Дапамога сям'і грамадзянскіх актывістаў ўладкавацца ў новай краіне

  • Гісторыя

Добры дзень!
Маё імя Алег Корбан.

У юнацтве я быў удзельнікам «Маладога фронту», пазней – намеснікам старшыні менскай філіі АГП, старшынёй менскай філіі «Маладых дэмакратаў». На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года кіраваў выбарчым штабам па Менску кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. У апошнія гады я ўзначальваў грамадскую ініцыятыву «Альтэрнатыва».

За гэтыя гады я шмат разоў падвяргаўся пераследу з боку беларускіх уладаў. Праз актыўную грамадзянскую пазіцыю мяне двойчы звальнялі з працы, выключылі з ВНУ, і 12 разоў з 2006 па 2020 год адпраўлялі на адміністрацыйныя арышты. У тым ліку за ўдзел у акцыі пратэсту пасля выбараў 2010 года.

У 2020 годзе мы з жонкай былі на маршах разам з іншымі людзьмі, якія імкнуліся да свабоднай дэмакратычнай Беларусі. За ўдзел у пратэстах у кастрычніку 2020 года мяне арыштавалі і адправілі ў СІЗА №1 на 6 месяцаў, дзе рэгулярна дапытвалі і пагражалі. Маю жонку Вольгу таксама пачалі выклікаць на допыты. Пагражалі, што арыштуюць па 342 артыкуле (арт. 342 КК РБ – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), а таксама прызнаюць нашу сям'ю сацыяльна небяспечнай і забяруць дачку ў прытулак. Тады ёй было крыху больш за два гады і жах ад думкі, што яны ажыццявяць пагрозы, вымусіў нас прыняць рашэнне з'ехаць з Беларусі. У адзін момант мы сабралі рэчы і з’ехалі праз бязвізавыя краіны ў Эўропу.

Ужо паўтары гады мы жывём у лагеры для бежанцаў у Бельгіі. У цэнтры размяшчэння бежанцаў дастаткова цяжкія ўмовы для пражывання: на сям'ю разлічаны 1 невялікі пакой (3x5м), без кухні, тут нават забаронена карыстацца чайнікам. Душ і прыбіральня знаходзяцца на першым паверсе. Харчаванне прадстаўляецца ў агульнай сталовай 3 разы на дзень, аднак для дзяцей яно не падыходзіць. Год таму ў нас нарадзілася тут ужо ў эміграцыі другая дачка. Цяпер яна з'яўляецца асобай без грамадзянства, у яе няма беларускага пашпарта і аформіць яго, па вядомых прычынах, не ўяўляецца магчымым. І ўмовы нашага пражывання ў лагеры з немаўляткам яшчэ больш ускладніліся.

Пакуль ідзе працэс разгляду прашэння аб атрыманні міжнароднай абароны, грашовая дапамога тут не выплочваецца. Я знайшоў невялікую падпрацоўку, але яе хапае толькі на базавыя патрэбы. Да таго ж, за пражыванне ў цэнтры прыёму бежанцаў сталі выдаткаваць каля 30% ад заробку. Вырашыць складанасці, з якімі мы сутыкнуліся, без дадатковых сродкаў, без вашай дапамогі ў нас не атрымаецца.

Каб вырашыць жыллёвае пытанне, нам трэба аплаціць паслугі адваката. Патрэбны яго кансультацыі ў атрыманні сацыяльнага жылля і садзейнічанне ў вядзенні нашага запыту аб атрыманні прытулку. Бясплатны адвакат, прадстаўлены дзяржавай, вельмі слаба матываваны і практычна нам не дапамагае. Таксама нас чакае аплата паслуг натарыуса і перакладу дакументаў для перарэгістрацыі сям'і ў Беларусі, каб выпісацца з кватэры.

Старэйшай дачцы трэба палепшыць здароўе. Нам не хапае сродкаў, каб аплаціць тэрміновае лячэнне ў стаматолага, працу з лагапедам. Акрамя таго, дома ў Мінску ў нас засталіся 2 сабакі. Іх даглядаюць нашы знаёмыя, і мы гэтым людзям бясконца ўдзячныя. Але сваіх сабак мы мусім забяспечыць харчаваннем самі. А на гэта таксама пакуль што дадатковых грошай няма.

Для сацыялізацыі і вырашэння многіх пытанняў нам з жонкай не хапае нідэрландскай мовы, і аплату курсаў мы пакуль таксама ня можам сабе дазволіць.

Я да апошняга змагаўся за свабодную і дэмакратычную Беларусь. А зараз змагаюся за выжыванне маёй сям'і.
Ад шчырага сэрца прашу нам дапамагчы!

Сума збору

€4500

€2000 – лячэнне старэйшай дачкі ў стаматолага (уключаючы рэнтген, тэрміновы прыём і далейшае лячэнне)
€800 – рэчы для дзяцей, дзіцячы вазок для малодшай дачкі і вазок для ровара, каб вазіць дачку з сабой
€800 – пачатковыя курсы нідэрландскай мовы
€500 – аплата паслуг юрыста і натарыуса (некалькі кансультацый)
€200 – паслугі лагапеда для старэйшай дачкі
€200 – набыццё корму для сабак

:
€ 4 570
Збор завершаны. Сабрана: € 4 570