«Калі сын вернецца і будзе супрацоўнічаць, можа быць, яго не пасадзяць». Мама і сын у эміграцыі патрабуюць дапамогі

  • Гісторыя

Якаву і яго маме патрэбна дапамога, каб аплаціць жыллё, ежу і бытавыя выдаткі пасля таго, як мужчыну вывезлі ў Літву з групай палітвязняў, а яго мама была вымушана пакінуць Беларусь, асцерагаючыся арышту.

Пасля пяці з паловай гадоў калоніі па «брэсцкай справе» 11 верасня 2025 года Якава разам з групай палітвязняў вывезлі з Беларусі ў Літву. Але ціск сілавікоў закрануў і яго маму – Таццяну Сцяпанаўну.

«На літоўскім баку мяжы нам сказалі: „Вы вольныя“. Але я апынуўся на волі без рэчаў, без дакументаў і без разумення, што рабіць далей», – распавядае Якаў.

У Вільнюсе яму аказалі базавую падтрымку, але адразу пачаць нармальнае жыццё было немагчыма: Якаў не меў дазволу на працу, ён толькі праходзіў легалізацыю і фактычна жыў на дапамогу, якую атрымаў пасля вызвалення.

Тым часам у Беларусі да яго мамы сталі прыходзіць сілавікі. Паводле слоў Якава, яны задавалі пытанні пра сына, правяралі тэлефон, пыталіся, ці падтрымлівае яна з ім сувязь, і казалі пра магчымую новую крымінальную справу супраць яго.

«Кожны раз, калі яны прыходзілі да мамы і казалі, што супраць мяне могуць завесці крымінальную справу, яны заканчвалі адным і тым жа: калі я прыеду, буду з імі супрацоўнічаць ці падпішу шчырасардэчнае прызнанне, то, можа быць, мяне не пасадзяць», — успамінае экс-палітвязень.

Пазней Таццяну Сцяпанаўну выклікалі на «гутарку» ў РУУС. Потым ёй патэлефанавалі і паведамілі, што збіраюцца прыехаць дадому для агляду і допыту.

«Мы не адзін год пражылі в Беларусі. Ніхто проста так не дапытвае людзей дома. Было прынята рашэнне: мама сабрала заплечнік і экстрана паехала да мяне ў Літву», – кажа Якаў.

У Беларусі ў жанчыны засталіся дом, праца і звыклае жыццё. Зараз Якаў і Таццяна Сцяпанаўна жывуць разам у Вільнюсе ў аднапакаёвай кватэры. Ёй аформілі нацыянальную візу, а Якаў падаў дакументы на гуманітарны ВНЖ (від на жыхарства).

«Спім удваіх у адным пакоі – я на канапе, а мама на матрацы. Да прыезду мамы я неяк спраўляўся, але цяпер нас двое», – кажа Якаў.

Экс-палітвязень толькі нядаўна атрымаў дазвол на працу і зараз шукае магчымасць стабільна зарабляць. Але сям’і трэба перажыць першыя месяцы пасля вымушанага ад’езду маці: аплачваць жыллё, ежу і базавыя бытавыя выдаткі для двух чалавек. Гаворка ідзе пра самае неабходнае: арэнду, харчаванне і бытавыя патрэбы на першы час, пакуль Якаў зможа стабільна працаваць, а яго мама – аформіць дакументы і адаптавацца ў Літве.

Мы просім дапамагчы Якаву і Таццяне Сцяпанаўне перажыць складаны перыяд, каб яны змаглі ўстаць на ногі і нанова будаваць жыццё ў эміграцыі.

Сума збору
€2800

€1800 – арэнда жылля на некалькі месяцаў
€1000 – бытавыя выдаткі пасля пераезду

Сабрана:
€ 5 з 2 800