Добры дзень!
Я – былы палітвязень, адседзеў за сваю грамадзянскую актыўнасць тры гады ў калоніі. Калі я вызваліўся, лягчэй не стала і пераслед па палітычных прычынах працягнуўся. Даведаўшыся, што майго блізкага затрымалі, мне давялося збегчы з краіны, каб не стаць наступным. Я не магу раскрыць імя, каб не нашкодзіць блізкім. Але мой цяжкі фінансавы стан прымушае мяне звярнуцца да вас па падтрымку.
У 2020 годзе маё жыццё падзялілася на «да» і «пасля». Узровень жорсткасці ў адносінах да мірных людзей, нязгодных з вынікамі выбараў, прымусіў мяне змагацца за праўду і справядлівасць. Я ўдзельнічаў у мірных пратэстах, падпісваў звароты і петыцыі, размаўляў з суседзямі і супрацоўнікамі на працы, каб яны ўбачылі, што адбываецца ў нашай краіне. Мне падавалася, што гэта дапаможа спыніць гвалт і парушэнне правоў людзей у Беларусі.
За маю актыўнасць мне скарацілі заробак на працы, спрабавалі звольніць. Але я не з'яжджаў, не звальняўся, працягваў сваю грамадзянскую актыўнасць — гэта была мая прынцыповая пазіцыя. Але чым далей, тым болей за ўдзел у пратэстах і актыўнасць затрымлівалі вакол мяне людзей. Я разумеў, што палітычны пераслед мяне можа таксама закрануць. Аднак першы ператрус аказаўся для мяне ўсё ж нечаканым. Яшчэ знаходзячыся пад уражаннем ад наступстваў ператрусу ў мяне дома, я пачаў даведвацца, што на некаторых маіх знаёмых і сяброў завялі крымінальныя справы. У гэты час да мяне з ператрусам прыйшлі другі раз.
Да другога ператрусу я не думаў пра ад'езд сур'ёзна. Сам сабе задаваў пытанне: А што я зрабіў? Відавочна, што нічога супрацьзаконнага. Я ў сябе дома і хачу жыць у ім вольна. Навошта мне з'яжджаць? З вышыні цяперашняй сітуацыі ў 2024 годзе гэта выглядае наіўна, але тады мне падавалася слушным і сумленным.
З'ехаць я не паспеў. Мяне затрымалі вясной 2021 года, а амаль праз год суд скараў мяне на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па артыкуле 342 (Арт. 342 КК РБ – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Мне давялося навучыцца святкаваць дзень нараджэння ў СІЗА, у карцэры, у калоніі. Але я ні аб чым не шкадую, а абвінавачанні ў свой адрас лічу абсурднымі.
Пасля вызвалення я нядоўга атрымліваў асалоду ад доўгачаканай волі. За тры гады маёй адсутнасці ад грамадзянскай актыўнасці і ўздыму ў краіне не засталося і сляда. Нягледзячы на тое, што я адседзеў свой тэрмін цалкам, да маіх сваякоў перыядычна прыходзілі прадстаўнікі сілавых структур з раптоўнымі праверкамі. Мне стала зразумела, што яны шукаюць, новую нагоду мяне пасадзіць, як гэта ўжо здаралася з іншымі былымі палітвязнямі.
Я вырашыў з'яжджаць, але не думаў, што давядзецца рабіць гэта так хутка. Пакуль я займаўся падрыхтоўкай дакументаў і рэчаў да ад'езду не спяшаючыся, раптоўна даведаўся пра затрыманне блізкага чалавека. Гэта перакрэсліла ўсе мае планы. Для мяне відавочна стала, што наступны буду я.
У адзін момант мне давялося ўсё сваё папярэдняе жыццё змясціць у заплечнік і торбу і выехаць з краіны. Раніцай я выйшаў з дому як быццам па справах і ўжо не вярнуўся. З дапамогай каманды эвакуацыі BYSOL я выбраўся ў Польшчу і цяпер знаходжуся ў бяспецы.
Аднак, зноў нядоўга я радаваўся волі. Апынуўшыся па-за палітычным пераследам, я сутыкнуўся з пытаннем выжывання. Нешта ў мяне атрымалася: я змог знайсці працу, далёкую ад маёй папярэдняй прафесіі, але якая дазваляе мне здымаць жыллё і падаў дакументы на міжнародную абарону. Аднак мой заробак пакрывае толькі арэнду жылля і крыху застаецца на ежу. У такім ганебным фінансавым становішчы я ніколі не быў! Я не магу дазволіць сабе літаральна нічога з нейкіх звычайных побытавых рэчаў і простых чалавечых радасцяў. Аб аднаўленні здароўя пасля калоніі і гаворкі няма.
У маёй бязрадаснай сітуацыі ў мяне адна надзея на падтрымку і салідарнасць беларусаў. Я буду ўдзячны кожнаму донату! Ваша дапамога можа дапамагчы скараціць мой шлях да нармальнага жыцця!
Сума збору
€3000
€800 — на адзенне і бытавыя рэчы ў кватэру
€1000 – на рэпетытара польскай мовы,
€600 — на медыкаменты (у турме я зарабіў хранічныя хваробы, але лячыць іх не магу, бо пакуль не маю бясплатнага медыцынскага страхавання)
€600 — камунальныя выдаткі на 4 месяцы