Гэта дабрачынны збор у падтрымку для самых малых – дзяцей беларускіх палітзняволеных унутры краіны і за мяжой. У нашых руках – магчымасць рэальна ім дапамагчы.
Штогод BYSOL атрымлівае каля дзвюх соцень заявак на дзіцячы школьны збор, такі, як гэты. Па дапамогу звяртаюцца сем’і, дзе бацькі, альбо адзін з бацькоў, знаходзяцца ў зняволенні, альбо былі асуджаныя па палітычных матывах. У большасці выпадкаў такія сем’і знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, а збор дзіця ў школу – дадатковы матэрыяльны цяжар.
Дапамога ў 100 еўра з Дзіцячага збору дазваляе пакрыць асноўныя патрэбы: пакупку школьных прыналежнасцяў і прынамсі частку школьнай вопраткі. Гэта простыя рэчы, без якіх цяжка адчуваць сябе ўпоравень з іншымі. Гэта таксама наш сігнал і дзецям, і дарослым, што побач нямала неабыякавых людзей.
Вось што пісалі нам бацькі пасля мінулых збораў:
«Дапамога, якую вы аказваеце, не толькі палягчае матэрыяльныя цяжкасці, але і дорыць дзецям магчымасць адчуваць сябе любімымі і абароненымі»
«Асаблівыя словы падзякі — людзям, што ахвяруюць грошы. Ваш унёсак – гэта акт салідарнасці, дабра і чалавечнасці»
Далучайцеся да збору!
Правілы
- На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана па 100 еўра.
- Агульная сума ўказаная з улікам камісій і збораў банка і плацёжных сістэм.
- Заяўкі на атрыманне дапамогі будуць прымацца да 21 жніўня ўключна.
Хто можа падаць заяўку на атрыманне дапамогі?
- сем'і палітзняволеных з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў ці абодва знаходзяцца ў зняволенні не менш чым тры месяцы (у тым ліку на «хіміі» з накіраваннем або без);
- былыя палітзняволеныя з дзецьмі, вызваленыя пасля 1 студзеня 2024 года.
Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць форму. Калі вы хвалюецеся за вашу бяспеку, запаўняйце яе, не дасылаючы дакументы. Мы з вамі скантактуемся і ўдакладнім неабходную інфармацыю.
Калі ў вас узникнуць пытанні, вы можаце напісаць нам у Telegram: @bysol_pzk.
Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія знаходзяцца ў Беларусі і за яе межамі.
