Збор для сям'і актывіста Змітра Барэйчука, якая засталася ў чужой краіне без мужа і бацькі

  • Гісторыя

Добры дзень!
На сувязі каманда збораў BYSOL.

Кожны чалавек, які трапляе да нас на зборы, робіцца сваім і блізкім. Мы суперажываем нягодам, у якіх апыняюцца людзі, цешымся, калі іх зборы паспяхова закрываюцца, і сочым за лёсамі нашых заяўнікаў надалей. Але жыццё такая штука — часам усё ідзе не па плане.

Некалькі месяцаў таму да нас звярнуўся Барэйчук Зміцер. Паводле адукацыі мужчына інжынер-радыёфізік, яму 51 год. З 1987 года ён працаваў у IT, а апошнім часам займаўся рамесніцтвам — рабіў сувенірную прадукцыю з выявамі гістарычных аб'ектаў Беларусі. У мужчыны 4 дзяцей. Старэйшая дачка паўналетняя, двайняткам па 15 гадоў, а малодшай дачцэ – 13.

У 2020 годзе Зміцер быў у камандзе Віктара Бабарыкі. Ён ездзіў па Беларусі і збіраў подпісы. Мужчына ўвайшоў у пяцёрку найбольш эфектыўных зборшчыкаў. За гэта яго арыштавалі і пасадзілі на суткі.

Пасля гэтага сям'ю Змітра больш не пакідалі ў спакоі.
У іх дома было некалькі ператрусаў. А ў лістападзе 2022 года пасля чарговага пераварочвання кватэры, мужчыну затрымалі і даставілі на Акрэсціна для «разбіральніцтва».

З камеры Зміцер выйшаў падазраваным паводле дзвюх крымінальных справаў і са скаргамі на болі ў жываце. Мужчыну шпіталізавалі, і ў жніўні 2023 года ў РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава яму быў пастаўлены дыягназ: суцэльна-кістозная пухліна, і паказаная  аперацыя па яе выдаленні як мага хутчэй.

Паколькі на той момант да заканчэння дзеяння візы заставалася толькі некалькі дзён, на сямейнайна радзе Зміцер і яго блізкія вырашылі пакінуць краіну. Аперацыю па выдаленні пухліны разам з часткай кішэчніка мужчыну зрабілі ўжо ў Беластоку.

Прагнозы былі добрыя, і некалькі месяцаў таму мы абвяшчалі збор на санаторнае лячэнне і рэабілітацыю мужчыны. Але хвароба ўзяла сваё.

8 траўня Зміцер Барэйчук памёр. А ў чужой краіне без мужа і бацькі засталася яго сям'я — жонка і чацвёра дзяцей.

Мы суперажываем блізкім Змітра і запускаем гэты збор на пахаванне мужчыны, а таксама для падтрымкі ягонай сям'і.

Сума збору:

€10000

€4000 — прыкладна ў такую суму абыйдуцца выдаткі на пахаванне мужчыны
€6000 — дапамога сям'і Змітра (жонка і 3 непаўналетніх дзяцей), якія засталіся ў чужой краіне без мужа і бацькі

:
€ 12 869
Збор завершаны. Сабрана: € 12 869