Леанід Судаленка: «Я выйшаў з турмы — у турму»



ПАДТРЫМАЦЬ ЛЕАНIДА

Леанід Судаленка — гомельскі праваабаронца з 20-гадовым стажам; ён напісаў з траціну ўсіх зваротаў ад беларусаў, зарэгістраваных у Камітэце правоў чалавека ААН.

Леанід быў знакаміты ў Гомелі як «адвакат дармаедаў» — калі абвясціў, што гатовы дапамагаць пацярпелым ад Дэкрэта №3. Узімку 2017 года ў яго офісе не зачыняліся дзверы: людзі ішлі да Леаніда Судаленкі, каб абскардзіць патрабаванне заплаціць дзяржаве за адсутнасць працы. У тыя неспакойныя часы яго пачалі пазнаваць на вуліцах. Праўда, менавіта тады на актыўнага праваабаронцу звярнулі ўвагу і ўлады.

Леаніда затрымалі 18 студзеня 2021 года і ў лістападзе прызначылі пакаранне: тры гады калоніі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэкса. З прысуду стала ясна, за якія канкрэтныя дзеянні яго асудзілі:
 — за дапамогу дровамі шматдзетнай сям'і;
 — за сустрэчу актывісткі з сутак;
 — за семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
 — за тое, што зняўся ў відэа Андрэя Павука, дзе распавядаў пра свабоду сходаў;
 — за тое, што аплачваў адвакатаў, штрафы і судовыя пошліны.

Леанід вызваліўся 21 ліпеня 2023 года і, заўважыўшы падвышаную ўвагу міліцыі, быў вымушаны пакінуць Беларусь. BYSOL пагаварыў са знакамітым праваабаронцам пра затрыманне, час у зняволенні і няпростае рашэнне пакінуць радзіму.
 


— Мяне арыштавалі 18 студзеня 2021 года, а за 13 дзён да арышта адбыліся ператрусы ў офісе і дома. Забралі ўсе дакументы: больш за 350 кейсаў удзельнікаў пратэстаў, якім я дапамагаў абскардзіць рашэнні, тэхніку… Як выявілася потым, ператрусы адбываліся ў межах крымінальнай справы Уладзіміра Няпомнячых. Гэта я потым даведаўся. А крымінальная справа супраць мяне была заведзеная пазней. Мяне затрымлівалі па справе «Вясны».


«Выйшаў з дому, нічога не падазраваючы»

— Затрымалі на выхадзе з пад'езда. Я збіраўся ехаць у офіс — было каля 9 раніцы — выйшаў з дому, нічога не падазраваючы. Былі маразы, і я цёпла апрануўся — пасля гэта вельмі дапамагло. Я выклікаў таксі, пабачыў, што машына ўжо пад'ехала, выкінуў смецце — і там жа, ля бакаў, яны наваліліся, гэтыя амаўцы. З мікрааўтобуса сіняга колеру з зацемненым шклом выскачыла не меней шасці чалавек. Я нават не зразумеў, што адбылося — усё было так імгненна. Адвезлі мяне ў абласны ГУБАЗіК. Абшукалі, забралі ўсё, адтуль павезлі ва Упраўленне следчага камітэта. Там следчая патлумачыла: мы вас затрымліваем па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.
Мне зрабілася кепска — узняўся ціск; следчая выклікала хуткую… Я ўжо разумеў, што не выйду.

Там мяне трымалі да шостай вечара. Я быў у кайданках, мяне вадзілі ў «стакан»… У сутарэнні былога радзільнага дома ёсць памяшканне для затрыманых. Яно называецца «стакан», бо вельмі вузкае.

«Вам адзіночка не патрэбная, лепш удвох, пагаворыце з кімсь»

— Пасля адвезлі мяне ў ізалятар на Міжгародняй. Усе калегі, мой офіс, там раней сядзеў, а я ні разу не быў. Варта адзначыць: у ізалятары да мяне паставіліся добра. Я папрасіўся ў адзіночную камеру, а мне кажуць: «Вам адзіночка не патрэбная, лепш удвох, пагаворыце з кімсь». Пасадзілі ў камеру з хлопцам, які не паліць — праявілі спагаду. Выдалі матрац — тады яшчэ выдавалі бялізну. Гэта пасля я сядзеў у ШІЗА — то там спаў проста на падлозе.

Тры дні быў у ІЧУ, на трэці дзень мяне забралі ГУБАЗіКі і адвезлі ў СК, там ўжо афіцыйна прад'явілі пастанову аб прызнанні мяне абвінавачаным. Спачатку толькі паводле артыкула 342, частка 2: фінансаванне пратэстаў. Але там максімальная санкцыя — да двух гадоў, і мяне нельга было затрымліваць, толькі аформіць падпіску аб нявыездзе. Таму дадалася першая частка: арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак… Там санкцыя — да трох гадоў, і да суда мяне можна было трымаць у СІЗА на Кніжнай.

«Хоць фільмы здымай пра сталінскія рэпрэсіі»

— У гэты ж дзень перавезлі ў СІЗА. Выдалі «вату» — так там называюць матрац — і адвялі ў камеру. Кожнага, хто трапляе ў СІЗА, на першую ноч змяшчаюць у «каранцінную хату». Там проста жудасна, хоць фільмы здымай пра сталінскія рэпрэсіі: сутарэнне, усё сырое, брудныя сцены, змрок, і сабакі брэшуць з вуліцы… Бачна толькі частку неба, калі стаць адмысловым чынам ля акна. Мяне затрымалі ў маразы, таму мне было не так холадна ў камеры, і я спаў не здымаючы дублёнку.
Наступная камера, дзе я сядзеў да суда, была лепей. Але зусім невялікая. Прыбіральня — дзірка ў падлозе, умывальнік з халоднай вадой, у сцяне люстэрка, каб галіцца. Я быў з бародай і спачатку не разумеў правілы. Першае парушэнне, якое на мяне аформілі, было менавіта за «непрыдатны знешні выгляд» — бо не пагаліўся.

Калі мяне закрылі ў ІЧУ, першыя тры дні быў такі стрэс, што я нічога не мог есці. Думаў: ці закрыюць, ці не закрыюць, ці выпусцяць… У СІЗА — новы стрэс, калі прыйшло разуменне: «Будзеш ты, Лёня, да суда тут».

Я пісаў скаргі на змену меры ўтрымання: падпіска аб нявыездзе, паручыцельства — але так і прасядзеў да прысуду 3 лістапада ў камеры нумар тры.

У Гомельскім СІЗА ёсць новы блок і стары. У новым і падвясныя столі, і рамонт; таму, калі нехта скажа, што на Кніжнай можна сядзець з еўрарамонтам, то гэта — пра новае крыло, дзе я не быў.

Пасля прысуду чалавека пераводзяць у камеру для асуджаных: адміністрацыя не дапускае, каб асуджаныя і не былі ў адной камеры. Там было 12 чалавек.

«Во, з якім паважаным чалавекам сядзім»

— Як праходзіць інфармацыя ў СІЗА? Я сядзеў паводле «экстрэмісцкага» артыкула (у іншых камерах былі дазволеныя тэлевізары), а экстрэмістам тэлевізар нельга. Адвакат нешта расказвае. Першыя два месяцы я атрымліваў «Народную Волю» і «Новы Час». Я не ведаю, хто аформіў на мяне падпіску — проста раптам сталі прыходзіць газеты. І ў адным з нумароў «Новага Часу» чытаю артыкул «Затрыманы гомельскі праваабаронца» з маім фотаздымкам. Сукамернікі ўразіліся: «Во, з якім паважаным чалавекам сядзім». У мяне гэты нумар дасюль захоўваецца.

Ну, і лісты. У СІЗА, у адрозненне ад калоніі, было дазволенае ліставанне, штопраўда, праз цэнзара. Мне актыўна пісалі. Атрымліваў ад пяці лістоў на дзень, а было і такое, што прыйшло і 17, і 19 лістоў. Адкідваецца кармушка ў дзвярах, і называюць прозвішчы: Судаленка, Судаленка, зноў Судаленка… Мае сукамернікі ўжо і не падыходзілі да дзвярэй. Мне прышло шмат лістоў. Гэта надзвычай важна. Падтрымка. І знаёмыя, і незнаёмыя людзі пісалі.

Ліставанне спынілася ў калоніі. Я разумеў: не праз тое, што людзі перасталі мне пісаць. У гомельскім СІЗА я атрымаў больш за тысячу лістоў. Я дадому прывёз усе, змагаўся за іх. Я хацеў пакінуць іх у Гомелі, каб не везьці ў калонію, але не дазволілі аддаць жонцы. Хацеў, калі выйду, звязацца з кожным чалавекам: думаў, кожнаму напішу, кожнаму скажу дзякуй.

Давялося везьці лісты ў калонію. Я іх шмат разоў там перачытваў. Часам было так цяжка, накатвала такая туга… А ў калоніі інфармацыйная блакада. Там даходзілі толькі лісты ад жонкі. Калі раней я атрымліваў да 10 лістоў на дзень, а тут аніводнага — канечне, я зразумеў, чаму. Я аператыўнікам казаў: у мяне ў прысудзе не напісана, што я без права на ліставанне. Яны маўчалі і пасміхаліся, а ў вачах чыталася: «Ну, вы жа панімаеце…»

«Пасля прысуду — поўная апатыя»

— Калонія вельмі адрозніваецца ад СІЗА. 26 студзеня ў мяне быў этап. Я ведаў, што еду ў Віцьбу. Хаця думаў, буду сядзець у Бабруйску ці Магілёве, бліжэй да дому, адпаведна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам. Ужо тады да «жоўтых» — да экстрэмістаў, да палітычных — сталі асабліва ставіцца. Кайданкі ў дарозе не здымалі нават уначы, у іх трэба было і спаць. А што такое «сталыпінскі вагон»? — драўляны насціл, лёг без нічога ды спі. Калі б не кайданкі, можна было б хоць руку падкласці пад галаву.

Калі ехаў па этапе, быў такі стан, калі ўсё роўна. Пасля прысуду — поўная апатыя. Я разумеў, што ад мяне болей нічога не залежыць, ні на што не змагу паўплываць. Ты абсалютна бяспраўны чалавек.

Кажуць, Віцьба — «лайтовая» ў параўнанні з астатнімі. Па тэрыторыі — як чатыры футбольныя палі, двухпавярховыя баракі. Яна разлічаная на 1500 чалавек, і калі я там сядзеў, там знаходзілася каля дзевяцісот чалавек. У кожным з 12 атрадаў — ад 50 да 100 человек. У нашым было — пад сто.

Ёсць прамысловая зона, куды зняволеныя ходзяць на працу. Швейны цэх, дрэваапрацоўка і цэх металу, яго можна і так назваць. Я потым працаваў менавіта там. Дастаюць з зямлі тэлефонныя кабелі, якія там ляжалі з 70-х гадоў, каб дастаць волава, алюміній, медзь. Але адмысловага станка няма, гэта робіцца ўручную. Даюць молаток, нож і пласкагубцы — ўвесь твой рыштунак. За адмову ад працы — ШІЗА.

Першыя восемь месяцаў я быў разнарабочым на дрэваапрацоўцы: падмесці пілавінне, аднесці штоьсці, перанесці дошкі… Пілуюць драўніну, робяць паддоны. 

Леанід Судаленка, калі быў юрыстам незалежнага прафсаюза, абараняў правы рабочых; сярод іх было нямала людзей з вытворчымі траўмамі, у тым ліку, і тых, хто пацярпеў на лесапілцы. Таму ў лагеры давялося не раз згадаць пра сваіх падапечных.

— Няшчасныя выпадкі на дрэваапрацоўцы здараюцца часта. Тэхнікі бяспекі там няма ад слова «наогул». Я глядзеў і думаў: як зняволеныя могуць так працаваць? Новая рука ж не вырасце. Таму пацярпелых, якіх я абараняў, згадваў часта. Якая ахова працы? Аніякай. Калі сам пра сябе не падбаеш. Рукавіцы, калі з дому не прыйдуць, каб працаваць з металам, рукі будуць сколатыя, зрэзаныя. Ты ж з дротам маеш справу, рукі заўсёды чорныя, у салідоле… Добра, што я меў магчымасць атрымаць пальчаткі.

Нядзеля ці субота — выхадны, гэта залежыць ад рабочай змены. Што рабіць у вольны час? Некаторыя казалі так, і я з гэтым згодны: лепш на «промцы», чым у бараку. Там час хутчэй бяжыць.

«Траціна калоніі — палітычныя»

— Вядома, я сустрэўся з Максімам Знакам. Ён трапіў у калонію на этап раней за мяне, дзён на пятнаццаць. Мы былі ў розных атрадах, але я змог з ім пагаварыць. Акрамя таго, калі заходзілі на прамысловую зону,часам можна было пастаяць пяць хвілін, абмеркаваць апошнія падзеі.

З Максімам мы мелі зносіны да таго часу, пакуль не было прынята рашэнне трымаць яго ў бараку ўзмоцненага рэжыму, то-бок у адзіночцы. Да яго, відаць, будуць прымяняць 411 артыкул. Вядома, што з яго наўмысна зрабілі злоснага парушальніка. Мяркуючы па ўсім, яму дадуць год крытай турмы, і ён паедзе ў Магілёў…

Што значыць «палітзняволены»? У калоніі гэта экстрэміст. Той, хто носіць жоўтую бірку. Калонія — 900 чалавек, і з сотні чалавек нашага атрада 25-30 — з жоўтымі біркамі. Значыць, траціна калоніі — палітычныя. Мы не проста размаўлялі — мы жылі ў адным атрадзе 24/7. Вядома, усё абмяркоўвалі і дзяліліся навінамі.

Розныя там ёсць людзі, у тым ліку і сярод «жоўтых». Напрыклад, нехта сядзіць за «п'яны руль» (смяротнае ДТП — рэд.), атрымаў тэрмін сем гадоў, але ў яго на мабільным знайшлі відэа, дзе ён на акцыі пратэсту ў 2020 годзе, а ў турму трапіў толькі цяпер. Яго і прызначылі экстрэмістам. А ён ад палітыкі далёкі, бо ён байкер, яго цікавяць толькі матацыклы. Мне з ім не было пра што размаўляць. А былі і людзі ўсвядомленыя: бчб-шнікі, або «борцуны», як нас там называлі — і іншыя зэкі, і адміністрацыя між сабой.

Як жыць з жоўтай біркай

— У калоніі лягчэй, чым у СІЗА. Міні-свабода — дыхаеш свежым паветрам, бачыш дрэвы, птушак, неба, сонца… Там не кураць у бараках. 

Але калі ты з жоўтай біркай — для цябе асаблівыя ўмовы ўтрымання, хоць паводле закону яны не мусяць адрознівацца. Усіх правяраюць два разы, а ў нас — тры дадатковыя праверкі на дзень. Прыходзіць супрацоўнік адміністрацыі і робіць пераклічку, ці ўсе на месцы — гэта тычыцца толькі прафуліку. Праз гучную сувязь кажуць: «Прафулік восьмага атраду, пашыхтавацца ў лакальным участку» — значыць, усе з жоўтымі біркамі павінныя выйсці. Працэдура — пяць хвілін, але калі, напрыклад, увечары навіны, ты на іх не паспяваеш. Хочацца ж паглядзець навіны ў «ленінскім пакоі», дзе тэлевізар на сцяне. Адміністрацыя дазваляла глядзець СТБ.

 

ПАДТРЫМАЦЬ ЛЕАНIДА

 

Як у калоніі даведаліся пра вайну

— Пра тое, што пачалася вайна, я даведаўся па тэлевізары. З навінаў разумелі, што адбываецца. Я ведаю, што такое беларускія навіны ў версіі СТБ. Нават з іх можна рабіць высновы. То расійскі канал, які дазволілі глядзець, распавядае пра вайну ва Украіне так, быццам Расія нагэтулькі акуратна вядзе нават не вайну, а спецаперацыю; нібы ваенныя пільнуюць, каб не дай бог шкло не пабілася, не параніла чалавека — мы разумелі, што гэта не так.

Некаторыя навіны атрымлівалі з тэлефанаванняў. У людзей з жоўтымі біркамі былі асобныя тэлефонныя размовы, і аператыўны супрацоўнік слухаў, пра што мы гаворым. Як толькі чуў, што пра вайну, адразу перарываў размову.

Чарнігаў жа для мяне — як родны горад, дзе я ледзь не сваіх дзяцей расціў, ездзіў туды па прадукты — і я даведаўся, што Чарнігаў бамбілі… Для мяне гэта быў шок.

Але не ўсе ў калоніі гэтак жа ўспрымалі навіны пра вайну. У людзей розныя тэрміны: у кагосьці, як у мяне, невялікія, а некаму сядзець 15, 20 гадоў. Мы, палітычныя, у сваім коле абмяркоўвалі навіны, а многіх цікавяць фільмы, баевікі, розная музыка… Як і ў кожным грамадстве, сярод зняволеных ёсць групы з рознымі інтарэсамі.

У кагосьці — моцны чай, у кагосьці — кнігі. Я штодня стараўся хадзіць на стадыён. У кожнага атрада ёсць гадзіна, калі можна туды пайсці. Нехта бегае, ходзіць, у футбол гуляе, у валейбол; узімку — хакей. Нехта чытае, нехта піша лісты дадому, гуляе ў нарды, шахматы, шашкі…

Я хадзіў у шахматны клуб. І на турніры калоніі я нават заняў другое месца. Мне абяцалі грамату падпісаць, але зноў жа, праз тое, што я з жоўтай біркай, грамату не далі. Прыязджаў грасмейстар з сеансам адначасовай гульні, а мяне не дапусціліі. І чалавек, у якога я выйграваў раней, партыю з грасмейстарам звёў на нічыю. То ў мяне таксама былі б шанцы. Але, да жалю, абмежавалі нават у гэтым. Такая дыскрымінацыя.

Мукавозчык расказвае пра грамадзянскую супольнасць

— Я выпісваў і дзяржаўныя газеты: «СБ», «Гомельскую праўду»… Выпісваў, каб хоць бы штосьці ведаць, быць у курсе, што адбываецца: куды паляцеў Лукашэнка, з кім правёў перамовы, куды рухаецца краіна… І, калі агулам, было зразумела. Выйшаўшы, я даведаўся, што толькі вядомых палітзняволеных — з паўтары тысячы. Я гэта разумеў: я быў там, сам іх бачыў. Людзі сядзяць ні за што: за лайкі, за данаты, за тое, што расійскую тэхніку сфатаграфавалі… Я бачыў, што тэрміны сталі даваць значна большыя, чым я атрымаў. Я разумеў, што краіна рухаецца ў большы, катастрафічны прававы вэрхал.

Ведаў і пра разгром незалежных СМІ і НДА — у газетах было, у перакручанай форме, але я зразумеў. Бо ў «СБ» друкуецца чалавек па прозвішчы Мукавозчык. Вось ён, ёрнічаючы, пра ўсё гэта расказваў.

«Я выйшаў з турмы — у турму». Эвакуацыя

— Выехаць мне дапамог Фонд BYSOL. Калі я вызваліўся, быў шок. Я нават не ведаў, у які бок рухацца і што рабіць. Я стаў на ўлік у міліцыі — кожны пасля вызвалення мусіць цягам трох дзён стаць — і даведаўся, што па нядзелях трэба хадзіць на прафілактычныя мерапрыемствы. Напрыклад, нам паказвалі фільмы пра наркаманаў. Было человек сорак. І пяць гадоў чатыры разы на месяц трэба хадзіць на прагляды.

Але да мяне была падвышаная цікаўнасць: міліцыя прыязджала па два разы на дзень. Паглядзеў фільм — увечары прыязджаюць дадому, пад відэарэгістратарам: «Распішыцеся, што мы да вас прыехалі, і вы дома». Стаўлю дату, час і подпіс. Кажуць: «Мы да вас і ўначы можам прыехаць». У мяне даведка аб вызваленні, я думаў, што адбыў тэрмін — а аказваецца, што не. Як жыць у такім рэжыме? Зразумеў, што тым, чым я займаўся, я больш займацца не змагу.

У калоніі я думаў, што выйду і буду, як раней, прымаць людзей на Палесскай. Я думаў, буду прысуд абскарджваць. А калі сцяміў, што гэта немагчыма, у мяне не было іншага варыянту, акрамя таго, як з’ехаць у бяспечнае месца. Я выйшаў з турмы — у турму. Як жыць у такім рэжыме, калі табе забаронена ўсё, калі сам сабе ўсё забараняеш, не можаш зайсці на які-небудзь сайт, напісаць каментар — я не такі чалавек. За час знаходжання там я не здрадзіў ні свайму сумленню, ні сваёй свабодзе. Я вольны человек. Вядома, мой ад'езд быў пытаннем часу.

Я не ведаў, што знаходжуся ў спісах невыязных, але дакладна ведаў, што я ёсць у рэспубліканскім спісе экстрэмістаў.

Андрэй Стрыжак з BYSOL адным з першых патэлефанаваў пасля вызвалення, і мы пагаварылі, ён спытаў: якое вы прымаеце рашэнне? Я яшчэ вагаўся: сям'я… Я ж у зняволенні маліў бога, каб маці пабачыць: яна ўжо ўва ўзросце, 84 гады… Я разумею, што ў любы момант… Хацелася пабачыць яе жывую. Я пабачыўся і ўжо развітаўся з ёй.

Вядома, я разумеў, што трэба ехаць. Каманда BYSOL распавяла, якія існуюць механізмы, якія шляхі выезду, я атрымаў новы пашпарт і выехаў так, як мне прапанавалі. Сам я, не ведаючы ўсяго, паехаў бы на Каменны лог і стаў бы там у чаргу — і я разумею, што фармальна я, канечне, выязны, але на мяжы іншыя спісы…

 

ПАДТРЫМАЦЬ КАМАНДУ BYSOL
 

ПАДТРЫМАЦЬ ЗБОР НА ЭВАКУАЦЫЮ

 

Відаць, я не магу тут распавядаць усе дэталі выезду, якія мне прапанаваў BYSOL, але хачу сказаць, што гэты варыянт спрацаваў. Шлях быў няпросты, даўся цяжка, але аказаўся правільным. У маім выпадку ад'езд прайшоў у рэжыме эвакуацыі, бо трэба было спяшацца: я адчуваў, што ў любы дзень мяне могуць зноў арыштаваць. І нарэшце я прыехаў у бяспечнае месца.

Што зараз?


— Што зараз — добрае пытанне. Я лічу, што я ў камандзіроўцы. Калі я прыехаў у калонію, разумеў, што мая камандзіроўка завершыцца з заканчэннем тэрміну. А сюды я прыехаў — і не ведаю. Я спрабую знайсці адказ, наколькі яна зацягнецца.

Вельмі шмат палітзняволеных. Трэба змагацца за вызваленне ўсіх, у тым ліку Машы Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага — за ўсіх. А што рабіць? Я планую размаўляць, атрымліваць інфармацыю: ці ўсё правільна робіцца, каб вызваліць іх? Гэтыя людзі знаходзяцца ў нечалавечых, падкрэсліваю, нечалавечых ўмовах за свае погляды і перакананні. Гэта недапушчальна.

У праваабароне, вядома, я застануся. Праваабарона — гэта маё ўсё. Яна заўсёды прыцягвала мяне больш, чым палітыка. Я буду шукаць, дзе прымяніць свае веды. Я ехаў у Вільню, бо тут усе мае калегі праваабаронцы, «Вясна» і астатнія. Я гатовы падставіць плячо тым, каму патрэбная дапамога. Гатовы сваім удзелам набліжаць той дзень, калі мы ўсё вернемся дадому, у Беларусь.

 

ПАДТРЫМАЦЬ ЛЕАНIДА

Агульны збор

BYSOL падтрымлівае вызваленых палітвязняў і іх сем'і, людзей, вымушаных пакінуць краіну, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, а таксама ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам змагацца з беззаконнем у краіне.