Журналістка працавала ў Беларусі да апошняга і з’ехала праз размову ў КДБ — ёй трэба дапамога, каб працягнуць дзейнасць

  • Гісторыя

Мяне завуць Ксенія Чындарава, я журналістка. Мая грамадзянская пазіцыя сфармавалася задоўга да 2020 года. Я актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах і акцыях у Гомелі, як палітычных, так і культурніцкіх. Як магла, папулярызавала беларускасць у сваім горадзе. Напрыклад, калі яшчэ працавала ў выдавецтве, усе нашыя сацсеткі і рэклама былі выключна на беларускай мове. Як і віншаванні са святамі для партнёраў. Таксама ладзіла беларускамоўныя квізы, праводзіла тэматычныя інтэлектуальныя гульні разам з «Мова Нанова Гомель» і не толькі.

Памятаю, якім глыбокім шокам колісь для мяне стаў 2010 год. Былі незалежныя кандыдаты, былі прастэсты, але надзеі не адчувалася, бо большасць нават не ведала, што ў краіне змрочныя часы. Але 2020 год упершыню за вялікі час даў надзею. Ён выправіў уражанне пра беларусаў, паказаў, што мы годная нацыя, што багата ў краіне цудоўных людзей, а значыцца, раней ці пазней мы дачакаемся перамен.
 
Калі пратэсты заціхлі, я працягвала жыць у Гомелі. На 2022 год амаль усе гомельскія журналісты альбо з’ехалі за мяжу, альбо былі пазбаўлены волі. А мае допісы ў сацсетках неаднойчы станавіліся падставай для артыкулаў. Таму мне прапанавала супрацоўніцтва рэгіянальнае СМІ «Штодзень». У 2023 годзе, калі рэсурс прызналі экстрэмісцкім, я працягвала працаваць. Чаму? У мяне не было магчымасці спыніць самалёты, што ляцелі праз Гомель бамбардзіраваць Украіну, я не магла зрабіць нічога, каб палітзняволеныя выйшлі на волю. Мабыць, адзінае, што заставалася – пісаць артыкулы.

Праблемы пачаліся з восені 2024 года. Спачатку давялося наведаць аддзел па кібербяспецы ў міліцыі. Мне сказалі, што мой тэлефон нібыта рассылае фішынгавыя спасылкі, трэба спраўдзіць, што да чаго. Па выніку нічога не знайшлі. Толькі цяпер разумею, што сілавікам трэба было пацвержанне, што здымкі з нашага парталу зроблены маёй прыладай.

Мяне затрымалі ў студзені гэтага года на польскай мяжы. Выклікалі на агляд, праверылі тэлефон і знайшлі нейкія лайкі. Але мне пашанцавала: трапіліся выключна адэкватныя супрацоўнікі, звярталіся ветліва і выключна на «вы». Праз некалькі дзён у ізалятары быў суд. Нагадвала канвеер. Мужчына са стомленым тварам механічна зачытваў адныя і тыя ж фармуліроўкі, бо аналагічных спраў багата. Прысудзілі штраф, які аплаціла.

Спачатку склалася ўражанне, што затрымалі выпадкова. Але я адразу вырашыла, што з адміністратыўным артыкулам заставацца ў Беларусі небяспечна. Вырашыла з’ехаць, але планава, каб закрыць усе справы. Праўда, прыйшлося рабіць усё інакш, бо праз некалькі тыдняў на размову «запрасіла» КДБ. Пагражалі зняволеннем, расправай над роднымі – тут усё стандартна. Выйшла адтуль ў стане глыбокага шоку. Зразумела, што трэба з’язджаць неадкладна.

За мяжой спатрэбілася пару тыдняў, каб вярнуліся апетыт і сон і збольшага знікла паранойя. Хаця на незнаёмыя машыны пад вокнамі ці званкі з незнаёмага нумара ўсё роўна пакуль рэагую трохі нервова. Як заўзятая вандроўніца, маю звычку хутка адаптавацца да змены рэалій, таму пакуль праблем з адаптацыяй не адчуваю (мо яшчэ мала часу прайшло). Чым глабальна буду займацца, пакуль пытанне адкрытае, але журналістыка ў тым ці іншым выпадку ў маім жыцці застанецца.

У мяне ёсць ашчадженні на першыя часы, але пра ад’ездзе брала з сабой мінімум рэчаў. Таму пакінула дома ўсю тэхніку, а без ноўтбука працаваць проста немагчыма. Буду ўдзячна, калі дапаможаце вырашыць гэтую праблему і як мага хутчэй вярнуцца ў прафесію.

Сума збора

€1500 – набыццё ноўтбука

Сабрана:
€ 110 з 1 500