«Вы – наша апошняя надзея, – піша беларуска ў сваім звароце на адкрыццё збору. – Мае бацькі не ў курсе маіх праблем, і гэта можа стаць для іх ударам – і псіхалагічна, і па іх здароўі».
Крысціна* працавала ў медыя, калі пачаліся выбары 2020 года. Дзяўчына адразу далучылася да валанцёрскага руху і стала дапамагаць тым, хто патрапіў на Акрэсціна і ў іншыя «кутузкі», куды звозілі і катавалі ўдзельнікаў пратэстаў у Менску.
«Мы збіралі дапамогу палітвязням, арганізоўвалі ланцугі салідарнасці, пісалі графіці, вывешвалі сцягі на дамах у адным з раёнаў Менска, – узгадвае Крысціна. – З 2020 па 2022 год мяне і мужа затрымлівалі тройчы. І хаця абышлося адміністрацыйнымі арыштамі, падчас апошняга нам з мужам далі зразумець, што з наступнай «адміністратыўкі» пачнецца «карусель»: калі «содні» працягваюцца, а тым часам збіраюцца матэрыялы на крымінальную справу».
Пасля чарговых «содняў» у 2022 годзе Крысціна з мужам вырашылі пакінуць Беларусь, бо ведалі: калі заставацца ў краіне, крымінальная справа і турма – гэта найбольш верагоднае развіццё падзей.
Па словах дзяўчыны, праз дзевяць месяцаў пасля ад'езду, «усіх іх блізкіх сяброў з актыву раёна затрымалі, а на яе завялі дзве крымінальныя справы». Ужо за мяжой, на фоне перажытых падзей, Крысціна страціла дзіця на чацвёртым месяцы цяжарнасці.
Каб лягчэй перажыць гора, дзяўчына не пакінула валанцёрскую працу, і пасля пераезду ў Польшчу займалася дапамогай палітзняволеным. З валанцёрамі польскага фонду дапамогі Украіне ў якасці вадзіцеля пераганяла аўтамабілі для ВСУ і беларускіх добраахвотнікаў з палка ім. Кастуся Каліноўскага.
Большую частку часу сям'я трымалася на заробку мужа, а ў снежні 2024 года ў Крысціны дыягнаставалі злаякасны наватвор малочнай залозы II стадыі з паразай рэгіянальных лімфавузлоў. «Са студзеня 2025 года я прайшла курс агрэсіўнай хіміятэрапіі, – дзеліцца Крысціна. – У чэрвені была зроблена аперацыя з выдаленнем пухліны і лімфавузлоў, затым – рэабілітацыя праз лімфатычны «шнур»».
Цяпер беларуска праходзіць прамянёвую тэрапію. Пасля яе будзе таргетная і гармонатэрапія.
«Мы цягнулі самі: абследаванні, лекі, харчаванне паміж «хіміямі», – падкрэслівае Крысціна. – Але рэзерв вычарпаўся. Даводзіцца эканоміць нават на сродках ад пабочных эфектаў».
Беларуска просіць дапамагчы ёй закрыць базавыя патрэбы на перыяд бягучага лячэння.
«Мы зараз знаходзімся на мяжы ад гэтай пастаяннай барацьбы і пошуку сродкаў. Даводзіцца эканоміць на леках ад пабочных эфектаў маёй тэрапіі, каб хапала хаця б на жыццё, – хутчэй, нават на існаванне з пастаянным болем і страхам, што будзе заўтра Вы – наша апошняя надзея».
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя гераіні. Малюнак згенераваны з дапамогай ШІ.
Сума збору
€3000
€1500 – арэнда жылля на час курсу
€700 – неабходныя лекі, крэмы ад апёкаў і іншых пабочных эфектаў
€600 – платныя абследаванні (па НФЗ чакаць занадта доўга), пераклады аналізаў
€200 – харчаванне і базавыя выдаткі на аднаўленне