Марына, удзельніца Маршу пенсіянераў у Мeнску: патрэбна дапамога для аднаўлення здароўя і адаптацыі

  • Гісторыя

Мяне завуць Марына. Я пенсіянерка з Менска.

У лістападзе 2020 года я выйшла на Марш пенсіянераў у Менску, поўная надзеі на перамены. Перамены здарыліся, але крыху не тыя, што я чакала: мяне затрымалі. Два дні я правяла на Акрэсціна, а потым яшчэ 13 сутак у Баранавіцкай турме. Мне складана было паверыць, што за ўдзел у мірным пратэсце чалавек майго ўзросту можа апынуцца за кратамі. Але гэта адбылося.

З таго часу мінула 3 гады, і ўсё стала яшчэ горш. У лістападзе 2023 года мяне зноў выклікалі ў КДБ – на гэты раз за данаты на дапамогу ахвярам рэпрэсій, якія я адпраўляла ў 2020 годзе. Таксама чалавек у пагонах паказаў мне фотаздымкі з пратэстаў, дзе была я, і зноў адправіў на суткі. На гэты раз – 14 сутак на Акрэсціна. А пасля таго, як я выйшла на волю, супраць мяне распачалі крымінальную справу. Мне пагражала да 5 гадоў пазбаўлення волі. Я зразумела, што заставацца ў Беларусі небяспечна і была вымушана з'ехаць у Літву.

Тут, у Вільні, я сутыкнулася з новымі цяжкасцямі. Справа ў тым, што ў мяне ёсць праблемы са здароўем: запаленне галёнкаступнёвага сустава, расцяжэнне ахілава сухажылля, пятачная шпора і артроз 3 ступені тазасцегнавога сустава. А яшчэ гіпертанія 2 ступені і ішэмічная хвароба сэрца. З такім букетам, плюс узрост, знайсці працу ў Літве складана. Але я не губляю надзеі і кожны дзень стараюся нешта рабіць: хаджу на курсы літоўскай, займаюся здароўем, шукаю спосабы адаптавацца да новага жыцця.

Першыя месяцы ў чужой краіне былі асабліва цяжкія. Я часта адчувала сябе згубленай і самотнай, але з часам стала лягчэй. Цяпер я ўжо адчуваю, што раблюся мацнейшай, хоць да поўнай адаптацыі яшчэ далёка. І мне патрэбна ваша дапамога.

Бліжэйшыя некалькі месяцаў – вырашальныя ў маім жыцці. Мне трэба вылечыць нагу, вывучыць літоўскую, знайсці працу і зноў стаць самастойнай. А пакуль я вырашаю ўсе гэтыя задачы, фонам, трэба аплочваць арэнду.

Я прашу вас аб падтрымцы, бо сама магу не даць рады. Без вас у мяне няма іншых варыянтаў. Дапамажыце аднавіць здароўе, і тады я змагу стаяць на сваіх нагах не толькі фізічна, але і маральна.

Дзякуй вам ад усёй душы! Я веру ў лепшую будучыню і абяцаю не здавацца.
Марына Сусліна, пенсіянерка.

Сума збору

€4500

€2000 – жыллё на 4 месяцы, пакуль я вырашаю праблемы,
€1000 – кошт усіх медыцынскіх выдаткаў для лячэння: аналізы, кансультацыі, лекі,
€500 – курсы літоўскай,
€500 – гадавая страхоўка для пакрыцця медыцынскіх выдаткаў пасля атрымання ДНЖ,
€500 – непрадбачаныя выдаткі.

:
€ 4 510
Збор завершаны. Сабрана: € 4 510