Добры дзень, мяне завуць Арцём.
Мне 35 гадоў, родам я з горада Наваполацка. Сваю палітычную актыўнасць я пачаў яшчэ ў 2010 годзе. Я браў удзел у дзейнасці Беларускага народнага фронта (БНФ) і Маладога фронта. Перад выбарамі 2010 года мы актыўна распаўсюджвалі ў нашым горадзе газету «Новы час» і рэкламу тэлеканала «Белсат». Яшчэ тады пачаўся мой палітычны пераслед. За месяц да выбараў 2010 года да мяне дашлі з ператрусам: забралі кампутар, тэлефон і ўсе носьбіты інфармацыі. Шмат дапытвалі ў РАУС і КДБ, спрабавалі даведацца аб каштоўнай інфармацыі або схіліць да супрацоўніцтва. Але тады гэта скончылася нічым: мяне адпусцілі і нават аддалі рэчы.
Але на мяне гэта моцна паўплывала. Пасля тых падзей я прыняў рашэнне вучыцца, пайшоў ва ўніверсітэт, а сваю палітычную дзейнасць спыніў. Аднак перад выбарамі 2015 года мяне ў прафілактычных мэтах прымусова забралі ў войска пад нагляд МУС з паметкай «схільны да ўцёкаў».
Падзеі 2020 года я сустрэў, працуючы на дзяржаўным прадпрыемстве. Падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 года за адмову ўдзельнічаць у пралукашысцкіх мерапрыемствах мяне з прадпрыемства звольнілі. З таго часу я пачаў працаваць на сябе.
У пачатку 2024 года ў Наваполацку вялікую колькасць мясцовых актывістаў затрымлівалі перад выбарамі дэпутатаў. Абапіраючыся на мінулы досвед, я разумеў, што да мяне могуць прыйсці. Я пракансультаваўся з юрыстам, як мне максімальна падрыхтавацца да магчымага затрымання, бо з'язджаць я не збіраўся.
8 студзеня 2024 года мяне сапраўды выклікалі ў РАУС. Я пачысціў сацсеткі і тэлефон, на гутарку пайшоў сам, спадзеючыся на ласку. Але гэта не памагала. Мяне арыштавалі на месцы да суда за допісы ў сацсетках за 2022 год, дзе ў мяне было 6 падпісак на «Белсат», «Нашу Ніву» ды іншыя «экстрэмісцкія» медыі. Суд анлайн выпісаў мне 13 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.11 (Артыкул 19.11. КаАП РБ – Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).
Праз дзень пасля вызвалення мяне выклікалі ў пракуратуру і выдалі папярэджанне: калі цягам года я буду прыцягнуты па палітычным артыкуле, то на мяне завядуць крымінальную справу. Я ведаў, што ў папярэдняй справе былі ня ўсе мае падпіскі і рэпосты. У іх відавочна было на мяне больш матэрыялу, і маё новае затрыманне было пытаннем часу. Акрамя таго, працаваць і жыць у страху, увесь час чакаючы затрымання, я больш не жадаў.
З'яжджаць я вырашыў адразу пасля выкліку ў пракуратуру. Я чакаў сілавікоў кожны дзень, і нягледзячы на страх, які скоўваў, я крок за крокам імкнуўся да волі. Памяняў пашпарт на новы, сабраў рэчы, пазычыў у сяброў грошай, узяў самы танны квіток на аўтобус у Грузію і з'ехаў. Толькі калі я прайшоў мяжу, страх адышоў на другі план, і я адчуў палёгку. Гэтыя эмоцыі, што я нарэшце ў бяспецы, немагчыма перадаць словамі!
У Грузіі мяне сустрэлі і прытулілі сябры. Але я не магу карыстацца іх гасціннасцю і дабрынёй бясконца. Я ўпэўнены, што я сам зладжуся, як толькі змагу выйсці з мінусу. Раздаўшы даўгі і зняўшы жыллё, я планую пачаць сваю справу ў Батумі. Я масажыст і магу працаваць дзе заўгодна. Але мне важна працаваць афіцыйна, выконваючы ўсе правілы. І каб усё афіцыйна аформіць, патрэбны час.
Я вельмі прашу падтрымаць мяне на гэты перыяд, бо не магу ўжо больш абцяжарваць сабой сяброў і пазычаць грошы. Самае зневажальнае для дарослага мужчыны — жыць у доўг, калі ён можа працаваць і жыць сам. Я буду вельмі вам удзячны за кожны еўра!
Я хачу стаць на ногі, каб ня толькі не прасіць дапамогі, але і самому дапамагаць тым, хто праходзіць гэты цяжкі шлях вымушанай эміграцыі!
Сума збору
€2500
€1000 – аддаць доўг сябрам
€900 – арэнда жылля на тры месяцы
€600 – на афармленне дакументаў для легалізацыі і пачатку працы