Беларуска, якая уцякла ад рэпрэсій, губляе зрок і просіць дапамагчы ёй з лячэннем

  • Гісторыя

Мяне клічуць Анжэла Ляскоўская. Цяпер я бачу свет у размытых каляровых плямах, не магу працаваць і не магу выйсці з дому без суправаджэння. Тэрміновая аперацыя па выдаленні катаракты дапаможа мне вярнуць зрок і зноў жыць самастойна і працаваць.

Мне 58 гадоў. Я жыла з сям'ёй у Менску. Працавала галоўным бухгалтарам, потым займалася прадпрымальніцтвам. Пасля выбараў 2020 года, калі я ўбачыла, што робяць з людзьмі, адразу ўключылася ў дапамогу пацярпелым і ў пратэстную дзейнасць. Мой муж тады быў адвакатам. Мы ўдзельнічалі ў маршах, у дваровых і раённых актыўнасцях. У верасні 2020 года мужа затрымалі на маршы, ён адседзеў трое содняў. Праз некаторы час яго пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

30 лістапада 2022 года да нас дадому ўварваліся сілавікі. Пасля ператрусу і допыту мяне затрымалі. Спрабавалі «раскруціць» на ўдзел у раённым чаце «Чыжоўка», але не атрымалася ў іх. Тады абвінавацілі «ў непадпарадкаванні супрацоўнікам» і асудзілі на 15 содняў арышту. «Содні» я адбывала на Акрэсціна і ў Магілёве у нечалавечых умовах. Пасля гэтага ў мяне пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем: хвароба нырак, моцная форма бранхіту, зацяжны стрэс і пагаршэнне зроку.

Пасля вызвалення з'явілася рэальная пагроза крымінальнага пераследу і мне прыйшлося экстрана з'ехаць з Беларусі, таму што турму я б не перажыла. Цяпер мы з мужам жывем у Польшчы. У апошнія гады здароўе, асабліва зрок, моцна пагоршылася. У мяне пачала хутка развівацца катаракта на абодвух вачах, і зараз я практычна не бачу.

Па адзнацы лекара, у мяне засталося толькі 5-10% зроку. Патрэбна тэрміновая аперацыя на вачах з заменай крышталіка. У мяне няма медыцынскай страхоўкі, таму што праз дрэннае здароўе ў мяне так і не атрымалася ўладкавацца тут на працу, а даходаў мужа ледзьве хапае на арэнду і ежу.

Цяпер увесь свет для мяне – гэта толькі рознакаляровыя плямы. Я не магу працаваць, не магу нармальна перамяшчацца, нават выйсці без суправаджэння. Я вельмі прашу вашай дапамогі, каб зрабіць аперацыю і вярнуць сабе зрок. Для мяне гэта магчымасць зноў жыць самастойна, быць карыснай сваёй сям'і ды іншым людзям.

Медыцынскія дакументы, якія ёсць у распараджэнні BYSOL, пацвярджаюць цяжкі стан зроку Анжэлы і неабходнасць тэрміновай аперацыі. У заключэнні польскай медустановы дыягнаставана поўная катаракта і функцыянальная слепата абодвух вачэй. Урач адзначае важнасць правядзення тэрміновай аперацыі на правым і левым воку.

Сума збору
€3100

€200 – кансультацыі лекараў
€200 – аналізы і лекі
€2700 – аперацыя

Сабрана:
€ 30 з 3 100