Добры дзень.
Я нядаўна вызваліўся з папраўчай установы (ПУАТ)*, дзе два гады адбываў пакаранне. Праваабаронцамі я быў прызнаны палітзняволеным, а адміністрацыяй турмы «тэрарыстам». Таму, нават апынуўшыся на волі, я працягваю знаходзіцца пад наглядам сілавікоў і псіхалагічным ціскам. Я вымушаны схаваць сваё імя і некаторыя падрабязнасці, бо знаходжуся на прафуліку** пад пастаяннымі праверкамі.
Акрамя адбывання пакарання, мне прызначылі вялізны для мяне штраф, які я не ў стане выплаціць. У дадатак да ўсяго ў мяне пакуль не атрымалася знайсці працу і таму я вырашыў звярнуцца па дапамогу на першы час, бо маё матэрыяльнае становішча зараз жахлівае.
Калі я адбываў пакаранне, месяц быў без працы ўвогуле, а значыць і бяз грошай. Выжываў як мог. Потым працу ўсё ж далі, але гэта была катаржная работа за капейкі. Я працаваў па 12 гадзін у змену, без выходных. Атрымліваў максімум 600-700 рублёў штомесяц, з якіх плаціў за жыллё. Гэты смешны заробак яшчэ і затрымлівалі, а з яго маглі яшчэ без маёй згоды адлічыць 100-150 рублёў на дзень нараджэння дырэктара, напрыклад.
Вызваліўшыся, я застаўся без працы наогул. З маім палітычным артыкулам я да гэтага часу ніякай пастаяннай працы не знайшоў. Статус «тэрарыста» з мяне не знялі, праз гэта ўсе мая банкаўская карта заблакавана, а знайсці працу, дзе плацяць наяўнымі, яшчэ складаней. Грошы патрэбны мне літаральна на ўсё: аплату жылля, харчаванне, нейкія рэчы.
Я не губляю надзею вырашыць свае праблемы, але на дадзены момант мне проста няма на што жыць. Дапамажыце, калі ласка, выбрацца з гэтай галечы.
*ПУАТ (папраўчая ўстанова адкрытага тыпу) або «хімія» – гэта від пакарання, калі людзі жывуць у карпусах, падобных на інтэрнаты або ў прадстаўленым працадаўцам пакою. Асуджаныя абавязаны працаваць, часта на нізкакваліфікаванай і малааплатнай працы і знаходзяцца пад пастаянным наглядам. Абавязаны выконваць правілы ўнутранага распарадку, плаціць за пражыванне, купляць ежу за свой кошт, і тп.
**Прафулік (прафілактычны ўлік) – паводле заканадаўства РБ, гэта назіранне за паводзінамі грамадзяніна, у мэтах папярэджання з яго боку падрыхтоўкі ці здзяйснення правапарушэнняў. Фактычна ўключае ў сябе раптоўныя праверкі па месцы жыхарства, у тым ліку ў начны час, рэгулярныя адзнакі ў аддзяленні міліцыі, праверку змесціва тэлефона.
Сума збору
€1600
€800 – арэнда кватэры на 2 месяцы з камуналкай
€500 – адзенне па сезону і харчаванне
€300 – аддаць доўг знаёмым