Падтрымка спявачкі Аляксандры Момінавай і ейнай сям'і пасля пераезду ў Польшчу

  • Гісторыя

Мяне завуць Момінава Аляксандра. Яшчэ нядаўна я выкладала акадэмічны вакал у Берасцейскім музычным каледжы, але сёння абставіны склаліся так, што я вымушана была з'ехаць з Беларусі і пачаць усё нанова ў Польшчы.

У 2020 годзе я актыўна выказвала сваю пазіцыю супраць фальсіфікацый і гвалту — выходзіла на вуліцу, удзельнічала ў мірных пратэстах. Таксама я падпісала петыцыю працаўнікоў культуры супраць здзеклівага стаўлення да палітвязняў. Але да 2023 года мяне не чапалі.

А ў лістападзе 2023 года мяне асудзілі за падпіскі ў інстаграме на Белсат і Люстэрка. Далі штраф у 15 базавых велічыняў і даслалі паперу на працу з указаннем мяне звольніць. Тады ж я на ўсялякі выпадак зрабіла польскія візы для сябе і сваіх траіх непаўналетніх дзяцей (12, 15 і 17 год). Таму, калі напрыканцы лютага 2024 года мне зноў патэлефанавалі з пракуратуры і выклікалі на чарговую гутарку для «высвятлення некаторых абставін», я хутка сабрала рэчы і ўначы з 1 на 2 сакавіка мы з дзецьмі з'ехалі.

Першы тыдзень мы жылі ў Варшаве ў хостэле. Я займалася афармленнем дакументаў і шукала працу. Знайшла падпрацоўку прыбіральніцай. Але сродкаў усё роўна не хапала. Таму праз беларусаў мы выйшлі на валантэра, які прапанаваў нам пераехаць ва Ўроцлаў і забяспечыў бясплатным жытлом на месяц. За гэты час я зрабіла дакументы, аформіла дапамогу на дзяцей і ўладкавала іх у школы. Таксама я атрымала прапанову па працы – праводзіць музычныя заняткі для беларускіх і ўкраінскіх дзяцей. Акрамя таго я стэлефанавалася з Іллём Сільчуковым (мы добра знаёмыя па творчай дзейнасці, бо я таксама з'яўляюся канцэртнай опернай спявачкай) – ён парэкамендаваў пайсці на праслухоўванне ў оперны тэатр Уроцлава.

Ілля Сільчукоў — беларускі оперны спявак. Восенню 2020 года ён быў звольнены з Опернага тэатра за ўдзел у запісе відэа «Культура за страйк». З тых часоў Ілля пераехаў у ЗША, дэбютаваў у сусветна вядомым міланскім тэатры Ла Скала і быў запрошаны на галоўную ролю ў оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», прэм'ера якой адбылася ў Лондане – нататка BYSOL.

Але ёсць адна праблема: праз 10 дзён мне з дзецьмі трэба будзе вызваліць жытло. Такія ўмовы. Знайсці сродкі на кватэру за гэты час я не паспяваю. І я вельмі баюся, што дзеці могуць аказацца без даху над галавой. Калі б не гэтая акалічнасць, не прасіла б дапамогі наогул. Але грошай няма, у тым ліку на рэчы першай неабходнасці для дзяцей. Таму звяртаюся да вас па дапамогу.

Сума збору:

€3000

€1500 на арэнду кватэры. З іх €750 – кошт арэнды на месяц, і яшчэ €750 – дэпазіт пры падпісанні дагавора.
€500 на адзенне і абутак для траіх дзяцей.
€150 на куплю школьных і канцылярскіх прадметаў для дзяцей
€500 на куплю ежы на чацвярых чалавек на першы час
€350 – падушка бяспекі

:
€ 3 022
Збор завершаны. Сабрана: € 3 022