Беларускі добраахвотнік «Енот», служачы інструктарам тактычнай падрыхтоўкі ў складзе ВСУ, рыхтуе навабранцаў да рэальнага бою. Збор – на генератар, зарадную станцыю і абаграванне для заняткаў у холадзе і без электрычнасці.
Усім прывітанне. Мяне клічуць Енот – я беларускі добраахвотнік.
У пачатку 2021 года я з'ехаў у Англію з прычыны пераследу ў Беларусі за актывістскую дзейнасць. У 2022 годзе я мог бы спакойна жыць і працаваць там далей, але я прыняў іншае рашэнне – паехаў ва Украіну і ўступіў у Полк Кастуся Каліноўскага.
У тым жа годзе я атрымаў раненне і пасля аднаўлення стаў інструктарам. Падчас службы я прайшоў праз розныя падраздзяленні, назапасіў вялікі баявы і вучэбны досвед. Цяпер я служу ў 63-й асобнай механізаванай брыгадзе, у складзе 3-го вайсковага корпуса, і працую інструктарам тактычнай падрыхтоўкі.
Мая задача – падрыхтаваць навабранцаў да рэальнага бою: тактычная медыцына, асабістая бяспека, паводзіны пад агнём, дзеянні ў групе. Гэта такія веды, каторыя наўпрост ратуюць жыцці – і тых, хто праходзіць навучанне, і іх пабрацімаў на фронце.
Заняткі часта праходзяць у бліндажах, ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых. Цяпер моцныя маразы, электрычнасці няма, пра нейкія камфортныя ўмовы гаворкі не ідзе. Але нават у такіх абставінах можна і трэба ствараць базавыя ўмовы для навучаньня.
Я прашу дапамогі не для сябе, а для ўсіх байцоў, якія будуць праходзіць падрыхтоўку ў нас і надалей працягнуць барацьбу. Нам неабходна набыць абсталяванне для працы ў холадзе і без электрычнасці. Гэта напрамую паўплывае на якасць падрыхтоўкі і захаванасць людзей.
Буду ўдзячны кожнаму, хто падтрымае.
Жыве Беларусь! Слава Украіне!
Сума збору
€1915
€950 – партатыўная зарадная станцыя
€730 – бензінавы генератар
€235 – цеплавыя гарматы (2 шт)
