Падтрымка Сяргея Юхно: аднаўленне пасля аперацыі

  • Гісторыя

30 жніўня 2020 года я ішоў у калоне вялікага маршу ў цэнтры Менска. Мы падышлі да Палаца Незалежнасці і ўперліся ў загароду са спецтэхнікай. Бліжэй да вечара пачаўся дождж, і людзі пачалі паціху разыходзіцца. Калі нас стала менш, раптоўна выскачылі АМАПаўцы і пачалі хапаць усіх запар. Некаторых збівалі.

Нягледзячы на ​​тое, што я спрабаваў трымацца далей ад сілавікоў, у нейкі момант натоўп вынес мяне на першую лінію. Там я сутыкнуўся нос да носа з Карпянковым, які размахваў дубінкай і стараўся каго-небудзь ударыць. У той момант я не ведаў, хто гэта, думаў — звычайны АМАПавец. Абараняючыся ад удару, я схапіў Карпянкова і адцягнуў яго ў бок ад пратэстоўцаў.

У той дзень мяне не схапілі. Я вярнуўся дадому. Аднак пазней я зразумеў, што Карпянкоў запомніў той момант, калі я яго адцягваў, і загадаў мяне знайсці.

Праз паўтара месяца, 12 кастрычніка, я быў на працы, а жонка дома. Пазванілі ў дамафон і загадалі адчыніць. Жонка спалохалася і на аўтамаце адчыніла. Прычым адразу абедзве дзверы: і дамафон, і ўваходныя. Мы жылі на першым паверсе, таму яна не паспела апамятацца, як у кватэру ўварваліся сілавікі і пачалі пераварочваць усё дагары дном. Чакалі мяне.

Хутка я прыехаў з працы. Мяне схапілі і збілі. Я спрабаваў супраціўляцца, але гэта было бессэнсоўна. Мяне забралі ў пастарунак, яшчэ раз збілі, дапытвалі 8 гадзін, а потым прымусілі запісаць «пакаянае» відэа. Пасля гэтага адправілі ў ІЧУ на трое сутак.

Два дні мяне ўвогуле не кармілі. А калі я папрасіў крыху вады, дзяжурная адказала: «Тут табе не гатэль. Падстаўляй далоні, я ў іх кіпню налью!». На трэці дзень далі крыху турэмнай ежы і адпусцілі праз пару гадзін.

Другі раз мяне забралі з працы 7 ліпеня 2021 года. Адразу далі 10 сутак ІЧУ, потым дадалі яшчэ 15, нібыта за непадпарадкаванне.

Потым па мяне прыходзілі ў снежні 2021 года. 30 сутак ІЧУ. Мая мама вельмі перажывала за мяне, бо ніхто з нас не разумеў, чаму да мяне такая ўвага. Неўзабаве пасля таго, як я выйшаў, яна памерла. Не вытрымала сэрца.

Мяне абвінавацілі адразу паводле двух артыкулаў: 368 і 369 КК РБ (арт. 368 КК РБ — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; арт 369 КК РБ – абраза прадстаўніка ўлады) і прызначылі суд на 15 сакавіка 2021 года. Аднак за дзень да суда, 14 сакавіка ў 7 гадзін раніцы, выламаўшы ўваходныя дзверы, у маю кватэру ўварваліся 12 ГУБАЗікаў. Я не паспеў нічога зразумець, як у мяне на руках зашчоўкнуліся кайданкі і мяне павезлі ў Ленінскае РУУС. Там я правёў 3 сутак без ежы і вады. Потым мне далі 10 сутак на Акрэсціна, прынеслі падпісаць нейкую паперу, але я адмовіўся. Дадалі яшчэ 13 сутак.

На Акрэсціна мяне катавалі: ламалі рукі і білі па каленях. Справа ў тым, што ў іх не было 100% доказаў, што гэта менавіта я некалі на мітынгу адцягнуў Карпянкова. Таму з мяне хацелі выбіць прызнанне. Але я не падпісаў ніводнай паперы.

Пасля таго, як мяне адпусцілі, я вельмі хутка сабраў рэчы і з'ехаў. Кружнымі шляхамі дабраўся да Вільні. Тут я падаўся на медыцынскую праграму ByHelp і мне дапамаглі аплаціць аперацыю на калене, якое было пашкоджана падчас збіцця. А цяпер прыйшла чарга разбірацца з рукой. Пасля ўсіх абследаванняў мне быў пастаўлены дыягназ: «масіўны разрыў вярчальнай манжэты правага плечавога сустава» і прызначаная новая аперацыя. Я зноў падаўся на праграму ByHelp і мне яе аплацілі. Але праблема ў тым, што гэтай праграмай не пакрываецца рэабілітацыя, а бліжэйшыя некалькі месяцаў я не змагу варушыць рукой і працаваць. Таму звяртаюся да вас па дапамогу:

Мне трэба аплаціць курс тэрапіі, які ўключае ў сябе фізіятэрапію, заняткі з рэабілітолагам і медыкаменты. Таксама мне патрэбна дапамога з аплатай жылля, пакуль я буду аднаўляцца і вяртацца да нармальнага жыцця.

Дзякую за тое, што выслухалі маю гісторыю і адгукнуліся.

Сяргей Юхно.

Сума збору

€3200

€2200 – санаторнае лячэнне цягам 20 дзён + усе медыцынскія працэдуры і лекі
€1000 – арэнда кватэры на 2 месяцы, пакуль рука будзе аднаўляцца

Сабрана:
€ 56 з 3 200