Добры дзень!
Я – дарослы мужчына ў свае 44 гады ніколі не думаў, што буду прасіць дапамогі ў незнаёмых мне людзей. Але я веру, што беларусы ўмеюць дапамагаць адзін аднаму і сілай салідарнасці выратавалі ўжо шмат людзей.
На жаль, я вымушаны звяртацца да вас ананімна, бо знаходжуся ў Беларусі. Але я пастараюся, наколькі змагу падрабязна, апісаць сваю бяду.
У 2021 годзе я атрымаў тры гады праз палітычны пераслед і адбыў поўны тэрмін, вызваліўшыся зусім нядаўна [Фонд BYSOL мае ўсе пацвярджальныя дакументы]. За гэтыя бясконцыя месяцы мая дачка стала амаль дарослай і самы каштоўны час зносінаў з ёй страчаны.
Тры гады пазбаўлення волі без працяглых спатканняў — гэта быў вельмі цяжкі перыяд для мяне і маёй сям'і. Даводзілася цярпець страты, голад, холад і пагрозы ў адрас блізкіх. І ўсё гэта без магчымасці абараніць сябе. У тых сценах людзі часта ламаюцца як асобы.
Мая жонка і дзіця прайшлі за гэты час праз бясконцыя ператрусы і званкі з міліцыі, праз пошук грошай і аплату адваката, штрафаў і крэдытаў. Эканомячы на сабе, жонка не прапусціла ні адной перадачы, збіраючы яе кожны раз з цеплынёй і любоўю. Па магчымасці яна старалася класці грошы на мой рахунак у калоніі і старалася падтрымліваць маю маму. У той жа час нашая дачка мае патрэбу ў лячэнні і кожныя паўгода ёй трэба прапіваць курс дарагіх таблетак.
Фінансава я ў тупіку! З першых дзён выхаду з турмы я спрабую ўладкавацца на працу, але мяне баяцца браць і дзяржаўныя прадпрыемствы, і прыватныя арганізацыі, бо я «палітычны». Вядома, я не здаюся і шукаю варыянты.
Але на дадзены момант мы амаль вычарпалі нашыя запасы, і я адчуваю сябе не апорай сям'і, а клопатам. Мне параілі звярнуцца ў BYSOL, каб атрымаць магчымасць устаць на ногі. Сорамна прасіць, але без вашай дапамогі мне і маёй сям'і не выбрацца. І я прашу ад чыстага сэрца.
Таксама я хачу падзякаваць людзям, якія неабыякавыя да такіх гісторый, як мая. І аднойчы, я веру, я змагу падзякаваць усім вам публічна, не хаваючы свайго імя, бо я не саромеюся таго, што я зрабіў і за што я пацярпеў у 2020 годзе.
Сума збору:
€1725
- У першую чаргу дзіцяці трэба раз на 6 месяцаў праходзіць курс лячэння. Гэта прыкладна 370 рублёў за курс. Я таксама маю патрэбу ў вітамінных комплексах (прыкладна 50 руб)
- Я моцна схуднеў за 3 гады. З 95 кілаграм да 70. Абутак таксама прыйшоў у непрыдатнасць. Маю патрэбу ў цёплых рэчах на зіму і вясну. Па нашых цэнах гэта прыкладна 3000 рублёў.
- Тэрмінова трэба да стаматолага. У калоніі сапсавалася шмат зубоў, магчыма, давядзецца ставіць каронкі. Гэта мінімум 1500 рублёў.
- Мне трэба прайсці медыцынскае абследаванне — зрок, сэрца і МРТ галаўнога мозгу. 1000 рублёў.
Удзячны вам за дапамогу!