Дапамога нядаўна вызваленаму палітвязню, які правёў тры гады ў турме па «справе Зельцэра»

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Арцём Задруцкі.

Мяне пазбавілі волі за каментар, які складаўся ўсяго з аднаго слова – «карнік». Я напісаў яго пасля таго, як паглядзеў відэа трагедыі, якая здарылася ў кватэры Андрэя Зельцэра, і не змог стрымаць сваіх эмоцый. Гэты каментар каштаваў мне трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі, штрафу ў 100 базавых велічыняў і сапсаванага здароўя.

29 верасня 2021 года мяне арыштавалі супрацоўнікі КДБ і ўтрымлівалі некалькі месяцаў на Акрэсціна, потым год у жодзінскай турме. На Акрэсціна ў трохмясцовай камеры сядзела больш за 20 чалавек, большасць з іх спалі на падлозе. Два месяцы я быў пазбаўлены перадач, пасылак і лістоў. Ніхто са сваякоў не ведаў, што з мной. Дзякуй усім, хто пісаў мне лісты ў гэты час. На жаль, большая частка лістоў не дайшла, даходзілі лісты толькі ад родных.

Мяне абвінавацілі па трох крымінальных артыкулах, адзін горшы за іншы: 369 КК РБ, 130 КК РБ і 342 КК РБ (арт. 369 КК РБ — абраза прадстаўніка ўлады, арт. 130 КК РБ — распальванне сацыяльнай варожасці, арт. 342 КК РБ і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Я змагаўся за свае правы як мог. Падаваў скаргі на ўмовы ўтрымання ў зняволенні і апеляцыі, сам рыхтаваўся да судовага працэсу — чытаў юрыдычныя кнігі, крымінальны і крымінальна-працэсуальны кодэксы. Нажаль, гэта ні да чаго не прывяло. Мне далі тры гады зняволення і ў сакавіку 2023 года адправілі ў наваполацкую калонію.

У зняволенні ў мяне здарылася запаленне вуха, мне доўга не аказвалі медыцынскай дапамогі і слых на адно вуха я страціў. Да затрымання я працаваў гукарэжысэрам, і гэта для мяне страта не толькі здароўя, але і любімай прафесіі. Апроч музыкі я люблю маляваць і пісаць вершы. Гэта мне дапамагала вытрымаць гады зняволення. Я маляваў партрэты сваіх сукамернікаў і іх блізкіх, напісаў больш за 150 вершаў. А яшчэ мяне ратавала тое, што кожны дзень я марыў, як выйду на волю, уяўляючы сабе гэты момант.

Я выйшаў са зняволення, цалкам адбыўшы гэтае несправядлівае і бесчалавечнае пакаранне, і экстрана эвакуаваўся ў Польшчу. Тут я знаходжуся ў чаканні статусу міжнароднай абароны, спрабую адаптавацца і актыўна шукаю працу. А таксама спрабую аднавіць страчаны ў турме слых у левым вуху.

Я прашу ўсіх падтрымаць мяне на бліжэйшы час. Мне патрэбны сродкі на арэнду жылля, харчаванне і рэчы першай неабходнасці. Я не прывык прасіць аб дапамозе, але абставіны цяпер мацнейшыя за мой гонар.

Я буду ўдзячны вам за любы пасільны ўнёсак!

Сума збору

€3000

€2000 – арэнда жылля (на бліжэйшыя 4 месяцы, пакуль я не знайду працу)
€600 – прадукты харчавання
€400 – рэчы першай неабходнасці

:
€ 3 064
Збор завершаны. Сабрана: € 3 064