Пасля збіцця ў карцары муж Юліі атрымаў І групу інваліднасці і дагэтуль патрабуе рэабілітацыі хрыбетніка. Ім удалося выехаць у Літву з дзецьмі. Іхняя дачка-падлетак вельмі цяжка пераносіць вымушаны ад’езд ды стрэс і мае патрэбу ў платнай псыхалягічнай дапамозе.
Вітаю, мяне клічуць Юлія.
У 2020 годзе мой муж браў удзел у рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты і фармаванні перадвыбарчых штабоў (у тым ліку Святланы Ціханоўскай). Ужо 6 чэрвеня яго арыштавалі паводле загаду КДБ, і неўзабаве ён апынуўся на Акрэсціна.
За адмову даваць ілжывыя паказаньні ў адносінах да яго чынілі пастаянны ціск, катавалі. Пазбаўлялі сну, прагулак і гігіены; у камэры суткамі гарэла асляпляючае святло, а штоноч мужа падымалі на праверку. У карцары яго жорстка збілі – ён атрымаў цяжкія траўмы хрыбетніка, рэбраў, канечнасцяў і галавы. Наступствы тых здзекаў прывялі мужа да І групы інваліднасці, і на боль у спіне ён церпіць дагэтуль.
Калі мужа прывезьлі з ІЧУ на ператрус у кватэру, яму ўдалося ўцячы з-пад варты. Пасля гэтага мы з ім і дзецьмі тэрмінова зехалі з Беларусі ў Літву.
У той сытуацыі, калі сэрца сціскалася ад жаху праз тое, што зрабілі з маім мужам, і ад болю, што давялося кінуць усё роднае, было няпроста пачынаць жыцьцё нанова ў чужым краі. Але найцяжэй вымушаная эміграцыя адбілася на нашай старэйшай дачцэ.
На момант пераезду ёй было 11 гадоў. Мы намагаліся не паказваць, як нам самім страшна, але, відаць, яна ўсё адчувала. Для яе наймацнейшым стрэсам стаў страх за бацькоў, а тое, што яе вырвалі са звыклага асяродздзя ў такім уразлівым узросце, без блізкіх сяброў і школьнага жыцця, толькі пагоршыла стан. Пра тое, як ёй цяжка, мы зразумелі, калі пачаліся нэрвовыя цікі. Спачатку лёгкія, амаль непрыкметныя, якія праходзілі пасля кароткага лячэння ў нэўролага.
Але ўлетку 2025 году ўсё рэзка змянілася. Цікі ўзмацніліся, пачалі даходзіць да прыступаў. Дачка стала раздражняльнай, замкнёнай, у яе парушыўся сон, яна пачала пазбягаць любых стасункаў. У мяне кроўю абліваецца сэрца, калі я бачу ў яе вачах той самы страх, з якім мы калісці ўцякалі з дому.
Дактары мяркуюць, што гэта сындром Турэта. Каб паставіць дакладны дыягназ і пачаць лячэнне, дачцэ неабходнае рэгулярнае псыхалагічнае суправаджэнне – каб стабілізаваць стан і каб сымптомы ня сталі хранічнымі.
Тут, у Літве, дзяржаўная сыстэма аховы здароўя перагружаная – нам могуць прапанаваць сустрэчу з псыхолагам толькі раз на месяц ці паўтары. Для дзіцяці ў такім стане гэтага замала.
Прыватны спэцыяліст можа правесьці працяглую тэрапію на некалькі месяцаў. Але за ўвесь курс выходзіць непад’ёмная для нас сума. Цяпер я адзіная ў сям’і, хто працуе. Да таго ж траўмы мужа не даюць пра сябе забыцца – гэта патрабуе пастаяннай рэабілітацыі хрыбетніка, якая таксама каштуе грошай.
Я трымалася, колькі магла – і фізычна, і душой. Але цяпер у мяне апускаюцца рукі. Я прашу вас ад шчырага сэрца дапамагчы нам. У мяне цепліцца надзея, што я не адна, і мая гісторыя адгукнецца ў вашых сэрцах.
Я хачу палегчыць пакуты мужа і дапамагчы дачцэ адужаць і паправіцца. Каб нашая дзяўчынка зноў магла смяяцца, марыць і жыць без страху і болю – так, як і павінна быць у дзяцінстве.
Дзякуй кожнаму неабыякаваму чалавеку!
Сума збору
€1500
€1250 – курс з 25 сэансаў у прыватнага псыхолага (€50 за сэанс), неабходны для замацавання станоўчых зменаў і фармавання ўстойлівых навыкаў самарэгуляцыі для дачкі.
€250 – лекі і спадарожныя мэдычныя выдаткі для мужа на рэабілітацыю хрыбетніка, якая жыццёва важная праз наступствы катаваньняў і траўмаў, атрыманых у Беларусі.
