Дапамога Касіі Брыцько захаваць зрок

  • Гісторыя

Мяне завуць Яўген Брыцько. Я хрысціянін, палітычны ўцякач і бацька 5 дзяцей. Мая дачка – яе завуць Касія – ад самага нараджэння мае праблемы са зрокам. У яе дыягнаставана мутацыя гена PAX6, з-за чаго радужныя абалонкі яе вачэй амаль цалкам адсутнічаюць.

Гэты рэдкі стан завецца анірыдыяй. Ён прыводзіць да множных ускладненняў: святлабоязні, міжвольнаму руху вачэй, дыстрафіі сятчаткі і атрафіі зрокавага нерва.

Добрая навіна ў тым, што пры правільным і своечасовым лячэнні, можна трымаць усе гэтыя хваробы пад кантролем і доўгі час захоўваць зрок на прымальным узроўні. Але калі нешта запусціць, то дэградацыя зроку адбываецца вельмі хутка.

Два з паловай гады таму мы з сям'ёй былі вымушаны з'ехаць з Беларусі. Мы адцягвалі гэты момант да апошняга, бо разумелі: з дыягназам нашай дачкі ў новай краіне будзе вельмі няпроста. Як растлумачыць лекарам на чужой мове нюансы яе хваробы? Як знайсці даступнае лячэнне? І галоўнае – як дапамагчы ёй адаптавацца ў новым свеце, які нават мы, дарослыя, самі да канца не разумеем?

Аднак беларускі рэжым не пакінуў нам выбару. Напрыканцы 2020 года да нас пачалі прыходзіць супрацоўнікі службы сацапекі. Фармальна, яны цікавіліся станам спраў у нашай шматдзетнай сям'і. Яны задавалі пытанні аб даходах, аглядалі дом, рабілі выгляд, што клапоцяцца. Але ўсім – і нам, і ім – было зразумела, навошта яны тут. Яны збіралі матэрыялы, каб забраць дзяцей. Мы чулі такія гісторыі ўжо не раз: бацькоў адпраўляюць у калонію, а дзяцей – у прытулкі.

Справа ў тым, што ніхто з нас не застаўся ў баку падчас пратэстаў. Мы хадзілі на маршы, удзельнічалі ў дваровых актыўнасцях, а на дзвярах майго гаража былі напісаны словы «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ» і імёны ўсіх людзей, забітых падчас пратэсту.

Аднойчы ўвечары я стаяў каля гаража, дзе быў той надпіс, і злавіў сябе на думцы, што там могуць з'явіцца і нашы імёны — маё, маёй жонкі, нашых дзяцей. Гэтая думка працяла мяне як удар, і ў той момант я зразумеў: застацца – значыць выракчы ўсіх. Мне трэба было абараніць сям'ю любой цаной. І мы пачалі рыхтаваць наш ад'езд.

Перш за ўсё я зрабіў усім візы ў Літву і вырашыў пытанні з легалізацыяй. Затым – даведаўся пра лячэнне Касіі ў новай краіне. Пасля гэтага мы з жонкай прадумалі варыянты заробку. Мы дачакаліся, калі наш старэйшы сын скончыць каледж у Беларусі, і пасля гэтага, у жніўні 2022 года, з'ехалі.

Усё ішло нядрэнна, аднак некалькі месяцаў таму ў Касіі па незразумелай прычыне пачаў расці ўнутрывочны ціск. Мы спалохаліся, бо калі гэты працэс не спыніць, адбудзецца сцісканне крывяносных ссудзінаў. А гэта прывядзе да незваротнага пашкоджання глядзельнага нерва і поўнай страты зроку.

Тут, у Вільні, мы звярнуліся да найлепшых спецыялістаў – як платных, так і бясплатных, – абышлі ўсе магчымыя клінікі і шпіталі. Але, на жаль, на дадзены момант вырашыць праблему не ўдалося. Унутрывочны ціск у Касіі застаецца высокім, і яе зрок працягвае пагаршацца.

Мы знайшлі ў Ізраілі клініку (Sheba Medical Center), лекары якой паглядзелі дакументы Касіі і запрасілі яе на абследаванне і аперацыю. Цяпер – гэта наш галоўны шанец захаваць зрок нашай дачкі. На жаль, фінансава гэтую паездку мы ўжо не цягнем. Я звяртаюся да вас па дапамогу, каб даць нашай дачкі шанец на светлую будучыню.

Касія – не проста дзяўчынка з дыягназам. Яна сапраўдны сонечны праменьчык нашай сям'і. І нягледзячы на ​​праблемы са зрокам, яна любіць яркія колеры. Яе ўлюбёны колер – жоўты. Аднойчы, калі ёй было тры гады, яна сказала: «Жоўты – гэта колер шчасця. Я заўсёды яго бачу». Яе сіла духу дапамагае нам не апускаць рукі, нават калі здаецца, што мы апынуліся ў тупіку.

*BYSOL мае ўсе пацвярджальныя медыцынскія дакументы

Сума збору

€11000

€1500 – дарога з Вільні ў Ізраіль і назад для 2 чалавек (Касія і мая жонка).
€1500 – пражыванне цягам 10 дзён, пакуль будзе працягвацца абследаванне і аперацыя.

€1700 – комплекснае абследаванне Касіі, уключаючы аналізы і кансультацыі профільных спецыялістаў, а таксама падрыхтоўка да аперацыі.
€5000 – аперацыя на абодва вока, якая ўключае ўстаноўку дрэнажных сістэм для зніжэння ўнутрывочнага ціску.
€1300 – пасляаперацыйны дагляд і назіранне.

Сабрана:
€ 3 289 з 11 000