Праз праблемы са здароўем экс-палітзняволены не можа забяспечваць сям’ю

  • Гісторыя

У снежні мінулага года ў Змітра абвастрыліся праблемы са здароўем, якія ён атрымаў у турме. Зараз экс-палітзняволены не можа паўнавартасна працаваць і просіць аб падтрымцы, каб не застацца без жылля і сродкаў да існавання.

Мяне клічуць Зміцер Някрасаў, я з Брэста. 10 жніўня 2020 года я ўдзельнічаў у мірных пратэстах, а ўжо 23 жніўня мяне затрымалі. Праз год суд пакарала мяне трыма гадамі пазбаўлення волі, якія я адбываў у папраўчай калоніі ПК-1 у Наваполацку. Гэтыя тры гады моцна падарвалі маё здароўе. Я неаднаразова знаходзіўся ў штрафным ізалятары, дзе ўмовы былі вельмі цяжкімі.

30 мая 2024 года я выйшаў на волю і практычна адразу сутыкнуўся з пагрозамі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Асцерагаючыся за сваю бяспеку, улетку 2024 года я пакінуў Беларусь: спачатку выехаў у Грузію, а потым пераехаў у Польшчу, дзе ўз’яднаўся з сям’ёй.

Каб забяспечыць сям’ю, я ўладкаваўся на працу на сталярную вытворчасць. Працаваў неафіцыйна, бо знаходзіўся ў працэсе афармлення дакументаў і планаваў адкрыць самазанятасць. Пасля атрымання дазволу на працу я разлічваў паступова выйсці на стабільны прыбытак.

З лета 2025 года ў мяне з’явіўся і пачаў нарастаць боль у шыі і спіне, асабліва напрыканцы працоўнага дня і пасля працы. Мышцы знаходзіліся ў пастаянным напружанні, з’яўляліся прастрэлы ў галаву. Часавую палёгку давалі адпачынак і масаж, але пасля вяртання да фізічнай нагрузкі боль зноў вяртаўся.

3 снежня 2025 года мой стан рэзка пагоршыўся. З самай раніцы з’явіўся моцны галаўны боль, слабасць і адчуванне ціску ў галаве. Праз некалькі гадзін стан стаў крытычным: анямеў твар, з’явіўся звон у вушах, затым пачалі немець рукі і ногі. Мы выклікалі хуткую дапамогу, бо сітуацыя выглядала небяспечнай.

Дактары папярэдне дыягнаставалі зашчымленне нерва ў шыйным аддзеле пазваночніка, якое выклікала моцны болевы сіндром. Мне зрабілі абязбольвальны ўкол, аднак пастаянны тупы боль у шыі не прайшоў. Працаваў я неафіцыйна, таму аформіць аплатны бальнічны не мог. Каб працягваць лячэнне, мне неабходна часова знізіць нагрузку ці цалкам пакінуць працу, але тады мая сям’я застанецца без сродкаў да існавання.

Я праходжу трохмесячную рэабілітацыю ў прафесійнага рэабілітолага ў прыватным парадку. Адзін месяц каштуе каля 1000 злотых. Тэрапія дапамагае, але цалкам аднавіцца без паўзы ў працы немагчыма. Пры фізічнай нагрузцы боль вяртаецца і ўзмацняецца.

Запіс да неўролага – на некалькі месяцаў наперад, таму прыходзіцца ўсе абследаванні і лячэнне аплачваць самому. Праз тое, што я не магу працаваць паўнавартасна, фінансавае становішча стала крытычным. У нашай сям’і няма сродкаў нават на базавыя выдаткі, уключаючы ежу. Мы пазычаем грошы, каб аплачваць жыллё і рэабілітацыю, а ўсё, што ўдаецца зарабіць, ідзе на пагашэнне даўгоў.

Калі я выйшаў з турмы, я думаў, што дам рады ў любой сітуацыі, але зараз вымушаны звярнуцца па дапамогу. Мне трэба працягнуць лячэнне, аднавіць здароўе і захаваць магчымасць павяртання да нармальнай працы, каб забяспечваць нашу сям’ю і выбрацца з даўгоў.

Сума збору
€3000

€1400 – запазычанасць за жыллё
€800 – аплата рэабілітацыі і лячэння
€800 – выдаткі сям’і на перыяд аднаўлення

Сабрана:
€ 0 з 3 000