Пасля таго як у снежні 2025 года мяне выкінулі з Беларусі з групай палітзняволеных, я стараўся наладзіць жыццё нанова. Але ўвесну атрымаў траўму, якая адкінула мяне назад, і цяпер мне патрэбна дапамога.
Мяне завуць Валерый Іванін, я са Століна. У кастрычніку 2024 года мяне арыштавалі за распальванне варожасці і абразу Лукашэнкі. А праз год, у снежні 2025 года, вызвалілі ў складзе «групы 123» палітзняволеных. Праз Украіну і Літву я апынуўся ў Польшчы. Адразу падаў дакументы на міжнародную абарону, бо ўсведамляў: усё трэба будаваць наноў, і ніхто не будзе па галаве гладзіць толькі таму, што я былы «палітычны».
Усё неяк уладкоўвалася, я шукаў падпрацоўкі і чакаў дакументаў. Але на Вялікдзень я ўпаў з ровара і вывіхнуў плячо. Выявілася, што ўправіць яго можна толькі з дапамогай аперацыі. Месяц давялося чакаць чаргі, і ў траўні мяне прааперавалі. Спячатку мая рука была зафіксаваная павязкай, а цяпер пачаўся трохмесячны перыяд рэабілітацыі. Без правай рукі працаваць я не магу, ды і пашкодзіць тое, што яшчэ толькі зрастаецца, вельмі баюся. Дакументы і пашпарт усё яшчэ афармляюцца, і нават калі мне іх выдадуць вось-вось, я ніяк не змагу зарабляць сам, бо літаральна застаўся без рукі.
Цяпер мне вельмі трэба аднавіцца, каб я мог сам зарабляць, але тры месяцы неяк трэба пражыць: аплаціць бальніцу, лекі, праходзіць рэабілітацыю і, галоўнае, — плаціць за жыллё. Я ўпэўнены ў сабе, у сваіх сілах і ніколі не стаў бы прасіць аб дапамозе: і без мяне хапае людзей, якім яна куды больш патрэбная, але бяда ўжо здарылася, і я спадзяюся, што ўсё загоіцца без наступстваў.
Прашу вашай падтрымкі: без грошай і магчымасці працаваць я рызыкую апынуцца на вуліцы, і мне проста няма на каго больш разлічваць.
Сума збору
€3000
€800 — утрыманне ў бальніцы
€400 — рэабілітацыя
€600 — лекі
€1200 — арэнда жылля
