Пачынала з удзелу ў масавых пратэстах у родным горадзе, нядзельных маршах, пасля, калі стала небяспечна, «шпацырах» выходнага дня, вязала і раздавала БЧБ бранзалетыкі і фенечкі, расклейвала ўлёткі з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі, правядзення сумленных выбараў, свабоды палітвязняў. З сярэдзіны жніўня па верасень сумесна з дабрачынным праектам KaliLaska арганізавала ў сябе ў краме збор рэчаў і канцтавараў для школьнікаў, бацькі якіх бастуюць. А далей, калі пачаліся затрыманні сяброў і знаёмых, арганізоўвала збор і перадачу сродкаў на выплату штрафаў. У лістападзе, пасля забойства Рамана Бандарэнкі, уступіла ў дваровы чат і далучылася да актывістаў. Распаўсюджвала газеты, улёткі, удзельнічала ў флэшмобах, у тым ліку ў падтрымку Вольгі Хіжынкавай, аказвала пасільную фінансавую дапамогу ў зборы сродкаў у чаце на аплату перадач і адвакатаў зняволеным, закупляла і перадавала валанцёрам канверты.
Увечары 6 чэрвеня 2021 была затрыманая з таварышам падчас расклейвання ўлётак палітычнага характару супраць дзейнай улады і дастаўлена ў РАУС. Далей як у страшным сне: допыты, знявага, псіхалагічны ціск, бяссонная ноч у прыёмным аддзяленні, з раніцы зноў допыты, следчы камітэт, узбуджэнне крымінальнай справы па арт.368 ч.2 за публічную абразу прэзідэнта і абвінавачванне яго ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, кайданкі, зноў РАУС і «малпеньнік», больш за суткі без ежы і вады. А дома тым часам двойчы праводзілі ператрус: у 3 гадзіны ночы ў прысутнасці непаўналетняй дачкі і на наступны дзень, бо не маглі знайсці мой тэлефон. Канфіскавалі кампутар і ноўтбук дачкі.
Толькі ўвечары 7 чэрвеня я была дастаўлена ў ІЧУ УУС аблвыканкама, дзе правяла трое сутак.
У ІЧУ палітычных прымаюць па-асабліваму: матрацы і бялізну не пакладзены, святло гарыць кругласутачна, з 6 раніцы і да адбою на ўсю гучнасць уключаюць радыёпрымач, так, што да абеду галава расколваецца невыносна, жудасная антысанітарыя, блашчыцы, анучу, змочаную ў растворы. для ўборкі камеры давалі раз у суткі на паўхвіліны. Зноў допыты, пагрозы звальнення мужа і вызначэння дзіцяці ў органы апекі. Праз трое сутак нечакана адпусцілі пад хатні арышт, хаця я бачыла падпісаныя дакументы аб пераводзе ў СІЗА. Ужо пасля, калі мяне паўсюдна пераследвалі супрацоўнікі органаў, адсочваючы кантакты, я зразумела, чаму пакуль на свабодзе. За 2 тыдні па маёй справе памянялася 3 следчыя. Падчас апошняга допыту мне выразна далі зразумець, што калі я не пайду на ўгоду са следствам, меру стрымання да суда мне зменяць. Я выдатна разумела, што прысуд па маім артыкуле не дасць мне шанцу застацца на волі.
Да наступнага допыту заставалася 2 дні, на сямейнай радзе было прынятае нялёгкае рашэнне пакінуць краіну.
Якая сума неабходна?
3605 € – Часовае пражыванне і харчаванне ва Украіне 3-4 тыдні, віза, страхоўка, квіткі ў Польшчу для мяне і сям'і, пражыванне і харчаванне ў Польшчы да ўладкавання на працу.