднае значэнне Дня Волі мы зразумеем ужо пасля змены ўлады. За гады свайго кіравання, Лукашэнка не змог прапанаваць ніякай альтэрнатыўнай даты, якая была б такой жа важнай. Дзень Волі ўжо вельмі шырока прыняты беларускім грамадствам. Я ўпэўнены, што гэта будзе такой жа з’явай, як пратэсты 2020, калі мы пабачылі многа людзей, многа бел-чырвона-белых сцягоў… Мяркую, пасля змены ўлады мы можам убачыць такую ж колькасць людзей і на 25 сакавіка.

Агульны збор

BYSOL падтрымлівае вызваленых палітвязняў і іх сем'і, людзей, вымушаных пакінуць краіну, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, а таксама ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам змагацца з беззаконнем у краіне.