Новае жыццё для Пастновай Іны

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Пастнова Іна. Я мама траіх дзяцей і бабуля двух унукаў.

У жніўні мінулага года мяне затрымалі па даносе з-за майго манікюру, які быў аформлены ў бел-чырвона-белых колерах. Мяне адвялі ў пакой для допытаў і паспрабавалі запісаць пакаяльнае відэа. Але я адвярнулася да сцяны і адказвала, што я не хачу, каб мяне здымалі.

Пасля гэтага мяне прывезлі дадому. Быў ператрус. Канфіскавалі БЧБ сцяг з гербам «Пагоня», сцяг Украіны (мой муж грамадзянін гэтай краіны), усе дакументы і ноўтбук мужа. Знайшлі мноства матэрыялаў, якія даказвалі наш удзел у маршах у 2020 годзе і праўкраінскую пазіцыю ў вайне Расеі супраць Украіны. Зноў допыт.

Пасля мяне павезлі ў РАУС, судзілі і далі вялізны штраф. А мужа адправілі ў ІЧУ на 5 месяцаў. У студзені 2024 года яго таемна дэпартавалі ўва Ўкраіну, і цяпер ён служыць ува ЎСУ. Старэйшыя дзеці таксама з'ехалі з краіны.

Па тэлевізары пра нашую сям'ю зрабілі рэпартаж, дзе паказалі і ператрус у нашай кватэры, і спробу запісаць са мной пакаяльнае відэа. А яшчэ класная кіраўніца малодшага сына дала інтэрв'ю і абгаварыла дзіця. Яна сказіла рэальны інцыдэнт, які здарыўся за год да гэтага — тады дырэктарка школы прасіла ў нас прабачэння за тое, што педагогі павялі сябе некарэктна. Такая «слава» балюча ўдарыла па стане дзіцяці, якое давярала сваёй настаўніцы.

Пасля ўсіх прыгод мы з малодшым сынам таксама з'ехалі. Спачатку ў Грузію, а цяпер наш шлях ляжыць у Нямеччыну. Там мы падалі дакументы на абарону, і я спадзяюся, што атрымаецца ўладкавацца на працу.

Але без вас будзе цяжка. Я спаліла ўсе нашыя рэсурсы, калі змагалася за мужа, каб выцягнуць яго з турмы і дамагчыся экстрадыцыі. Ды і цяпер яму патрэбная падтрымка. А мы з сынам маем патрэбу ў дапамозе, каб аплаціць квіткі з Грузіі ў Нямеччыну і на самыя неабходныя патрэбы на першы час: простае жыллё, прадметы побыту, аплата дзяржмытаў і паслуг перакладнікаў падчас афармлення дакументаў.

Дзякуй вам!

Сума збору

€4500

€1200 – квіткі на самалёт для мяне і сына з Грузіі ў Нямеччыну + аплата багажу. У Грузіі мы пражылі каля года і за гэты час абраслі рэчамі, якія будзем браць з сабой.
€2000 – арэнда кватэры на 2 месяцы. Нам патрэбны гэты час, каб уладкавацца і адаптавацца на новым месцы.
€500 – аплата дзяржмытаў і паслуг перакладнікаў падчас афармлення дакументаў. Страхоўка.
€800 – сродкі на самае неабходнае на першы час — прадметы побыту, якіх нам будзе не ставаць, або якія мы не зможам прывезці з Грузіі.

Мы будзем рады любой суме і ўдзячныя кожнаму, хто нам дапаможа.

:
€ 4 560
Збор завершаны. Сабрана: € 4 560