Добры дзень! Мяне завуць Юля, мне 27 гадоў. Я нарадзілася і вырасла ў Пінску. Вучылася ў беларускай школе і апошнія два класы шла па профілі гісторык-грамадазнаўца. Потым я паступіла ў педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і да 2020 года працавала ў нацыянальным дзіцячым цэнтры «Зубраня».
Мяне заўсёды акружалі людзі, якія змагаліся за вольую Беларусь.
Падчас мітынгаў 2020 года я знаходзілася ў Менску і брала ўдзел у розных мерапрыемствах, на якіх беларусы дапамагалі адно аднаму. Таксама я вяла тык-ток, у якім выкладала ролікі ў падтрымку беларускай мовы, культуры і гісторыі. Пісала вершы на роднай мове. З-за ўсяго гэтага з папярэдняга месца працы я атрымала негатыўную ідэалагічную характарыстыку і больш не змагла працаваць у школах.
У красавіку 2021 года ў мяне нарадзіўся сын і так атрымалася, што мы засталіся з ім адны. Жылі ў Пінскім раёне – наш дом знаходзіўся наўпрост на трасе Пінск — Столін. І калі пачалася вайна, і расейскія войскі ўваходзілі на тэрыторыю Ўкраіны, мы бачылі рух тэхнікі, чулі як лятаюць самалёты, бачылі як праляцела ракета.
У сваіх сацсетках я працягвала падтрымліваць украінцаў, пісала словы падтрымкі беларускім добраахвотнікам і ўсім беларусам за мяжой. А аднойчы я зняла на відэа калону танкаў і адправіла той ролік у тэлеграм «Радыё Свабода» ў надзеі хоць неяк дапамагчы.
12 снежня 2023 года да мяне дадому прыехалі два міліцыянты з Берасця. Яны спыталі пра мой тык-ток, папрасілі паказаць ім тэлефон і тэлеграм. Пасля гэтага яны забралі мяне ў пастарунак, дзе шукалі ўсё — ад каментароў да таго, ў якіх чатах я была. Знайшлі і тое самае відэа з тэхнікай. У той раз мяне адпусцілі, але тэлефон пакінулі сабе.
А потым, 13 студзеня 2024 г. зноў прыехалі супрацоўнікі органаў і адвезлі мяне да следчага. Ужо ў будынку міліцыі паведамілі, што я застануся прынамсі на трое сутак. Зноў забралі тэлефон і рэчы. Адвялі ў камеру для палітвязняў, дзе не зачынялася акно, і былі голыя дошкі, на якіх ляжаць можна было толькі ўначы. Начамі нас будзілі і прымушалі расказваць афіцыйны гімн.
Праз тры дні мяне адпусцілі, бо ў мяне малыш да трох гадоў. Сказалі, што выезд за мяжу мне забаронены і што на мяне распачатая справа па артыкуле 361-4 (арт. 361-4 КК РБ — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) з-за той калоны танкаў, маўляў, гэта здрада радзіме. Адвакат была настроена вельмі скептычна на маю справу і сказала, што брацца бессэнсоўна — толькі прызнанне і пакаянне, больш нічога не дапаможа. Следчы яшчэ хацеў адабраць мой пашпарт, але я выйграла час тым, што трэба было аформіць даверанасць на малога маёй маме.
Адзіная надзея была на BYSOL. Хоць было вельмі страшна, што знойдуць і прачытаюць, але я напісала ім. У самыя кароткія тэрміны я ўзяла рэчы дзіцяці — для сваіх ужо не было месца — выехала з краіны і ў выніку апынулася ў Літве. Грошы ўзяла толькі тыя, што былі назапашаныя за некалькі гадоў ($700).
Прашу дапамогі на першыя паўгады.
Сума збору:
€4500
Грошы патрэбны на жыллё, харчаванне, аплату дзіцячага сада, мінімальныя сродкі гігіены.