Прывітанне! Я мастачка Ксіша Ангелава, малюю палітвязняў. За апошнія гады стварыла больш за 1100 партрэтаў, якія пераўтварыліся ў выставу «Мартыралог Беларусі». Вы маглі бачыць яе ў лістападзе 2023 года ў Вільні ці ў траўні 2024-га ў Варшаве.
Усё пачалося са смерці Рамана Бандарэнкі, які таксама быў мастаком. Потым мы пачалі даведвацца пра дзясяткі арыштаваных, і я дала своеасаблівае абяцанне – намалюю ўсіх, і тады іх выпусцяць, пераможам гэта зло. Але колькасць арыштаваных стала расці ў геаметрычнай прагрэсіі: малюю за тыдзень тры партрэты, а затрымліваюць трыццаць чалавек. Пісаць партрэты ўсіх фізічна не паспяваю. Аднак я працягваю, бо гэта маё абяцанне. І своеасаблівы архіў, каб гучалі галасы арыштаваных, каб пра іх памяталі. З сем'ямі некаторых палітвязняў перапісваюся.
Таксама працягваю маляваць, каб свет не забываўся пра наш боль. Калі бач, як замежнікі рэагуюць на мае выставы, пачынаюць уключацца ў нашу позву, то вельмі цешуся. Гэта дазваляе працягваць, не падацца спакусе спыніцца і прызнаць, што нічога не працуе, а людзі ўсё яшчэ там.
Такую творчую працу цяжка сумяшчаць з працай, асабліва чатыры гады запар. Я малюю за свой кошт і матэрыялы, у вольны час. І не магу ўладкавацца на сталую працу праз выставы: вельмі часта запрашаюць у розныя галерэі. Але гэта звычайна толькі квіток, у рэдкім выпадку нейкая сціплая ежа. Таму некалькі гадзін у тыдзень працую з беларускімі дзецьмі, а таксама з польскімі з СДУГ, бо маю педагагічную адукацыю. Гэтага хапае толькі на кватэру, у якой жывём мы з дачкой.
За ежай прыходзіцца звяртацца па дапамогу – выручае створаная нядаўна група харчовай дапамогі для беларусаў на чале з Сяржуком Мельянцом. Час ад часу мне дапамагаюць набыць матэрыялы, нядаўна падаравалі сканер, каб я магла архіваваць свае працы. Але рэсурсаў не застаецца зусім.
Да таго ж мая сітуацыя ўскладняецца станам здароўя. У 2011 годзе захварэла на анкалогію, перанесла шэраг аперацый. У тым ліку выдаленне малочных залоз і жаночых органаў. У мінулым годзе дактары непакоіліся, што я выйшла з рэмісіі і паклалі мяне ў шпіталь. Выразалі міндаліны і зрабілі аперацыю на звязках, а потым я паўгады правяла на хіміятэрапіі. Але гэта не канец: патрэбна яшчэ адна аперацыя на страваводзе.
Праблема ў тым, што ў Польшчы вельмі складана патрапіць да дактароў. Я запісана на 2026 год, бо раней няма месцаў. Вашая дапамога дазволіць атрымаць кансультацыю хутчэй і не чакаць столькі часу. А таксама набыць сабе лякарствы, аплаціць жыллё і ежу.
Буду ўдзячна за любую дапамогу!
Сума збору
€3750
€2000 – платныя паходы да дактароў
€1100 – арэнда кватэры
€650 – побытавыя расходы і ежа