Дарагія сябры!
Сёння мы раскажам пра былога палітвязня, які нядаўна выйшаў з калоніі і звярнуўся да нас па дапамогу. Паколькі мужчына жыве ў Беларусі, у мэтах бяспекі, некаторыя дэталі ягонай гісторыі мы будзем мяняць.
2020 год для сям'і Сяргея быў поўны надзеі на тое, што ў краіне наступяць перамены да лепшага. Сяргей удзельнічаў у мірных пратэстах, аднак ужо восенню 2020 года наймальнік не захацеў падоўжыць кантракт з Сяргеем і сказаў, каб ён «ішоў на плошчу надалей стаяць пад бчб-сцягам». Пасля гэтага сям'я мужчыны апынулася ў складаным фінансавым становішчы, бо Сяргей страціў сталую крыніцу даходу.
Але праз 6 месяцаў сітуацыя змянілася да лепшага: мужчына знайшоў новую працу.
Усё было адносна добра да вясны 2023 года, калі Сяргея затрымалі і адправілі ў ІЧУ да суда. Затым быў суд, які прызнаў мужчыну вінаватым па артыкуле 368 (арт. 368 КК РБ — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) за некалькі падабаек у сацсетках, і прызначыў у якасці пакарання год калоніі.
Праз год мужчына вызваліўся, але больш вольным не стаў.
Праз судзімасць па палітычным артыкуле працу ў сваім горадзе Сяргей знайсці не можа. Па словах мужчыны, усе працадаўцы, калі бачаць адзнаку аб судзімасці і даведваюцца артыкул, адразу адмаўляюць у працы, бо ў дзяржструктурах ёсць указанне «палітычных» не браць, а прыватнікі баяцца звязвацца праз магчымыя праверкі.
Акрамя таго, Сяргей знаходзіцца пад пастаянным кантролем з боку работнікаў міліцыі: ён павінен кожную нядзелю адзначацца ў сваім пастарунку. Таксама да яго дадому часта прыходзяць з праверкамі.
Жонка Сяргея працуе на простай працы і атрымлівае мінімальны заробак, якога ім не стае. Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў пары ёсць дачка з інваліднасцю, якая мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Сям'я знаходзіцца на мяжы фінансавай роспачы, і яны просяць вас аб дапамозе. Ім патрэбны сродкі, каб пратрымацца, пакуль Сяргей шукае працу, і каб закрыць даўгі, якія назапасіліся за час, калі Сяргей быў у калоніі.
Сума збору:
€1500
€500 — крэдыт за тэлефон, які ў яго канфіскавалі; за абслугоўванне крэдытнай карткі, за ўтрыманне ў ІЧУ, за даўгі на перадачы, пакуль Сяргей быў у зняволенні
€1000 — дапамога сям'і Сяргея, пакуль мужчына шукае працу