Дапамога ў лячэнні і рэабілітацыі палітычнага ўцекача з Беларусі

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Ваня, мне 18 гадоў. Але ўжо ў 15 гадоў я быў дастаткова самастойным: жыў асобна ад бацькоў, вучыўся ў ліцэі. Тры гады таму, калі мне было 15 гадоў, мяне хацелі пасадзіць у турму за тое, што я быў супраць рэжыму Лукашэнкі. Цяпер я – палітычны ўцякач з Беларусі. Мне цудам удалося пазбегнуць турмы і з'ехаць у Польшчу. Там я сустрэў выдатную сям'ю, якая ўзяла нада мной апеку і стала маёй падтрымкай у чужой краіне.

Гэтыя людзі самі палітычныя ўцекачы, таму разумелі мяне і сталі маёй апорай у чужой краіне. Яны стараліся рабіць усё, каб я і іх роднае дзіця ніколі не пазналі нягоды жыцця бежанцаў на эміграцыі. Чалавека, які ўзяў нада мною апеку, завуць Іван. Ягоная сям'я стала і маёй сям'ёй, якой у мяне па сутнасці даўно ўжо не было.

Іван замяніў мне бацьку! Я раней не сустракаў такога дзіўнага чалавека. Было так шмат бязвыхадных, на мой погляд, сітуацый, з якіх ён заўсёды знаходзіў выйсце. Ён шмат працаваў. Я бачыў, як яму цяжка. Але ён выгляду не падаваў і першым прыходзіў на дапамогу тым, каму цяжэй, чым яму самому.

Мусіць, Іван зашмат браў на сябе. Мой найлепшы сябар і чалавек, які замяніў мне бацьку, апынуўся ў бядзе. Ён захварэў на цяжкую псіхіятрычную хваробу. Я не магу ў мэтах канфідэнцыяльнасці расказаць падрабязна пра дыягназ. Але праз гэтую хваробу ён не можа працаваць і не можа быць з намі.
(BYSOL мае ўсе пацвярджальныя медыцынскія дакументы)

Лекары кажуць, што каб Івану акрыяў, патрэбна псіхатэрапеўтычнае лячэнне і доўгая тэрапія і рэабілітацыя. Цэлы месяц ён ляжаў у шпіталі, але яму там змаглі аказаць толькі базавую дапамогу. Віной усяму моўны бар'ер. Таму бясплатная польская псіхатэрапія яму не пасуе. Акрамя медыкаментаў, якія яму прызначылі, асноўным лячэннем з'яўляецца псіхалагічная дапамога. І яе трэба аказваць на роднай мове пацыента.

Грошы, якія я хачу сабраць, пойдуць на лячэнне, рэабілітацыю і падтрымку Івана. Сума разлічана на шэсць месяцаў. Гэта не поўны курс рэабілітацыі ў ягоным стане, але далей я буду даваць рады сам. Іван вучыў мяне ніколі не здавацца. Вось я і не здаюся. Пакуль Іван хварэе, ён не можа працаваць. Я ўладкаваўся на падпрацоўку, але для аплаты ўсіх побытавых выдаткаў, лячэння і рэабілітацыі маіх заробкаў недастаткова. Веру, што выйсце ёсць, і таму прашу ў вас дапамогі.

Я буду ўдзячны за кожны еўра, бо гэтыя грошы дапамогуць выратаваць майго сябра, чалавека, якому я шмат чым абавязаны.

Сума збору

€2050

€1200 – аплата тэрапіі на 6 месяцаў
€350 – аплата паслуг псіхатэрапеўта (першасны прыём і плюс яшчэ 4 на працягу паўгода)
€400 – медыкаменты на 6 месяцаў
€100 – транспартныя і побытавыя выдаткі

:
€ 2 224
Збор завершаны. Сабрана: € 2 224