Добры дзень, мяне клічуць Жураўлёва Яна. На фота я са сваімі гадаванцамі, якіх не бачыла тры гады, пакуль была ў турме.
Кот без аднаго вока – гэта Пыха. Яго ў чэрвені 2020 года прынеслі мне на працу маленькім кацянём, параненага, у цяжкім стане. Пасля аперацыі па выдаленню вока яму патрэбна была рэабілітацыя, і ён застаўся жыць у мяне.
Кот з двума вачыма – гэта Гашыш. Я падабрала яго даўно, яшчэ калі вучылася ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Ён далёка не адразу меў да мяне давер, мабыць, нацярпеўся ад людзей. Цяпер ён стаў маім неразлучным сябрам, змяніў са мной шмат кватэр і гарадоў. Гэтыя каты – мая сям'я і адказнасць. Я не здолела іх пакінуць, хоць гэта і ўскладніла мне жыццё ў эміграцыі ў Польшчы.
Пакідаць Беларусь мне давялося спешна, бо страшна было пасля вызвалення зноў трапіць за краты. Праз абмежаванасць часу да пераезду я не паспела падрыхтавацца, і амаль раптоўна для сябе апынулася ў чужой краіне без грошай і рэчаў.
Да затрымання я жыла ў Менску, працавала ветэрынарным лекарам. Амаль увесь свой час я прысвячала працы і ў любы час была даступная ўладальнікам маіх пацыентаў. Я вельмі любіла сваю працу.
Тры гады калоніі я атрымала за ўдзел у пратэстах, калі некалькі маіх адміністрацыйных арыштаў запар па артыкуле 23.34* перакваліфікавалі ў крымінальную справу па 342 артыкуле**. Гэта былі страшныя гады, ад якіх я яшчэ не ачуняла.
Я звязваю з гэтым зборам магчымасць хутчэй вярнуцца ў маю прафесію і зноў ратаваць жывёл, кансультаваць іх уладальнікаў. У турме ў мяне не было магчымасці чытаць прафесійную літаратуру, сачыць за развіццём ветэрынарыі, таму давядзецца наганяць вельмі шмат, да таго ж на новай для мяне мове. Акрамя гэтага назапасіліся за тры гады пытанняў са здароўем маіх катоў, і майму старэйшаму кату патрабуецца платнае лячэнне.
Я буду ўдзячная кожнаму, хто зможа хоць крыху мне дапамагчы, каб стаць на ногі!
Жадаю вам усяго найлепшага і добрага здароўя вашым гадаванцам!
*Артыкул 23.34 КоАП РБ – Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
**Артыкул 342 КК РБ – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх.
Сума збору
€3000
€1800 – арэнда жылля на першых 3 месяца
€800 – курсы ветэрынарныя (розныя профілі)
€400 – выдаткі на лячэнне старога ката і корм для катоў