Прывітанне!
Мяне завуць Аляксандр Бабко. Я былы палітвязень па «справе цюкоў» у Дзяржынскім раёне.
Уначы 1 верасня 2021 года на полі пад Дзяржынскам мы намалявалі чырвоныя палосы на белых цюках з сенам. Як пазней высветлілася, там нас ужо чакала засада. Падчас затрымання наўпрост на полі нас збілі. Мне некалькі ўдараў прыйшліся па каленях. Я пачуў трэск, адчуў востры боль, і левае калена пачало апухаць. Правае калена таксама забалела з-за ўдару ці перанапружання.
Пасля гэтага нас прывезлі ў Дзяржынскі ІЧУ, дзе ўсіх мужчын і жанчын прымусілі зняць адзенне і абутак, пакінуўшы толькі ў споднім. Мяне пасадзілі ў «прас-хату», дзе іншыя вязні працягвалі збіццё.
Шэсць дзён мне адмаўляліся перадаць нават штаны. Сядзець у адных трусах можна было толькі на халоднай бетоннай падлозе. Ацяплення ў камеры не было, а акно не зачынялася, нягледзячы на восеньскае надвор'е. Уначы дазвалялі спаць толькі на другім ярусе жалезнага ложка, без пасцельнай бялізны і матраца. Пры гэтым мяне паднімалі кожныя 10-15 хвілін. Трэба было спусціцца з ложка, падысці да дзвярэй і назваць сябе. Днём на праверцы нас выводзілі ў калідор, ставілі на расцяжку і білі па нагах, каб мы ставілі ногі шырэй. У такіх умовах левае калена распухла і стала разы ў два таўсцейшым за норму. З часам пухліна крыху спала, але траўма калена дае аб сабе знаць да гэтага часу. Правае калена таксама пацярпела, але яму дасталася крыху менш.
Мяне асудзілі на год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У Жодзіне я пазнаёміўся з іншымі вязнямі, сярод якіх нават быў кітаец, якога мы называлі Вася. Ён вельмі прыгожа маляваў: кветкі, рыцараў, кабыл, і меў каліграфічны почырк. Дзякуючы свайму суседу я таксама пачаў маляваць. У асноўным кветкі – іх я дасылаў сваім родным.
Але ўмовы былі цяжкія. Аднойчы ў мяне моцна разбалеўся зуб, і ніякай медыцынскай дапамогі мне не аказалі. Давялося самому вырваць яго пальцамі, церпячы невыносны боль. Такіх момантаў было шмат, але падтрымка сукамернікаў дапамагала выжыць.
Пасля вызвалення я зрабіў МРТ прайшоў медыцынскае абследаванне. Паводле заключэння лекараў, патрабуецца зшыць звязкі на абодвух каленях і праапераваць адзін меніск. Пасля гэтага мне трэба будзе замена абодвух каленных суставаў, так як траўмы аказаліся сур'ёзнымі, і без лячэння я магу застацца інвалідам.
Дзве аперацыі будуць рабіць на працягу года. Аднаўленне пасля кожнай аперацыі зойме 3-4 месяцы, на працягу якіх я буду перасоўвацца на мыліцах. Так як я будаўнік, то ўвесь гэты час я не змагу працаваць і зарабляць на жыццё. Акрамя таго, страхоўка не зможа пакрыць усю суму на аперацыю і аднаўленне, частку давядзецца даплочваць самому.
Таму я прашу вашай дапамогі. Любое ваша ахвяраванне будзе бясцэнным унёскам у маё акрыянне і вяртанне да нармальнага жыцця. Я цудоўна разумею, што ў кожнага ёсць свае клопаты і праблемы, але нават самая малая сума можа дапамагчы мне прайсці праз гэты складаны перыяд.
З павагай і падзякай,
былы палітвязень Аляксандр Бабко.
Сума збору
€6430
€1560 – правае калена
€870 – левае калена
Яшчэ мне патрэбныя сродкі на перыяд, пакуль калені будуць аднаўляцца, і я буду маламабільным. Тым часам мне трэба будзе здымаць жыллё, аплачваць бытавыя выдаткі і камунальныя плацяжы.
€4000 на 4-6 месяцаў аднаўлення.