«Альбо прызнаеш віну, альбо тэрмін будзе ў два разы большы». Экс-палітзняволены застаўся без жылля пасля вызвалення.

  • Гісторыя

Пасля году с паловай у зняволенні пінчук Уладзіслаў Наварыч з'ехаў з Беларусі. Цяпер ён чакае рашэння аб прадастаўленні міжнароднай абароны і яму патрэбна падтрымка на арэнду, медыцынскую дапамогу і базавыя выдаткі ў першыя месяцы на волі.

Уладзіслаў жыў і працаваў у Пінску і да 2020 года не асабліва цікавіўся палітыкай, але лета 2020 года, стаўленне ўлады да людзей падчас каранавіруса і перадвыбарнай кампаніі паказала, што «дыктатура – вось яна, а людзям надакучыла рабіць выгляд, што ўсё нармальна».

На фоне прэзідэнцкіх выбараў і жорсткіх разгонаў і рэпрэсій, якія пачаліся пасля, Уладзіслаў заняў актыўную грамадзянскую пазіцыю, выходзіў на масавыя акцыі пратэсту.

«Я ўдзельнічаў практычна ва ўсіх масавых акцыях пратэсту, – успамінае мужчына. – Пасля таго як мянты «задушылі вуліцу», вярнуўся да ранейшага жыцця і спадзяваўся, што не трапіў на аловак да сілавікоў. Сачыў за навінамі, нешта пісаў у сацсетках, рэпосціў, напэўна, як і шмат хто ў той час».

Раніцай 7 жніўня 2024 года сілавікі ўварваліся да Уладзіслава, зладзілі ператрус і затрымалі яго па матэрыялах, звязаных з падзеямі 2020 года.

«Я быў у шоку, што да мяне прыйшлі праз чатыры гады, паказалі кучу фатаграфій і відэа: я іду ў натоўпе, крычу, пляскаю, – дзеліцца Уладзіслаў. – Следчы адразу пачаў пагражаць: ці прызнаю віну, ці тэрмін у два разы большы».

Потым быў ізалятар часовага ўтрымання: пяць сутак у холадзе на голых дошках, пастаянныя начныя ўздымы. «Нас, «палітычных», абуджалі некалькі разоў за ноч, прымушалі ўслых называць прозвішча і артыкул абвінавачання. Які там сон».

Потым беларуса перавялі ў СІЗА ў Баранавічах. 4 кастрычніка 2024 г. адбыўся суд, Уладзіслава прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 КК (масавыя беспарадкі) і прыгаварылі да году с паловай пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ў Бабруйску.

Апеляцыя выніку не дала.

«У Бабруйску было тое, што праваабаронцы называюць «сістэматычным ціскам»: бясконцыя выклікі ў аперчастку, прымус да «яўкі з пакаяннем», – распавядае Уладзіслаў. – Мяркую, як і ўсім «палітычным», зачынілі асабісты рахунак, пазбавілі атаваркі, перадач, спатканняў, ну і ШІЗА рэгулярна.

У калоніі беларус атрымаў траўму локцевага сустава, у яго пачаліся праблемы з зубамі: выпадалі пломбы, разбураліся зубы.

5 снежня 2025 года мужчына выйшаў на волю і стаў на ўлік. У першыя тыдні пасля вызвалення беспаспяхова спрабаваў знайсці працу, даводзілася выходзіць на прымусовую працу. «Яшчэ ў зняволенні мяне ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў», пад наглядам пастаянна прыязджалі супрацоўнікі, аглядалі кватэру, правяралі тэлефон, а знайсці працу з маім мінулым было проста нерэальна».

Хутка ўсвядоміўшы, што заставацца ў Беларусі для яго небяспечна і бессэнсоўна, мужчына з'ехаў у Польшчу: без зберажэнняў і рэчаў, з адным заплечнікам. У пачатку студзеня 2026 года падаў заяву на міжнародную абарону. Але зараз ён не мае права працаваць і застаецца без сродкаў для жыцця.

«Усе грошы, якія былі да арышту, пайшлі на адваката і выжыванне ў калоніі, а назапасіць хоць нешта пасля вызвалення фізічна не выйшла». Цяпер беларус часова жыве ў знаёмага, арэндаваць жыллё бяз грошай і заробку не можа. Абвастрыліся медыцынскія праблемы, перш за ўсё стаматалагічныя. Трэба абследаванне траўміраванай рукі. Сродкі патрабуюцца на харчаванне і рэчы першай неабходнасці.

«Калі мы ў 2020-м годзе ішлі разам, з вялізным БЧБ сцягам, было адчуванне, што мы сіла, таму што разам. Вельмі спадзяюся, што так і засталося і прашу дапамогі, каб усё пачаць спачатку».

Сума збору
€1800

€700 – арэнда жылля
€600 – медыцынская дапамога
€500 – прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці

Сабрана:
€ 0 з 1 800