Дапамога Вяроўскай Настассі – актывістцы, якая зламала руку

  • Гісторыя

Вітаем, сябры!
На сувязі каманда збораў BYSOL. Перш чым мы перадамо слова Настассі, невялікая перадгісторыя:

Калі Настасся звярнулася да нас па дапамогу, яна толькі пераехала ў Літву, і ёй патрэбна была невялікая сума на базавыя патрэбы. Мы штодня сутыкаемся з такімі сітуацыямі, таму былі гатовыя адкрыць збор. Аднак, пакуль мы займаліся верыфікацыяй, Настасся зноў звязалася з намі і папрасіла адмяніць заяўку. Яна знайшла спосаб даць рады самастойна.

Такі ўчынак гаворыць аб сумленнасці чалавека, і мы ганарымся тым, што нашыя заяўнікі адказныя людзі.

Але праз пару дзён Настасся трапіла ў здарэнне: яна ехала на ровары па Вільні, няўдала ўпісалася ў паварот і зламала запясце. Гэтая падзея парушыла ейныя планы, і жанчына зноў прыйшла да нас. А мы адразу адкрылі збор.

Цяпер перадаем слова самой Настассі, каб яна магла расказаць сваю гісторыю падрабязней:

Мяне клічуць Вяроўская Настасся. Я з Менска.
У 2020 годзе мая сям'я ўдзельнічала ў шматлікіх акцыях пратэсту: мы атрымлівалі штрафы, сядзелі на сутках, а мой муж быў яшчэ і адным з арганізатараў незалежнага прафсаюза на Менскім маторным заводзе, дзе ў той час ён працаваў электраманцёрам. Пазней, у 2021 годзе, яго звольнілі.

Мяне таксама пераследавалі – я была падазраванай па крымінальнай справе (арт.342 КК РБ – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за адміністраванне раённага чата (Менск, раён «Шарыкі»).

Мы разумелі, што эміграцыя непазбежная, але адкладалі гэтае складанае рашэнне, бо пакінуць радзіму складана. Аднак увесну 2024 года сілавікі пачалі цікавіцца дзейнасцю майго мужа. Да нас прыходзілі па месцы прапіскі, апытвалі нашых сваякоў і былых калегаў майго мужа на заводзе. Мы моцна спалохаліся, калі даведаліся пра гэтыя візіты, але варыянтаў у нас было няшмат – ці садзіцца ў турму, ці з'яжджаць. Мы выбралі другое. Звольніліся з працы, узялі з сабой па заплечніку, растрыбушылі сямейную скарбонку і з'ехалі.

Цяпер мы жывем у Літве. Муж знайшоў працу, а я планавала займацца падпрацоўкамі: уборка, простая праца на кухні ці нешта ў гэтым духу. Але нядаўна я ўпала з ровара і зламала запясце. Гэта моцна ўдарыла па нашых планах, бо нягледзячы на ​​тое, што ў мяне ёсць страхоўка, я зараз доўгі час не змагу працаваць – патрабуецца працяглае лячэнне і рэабілітацыя.

Я прашу вашай дапамогі. Мы хацелі даць рады самі, але абставіны аказаліся мацнейшымі. У нас няма рэсурсаў, каб пераадолець гэты крызіс, але мы спадзяемся на вашую падтрымку і верым, што ўсё наладзіцца.

Дзякуй вялікі!

Сума збору

€3000

€1000 – вітаміны, лекі і ўсё неабходнае для лячэння
€2000 – гэтыя грошы патрэбныя нам, каб закрыць усе дзіркі ў сямейным бюджэце, якія ўзнікаюць, пакуль я не змагу працаваць (прыкладна 3 месяцы).

:
€ 3 050
Збор завершаны. Сабрана: € 3 050