Беларусу ў Вільні, які выратаваўся ад калоніі, патрэбна дапамога з жыллём на першы час

  • Гісторыя

Прывітанне. 
Мяне клічуць Кірыл.

Да арышту я жыў у Менску і працаваў у дзяржаўных арганізацыях, дзе мае палітычныя і чалавечыя погляды не знаходзілі падтрымкі. Актывістам я не быў, але заўжды душа балела за тое, што адбываецца ў нашай краіне. Я вельмі хацеў, каб нешта нарэшце змянілася. Таму цяжка было ўтрымацца ад каментароў у сацсетках, назіраючы з аднаго боку ўздым грамадства, а з іншага – гвалт і беззаконне ў дачыненні мірных грамадзян. Канешне, я стараўся нікога ў каментарах не абражаць, але адзін мой дзёрзкі каментар усё ж такі заўважылі.

Праз два гады пасля таго каментара, на які я ўжо і думаць забыўся, да мяне ўварваліся ў кватэру супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў амуніцыі і павезлі на допыт. Пакуль везлі, білі нагамі ў аўтазаку ў твар, ўжывалі электрашокер. Даведаўшыся, што ў мяне эпілепсія, сталі біць менш. На допыце ўвогуле не білі, але спрабавалі мяне прымусіць падпісаць нават тое, чаго я не рабіў.

Я правёў тры месяцы ў жодзінскай турме, і пасля суд даў мне два гады «хатняй хіміі»*. Я нават узрадаваўся спачатку, што па вуліцы прайдуся, але радасць мая хутка скончылася.

Пасля вызвалення я мусіў стаць на ўлік у міліцыі і кожны панядзелак прыходзіць для адзнакі, а кожны чацвер трэба было наведваць лекцыі па сацыяльных тэмах. Мне далі тры тыдні, каб уладкавацца на працу, і мне на шчасце пашанцавала знайсці месца ў прыватнай фірме. Бо звычайна людзей з палітычнымі артыкуламі нікуды на працу не бяруць.

На «хатняй хіміі» ў мяне быў жорсткі графік: я не мог заходзіць у крамы і павінен быў быць дома ў пэўны час. Гэта вельмі ўскладняла маё жыццё і трымала ў пастаянным напружанні. Мая эпілепсія не дае мне хутка ўскочыць і дабегчы да дзвярэй, таму нечаканыя праверкі ноччу былі таксама свайго роду катаваннем – не паспееш хутка адчыніць дзверы, запішуць як парушэнне рэжыму.

Аднойчы, калі я прыйшоў чарговы раз у інспекцыю, у мяне праверылі тэлефон і выпадкова знайшлі маю перапіску са сваячкай з Украіны, дзе я выказваў ёй падтрымку і асуджаў вайну. Гэта раз'юшыла аднаго з інспектараў. Ён крычаў, што я змагар, русафоб і ўвогуле не чалавек. Мне проста пагражалі, што я паеду ў калонію. Я зразумеў, што ім нічога не варта ажыццявіць свае пагрозы і вырашыў уцякаць.

Цяпер я ўжо ў бяспецы ў Літве, мяне на час прытулілі людзі. Як сумленны чалавек я не хачу быць ім нахлебнікам, але адсутнасць грошай і працы вымушае мяне пакуль злоўжываць іх гасціннасцю. Я страціў усё, што ў мяне было ў Беларусі цалкам, акрамя веры ў людзей, таму і вырашыўся звярнуцца па дапамогу.

Я прашу фінансавай падтрымкі, каб арэндаваць кватэру ці пакой у Вільні на першы час. У першую чаргу планую знайсці працу, і надалей мець магчымасць дапамагаць такім жа вымушаным эмігрантам як я.

Дзякуй вялікі кожнаму за дапамогу!

*«Хатняя хімія» – гэта від пакарання, калі асуджаны застаецца на волі, але з абмежаваннямі. У асуджанага ёсць графік як для працы, так і для асабістых спраў, у тым ліку паход у краму або выкідванне смецця. З праверкай міліцыянеры могуць прыходзіць кожны дзень і ў любы час.
Заўвага BYSOL

Сума збору

€2000

€1300 – арэнда жылля на тры месяцы
€700 – харчаванне і рэчы першай неабходнасці на першы час

Сабрана:
€ 1 331 з 2 000