Вярнуцца да іншых Ініцыятываў

Дапамога валанцёру з дзіцем

У красавіку 2020 года я, як валанцёр, займалася пашывам ахоўных камбінезонаў для медработнікаў Рагачоўскай ЦРБ, у сувязі з чым мне даслалі падзячны ліст. Пасля выбараў 09.08.20 удзельнічала ў большасці акцыяў, мітынгаў і шэсцяў у сваім горадзе. У кастрычніку была запрошаная на размову з начальнікам крымінальнага вышуку Рагачоўскага РАУС, дзе мне патлумачылі, што пратэставаць нельга і нельга размаўляць з іншымі «нязгоднымі» ні асабіста, ні ў чатах.

З лістапада 2020 года я была валанцёрам МЦГІ «Наш дом» — збірала кейсы пацярпелых. Дапамагала пацярпелым ад рэпрэсій землякам рыхтаваць дакументы на кампенсацыю паслуг адвакатаў, кампенсацыю штрафаў, замаўляла для іх і іх сем'яў прадуктовыя наборы са свайго акаўнта ў е-дастаўцы. У ліпені 2021 года ў Мінску была затрымана актывістка МЦГІ «Наш дом» Юлія Гарачка, пасля чаго пайшла новая хваля затрыманняў.

Органамі прапрацоўваюцца ўсе ланцужкі яе кантактаў. Я з ёй размаўляла не наўпрост, а праз каардынатара, але знайшлі і мяне. 20.07.2021 у 7.20 раніцы да мяне дадому прыйшлі трое супрацоўнікаў абласнога КДБ г.Гомеля. Пры панятых быў зроблены ператрус, шукалі зброю, грошы, наркотыкі. У вуснай форме паведамілі, што я з'яўляюся сведкам (пакуль) па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле 289 КК (тэрарызм). Канфіскавалі мой тэлефон.

Склалі пратакол ператрусу і выняткі (на руках) Зрабілі скрыншоты перапісак з тэлеграма, склалі чарговы пратакол, пасля чаго мяне адпусцілі. Займаліся мной яны ўтрох з 7 раніцы да 9-й вечара, пагражалі адправіць у СІЗА. 23.07.21 у 7.15 раніцы да мяне дадому прыехаў участковы і запатрабаваў, каб я паехала з ім у РАУС.

Участковаму я патлумачыла, што сёння паехаць не змагу, бо зараз выязджаю ў бальніцу рэабілітацыі ў в. Аксакаўшчыну Мінскай вобласці, каб забраць маці (яе якраз выпісалі). Участковы запрасіў мяне ў панядзелак, 26.07.21 у РАУС на суд, позву не дасылаў, сказаў, што мне абавязкова трэба прыйсці ў РАУС самой. Цягам бліжэйшых дзён былі яшчэ дзіўныя званкі на мой тэлефон з незнаёмых нумароў, на якія я не адказвала.

А 26.07.21 замест паездкі ў РАУС я выехала ў Адэсу на першым які трапіў турыстычным аўтобусе, узяўшы з сабой 9-гадовага сына. Бацька дзіцяці, мой муж, працуе ў РФ вахтавым метадам месяц праз месяц. Мяркую, падчас яго вахты сына маглі выключыць і змясціць у прытулак, т.я. менавіта гэтым падчас допыту мяне запалохвалі супрацоўнікі КДБ 20.07.21. 03.08.21 на БТ выйшаў чарговы выпуск праграмы «Гэта іншае», у якім прагучала інтэрв'ю Юліі Гарачка.

У гэтым інтэрв'ю яна намалявала схему АЗГ, а на восьмай хвіліне прагучала і маё прозвішча. Я фігуравала ў якасці «фінансіста». Пасля выхаду гэтага відэа я не адчуваю сябе ў бяспецы ва Украіне і планую выехаць па гуманітарнай візе ў Польшчу на пачатку верасня.

Сродкаў на пераезд і пражыванне мы з сынам не маем, у сувязі з гэтым і прашу аказаць нам дапамогу.

Якая сума неабходная Каліне Хромчанкавай?

660 € — 200 € на квіткі да Варшавы, 400 € на першы час (пакуль знайду працу) на бягучыя выдаткі: харчаванне, гігіена, збор дзіцяці ў школу.

Збор завершаны. Сабрана: € 420