Майго мужа, Будая Андрэя Вячаслававіча прыгаварылі да 15 гадоў узмоцненага рэжыму і вялізнага штрафу ў 500 базавых велічынь. Я засталася адна з трыма дзецьмі, і наша жыццё з тых часоў ператварылася ў пекла. Да нас прыходзілі з ператрусамі і пераварочвалі дом дагары дном, выклікалі ў КДБ на «гутарку», пазбаўлялі перапіскі з мужам, пагражалі забраць дзяцей, бо іх бацька трапіў у спіс тэрарыстаў, і мноства іншых уколаў – кожны з іх паасобку перажыць можна, але ўсе разам яны балюча па нас білі.
Нашыя дзеці вучыліся дыстанцыйна ў прыватнай школе. У нейкі момант гэта стала галоўнай кропкай ціску на нашу сям'ю. І не гледзячы на высокія адзнакі дзяцей, не гледзячы на тое, што я педагог, і не гледзячы на наяўнасць усіх дакументаў, нашу сям'ю прызналі той, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мы спрабавалі аспрэчыць гэтае рашэнне, але кожны раз гучала, што наш тата ў спісах тэрарыстаў і экстрэмістаў, і нам адмаўлялі. А потым паступілі званочкі, што дзяцей рыхтуюцца забіраць з сям'і.
Мы не сталі чакаць заканчэння гэтай гісторыі і з'ехалі з Беларусі ў Літву. З таго моманту наша жыццё зноў падзялілася на ПЕРАД і ПАСЛЯ. На новым месцы нам давялося вырашаць пытанні з уладкаваннем дзяцей у школу, здароўем і легалізацыяй. І пачынаць жыццё з нуля. Гэта моцна стукнула па маім здароўі, і цяпер я праходжу складанае неўралагічнае абследаванне.
Каб выкараскацца, нам патрэбна ваша дапамога.
Пакуль мы ўладкоўваемся і вырашаем самыя базавыя пытанні, дапамажыце нам зняць жыллё на некалькі месяцаў. Таксама мне трэба прайсці абследаванне, бо бясплатная медыцынская дапамога ў Літве мне пакуль яшчэ не даступная. Я спадзяюся, што ўсё будзе добра, і што хутка атрымаецца мне знайсці тут працу. А потым мы зноў працягнем чакаць і падтрымліваць нашага тату.
З любоўю і павагай,
Будай Галіна.
Сума збору
€3500
€3000 – жыллё нам з дзецьмі ў Вільні на 3 месяцы + дэпазіт
€500 – медыцынскае абследаванне, аналізы, лекі