Добры дзень.
Звяртаюся да вас за дапамогай, бо больш разлічваць мне няма на каго. Я збег ад пераследу за студэнцкую актыўнасць у 2020 годзе, але мае бацькі засталіся ў Беларусі пад ціскам сілавікоў праз мае ўцёкі. Зараз іх рэгулярна дапытваюць, спрабуючы атрымаць якую-небудзь інфармацыю пра мяне. Таму я апавядаю сваю гісторыю ананімна і без падрабязнасцяў, каб не наклікаць на іх яшчэ большую бяду.
У 2020 годзе я ўдзельнічаў у мірных пратэстах разам з іншымі студэнтамі, дапамагаў актывістам у сваёй ВНУ, браў удзел у спробе стварэння незалежнага прафсаюза і ў цэлым у жыццядзейнасці студэнцкай рады.
Увосень 2020 года рэпрэсіі ў краіне ўзмацніліся. Былі забаронены прафсаюзы, у тым ліку і наш, студэнцкі. Большасць маіх сяброў і знаёмых патрапілі пад рэпрэсіўны прэс: за палітычную актыўнасць іх саджалі ў турмы, штрафавалі, выключалі з ВНУ. Любы актывізм стаў занадта небяспечны, на нас даносілі выкладчыкі, усюды былі ціхары.
Нейкім цудам тады гэта не кранула мяне. Але ўвосень мінулага гады па недарэчнай выпадковасці мой тэлефон патрапіў у рукі міліцыі. Яны вырашылі прагледзець мой тэлефон і знайшлі сляды чатаў і каналаў, якія лічаць «экстрэмісцкімі». Пасля невялікай гутаркі мне вярнулі тэлефон і настойліва прапанавалі прыйсці праз тры дні ў Следчы камітэт.
Паколькі мяне адразу не затрымалі, я зразумеў, што гэта мой шанец на выратаванне. У мяне не было шэнгенскай візы і, баючыся затрымання, я экстранна выехаў у бязвізавую Грузію. Праз тое, што я не з'явіўся ў Следчы камітэт і перастаў выходзіць на сувязь, праз некалькі дзён прыйшлі з ператрусам да маіх бацькоў па месцы жыхарства. А пазней выклікалі іх на допыт у КДБ, і выклікаюць рэгулярна да гэтага часу.
Увесь гэты час у Грузіі з прычыны адсутнасці перспектыў і магчымасці атрымаць легалізацыю я адчуваў нарастаючы адчай. І вось месяц таму я атрымаў польскую візу, што крыху абнадзеіла мяне. У мяне з'явіўся шанец легалізавацца, знайсці вучобу і працу.
Але адсутнасць сродкаў робіць пераезд у Польшчу для мяне немагчымым. Мая сям'я не можа мне дапамагчы матэрыяльна, бо знаходзіцца ў Беларусі пад пільнай увагай сілавікоў. Таму ў мяне адна надзея, што мая гісторыя не пакіне вас абыякавымі. Сабраныя сродкі дапамогуць мне набыць квіткі да Польшчы і падтрымаюць на перыяд адаптацыі на новым месцы.
Дзякуй, што вы ёсць!
Сума збору
€1800
€1300 – арэнда жылля на першы час
€350 – прадукты і прадметы першай неабходнасці на першы час адаптацыі
€150 – кошт авіябілета да Польшчы