Кірыл і Караліна з'ехалі з Беларусі ў Літву, калі мужчыну прысудзілі чатыры гады «хіміі з накіраваннем» па «справе Гаюна». У Караліны рассеяны склероз, і пражыць без мужа гэты тэрмін яна б не змагла па стане здароўя. Сужэнцы просяць дапамогі, пакуль не змогуць самастойна працаваць.
Мы – Кірыл і Караліна з Маладзечна. Мы спакойна жылі і будавалі сваю будучыню, як умелі. Думалі, што наперадзе нармальнае жыццё і магчымасць клапаціцца адно пра аднаго. Але вельмі хутка ўсё змянілася.
У Караліны рассеяны склероз. Гэта хранічнае захворванне нервовай сістэмы, якое паступова абмяжоўвае рух, выклікае слабасць, болі і моцную стамляльнасць. У 2021 годзе жонцы была прысвоена трэцяя група інваліднасці. Хвароба патрабуе пастаяннага назірання і рэгулярнага лячэння, без якога стан можа пагаршацца.
«Да арышту я працаваў і цалкам забяспечваў нашу сям'ю, а Караліна па меры сіл займалася сваёй прафесіяй – яна майстар манікюру і педыкюру, – дзеліцца Кірыл. – Гэта праца дапамагала ёй падтрымліваць актыўнасць і стан рук. Мы стараліся жыць спакойна і спраўляцца з хваробай разам».
У 2022 годзе Кірыл адправіў паведамленне ў чат-бот «Беларускі Гаюн» пра перамяшчэнне ваеннай тэхнікі. Пазней менавіта гэта стала павадам для крымінальнай справы.
26 сакавіка 2025 года мы афіцыйна сталі мужам і жонкай, а 6 мая 2025 года мяне затрымалі сілавікі. 27 кастрычніка вынеслі прысуд: чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Апеляцыя нічога не змяніла.
«Калі Кірыла забралі, я засталася адна, і за паўгода мой стан толькі пагоршыўся, – дзеліцца Караліна. – Бо стрэс напрамую ўплывае на ход хваробы: узмацніліся болі, стала складаней перасоўвацца, хутчэй наступала стомленасць».
Пасля няўдалай апеляцыі сужэнцы вырашылі з'ехаць з Беларусі, пакуль была магчымасць. Зараз яны ўжо некалькі месяцаў у Літве: падалі дакументы на прытулак і чакаюць рашэння. Пакуль іх зварот разглядаюць, няма магчымасці афіцыйна працаваць. Ужо пасля ад'езду з Беларусі Кірыла двойчы ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».
«Самае важнае для мяне зараз – патрапіць да лекара тут і працягнуць тэрапію, – падкрэслівае Караліна. – Праз два месяцы мне неабходна праходзіць наступны курс лячэння».
Найбліжэйшым часам дзяўчына ідзе на прыём да лекара ў Літве, каб пацвердзіць дыягназ і вызначыць далейшае лячэнне. Беларускія медыцынскія дакументы трэба будзе правяраць, таму, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца дадатковае абследаванне. Сур'ёзнай праблемай стала арэнда жылля. Мы здымаем кватэру і абавязаны штомесяц аплачваць арэнду і камунальныя паслугі. Пакуль у нас няма права на працу, у нас няма і стабільнага доходу.
Мы просім дапамогі, бо зараз апынуліся ў сітуацыі, калі без падтрымкі можам страціць магчымасць лячыцца і застацца без жылля. Але самае важнае для нас — захаваць здароўе Караліны і проста пачаць жыццё нанова без страху.
Сума збору
€3700
€500 – першасны прыём у лекара і медыцынскія абследаванні
€1300 – працяг лячэння і наступны курс тэрапіі
€1100 – купля неабходных лекаў
€800 – дапамога з арэндай жылля на 2 месяцы
