Дзяўчынцы ўжо зрабілі аперацыю, наперадзе некалькі курсаў хіміятэрапіі. Сям'і патрэбныя грошы на лекі, паездкі на лячэнне ў іншым горадзе і рэабілітацыю.
Мяне клічуць Вікторыя*. Тры з паловай гады таму мы з дзецьмі былі вымушаны з'ехаць з Беларусі і пачаць нанова жыццё за мяжой. Прычына ў тым, што я працавала ў дзяржструктуры, але пасля 2020 года перастала падыходзіць ім па поглядах. Тады мяне «папрасілі» звольніцца і больш на працу ніхто не браў.
Цяпер мы жывём у Гішпаніі. Я адна выхоўваю дваіх дзяцей. Афіцыйнай працы пакуль няма, знаходзіла розныя падпрацоўкі, старалася дапамагаць іншым і ўдзельнічаць у валанцёрскіх ініцыятывах. Раней я давала рады з усімі справамі, але два месяцы таму здарылася гора.
У малодшай дачкі на левым перадплеччы ўтварылася пухліна, я забіла трывогу. Аказалася, што ў яе цяжкае анкалагічнае захворванне – саркома мяккіх тканін. Цяпер мы змагаемся за яе жыццё.
Лячэнне праходзіць у суседнім горадзе, туды мы ездзім на аўтобусе. Ёй ужо выдалілі пухліну (яна была вялікая, каля 11 см дыяметрам). А потым выйшла так, што трэба было рабіць аперацыю зноў і выдаляць мяккія тканіны, якія былі вакол пухліны. Апошняя аперацыя доўжылася больш за шэсць гадзін, дачку раскрамсалі поўнасцю. А зараз на чарзе працяглая хіміятэрапія.
Усё гэта вялізны стрэс для нашай сям'і. Самае страшнае для маці – бачыць, як дзіця праходзіць праз боль і нявызначанасць, і разумець, што вынік шмат у чым залежыць ад своечасовага лячэння.
Я раблю ўсё магчымае, каб забясьпечыць дачцэ мэдычную дапамогу, але маіх сілаў недастаткова. Я прывыкла дапамагаць іншым, але сёння вымушана прасіць дапамогі сама. Калі ў вас ёсць магчымасць падтрымаць нас, калі ласка, зрабіце гэта. Нават невялікі ўнёсак можа стаць часткай вялікай дапамогі і наблізіць маю дачку да выратавання.
Ваша падтрымка – гэта шанец захаваць здароўе маёй дачкі і даць ёй магчымасць жыць паўнавартасным жыццём.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя гераіні. Малюнак згенераваны з дапамогай ШІ.
Сума збору
€4500
€2500 – лекі
€1000 – трансфер, пражыванне, харчаванне падчас курсаў хіміятэрапіі ў іншым горадзе
€500 – выдаткі на псіхолага для абедзвюх дачок
