Добры дзень.
Маё імя – Уладзімір Мацюх, я былы палітзняволены. У 2021 годзе па артыкулах 342* і 293** я быў асуджаны на тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Мяне жорстка затрымалі 13 верасня 2020 года, калі я шпацыраваў з сябрамі. Падставай для абвінавачвання стаў агульны са знаёмымі чат у Тэлеграме, дзе мы абмяркоўвалі падзеі і дамаўляліся выходзіць на маршы. Шлях да РАУС у мікрааўтобусе здаваўся вечным. Мяне збівалі на працягу ўсяго шляху, робячы паўзы толькі, калі пераносілі маё цела з аднаго месца на іншае. Пасля гэтага амаль год я правёў пад следствам, а потым адбыўся хуткі суд і калонія.
Воля, гэта тое, пра што я думаў кожны дзень. Я пра яе марыў! У той момант, калі я выйшаў на волю, я быў шчаслівы і думаў, што нарэшце скончыліся гэтыя прыніжэнні і здзекі. Але не ў нашай краіне. Мне амаль адразу далі год прэвентыўнага нагляду***. Шчаслівае жыццё скончылася, не паспеўшы пачацца.
Мяне даймала міліцыя праверкамі ў любы час дня і ночы. Я павінен быў увесь час адзначацца, наведваць ідэалагічныя лекцыі, і нікуды без іх дазволу не ездзіць. Не было і гаворкі, каб знайсці працу, з такім жорсткім рэжымам і маімі палітычнымі артыкуламі. На волі аказалася яшчэ горш, чым у калоніі – стан нявызначанасці пазбаўляў апошніх сіл. Прыйдуць – не прыйдуць, пакараюць – не пакараюць. І я вырашыў з'язджаць з краіны.
Толькі апынуўшыся ў Польшчы я адчуў, што значыць свабодна дыхаць, казаць тое, што думаеш і не баяцца крымінальнага пераследу за палітычныя погляды. Аднак гэтая радасць азмрочылася маім цяжкім фінансавым і матэрыяльным станам. Выязджаў з Беларусі я амаль без рэчаў, бо эвакуацыя з краіны – «клопатная справа», трэба быць мабільным і паражняком: тут не да валізак. Ды, сапраўды кажучы, пасля трох гадоў калоніі ў мяне мала чаго засталося з рэчаў.
У Беларусі я працаваў сам на сябе, займаўся ўкладаннем падлогавага пакрыцця. Планую і тут у эміграцыі зарабляць тым, што ўмею. Але без інструмэнта, які застаўся ў Беларусі, гэтую працу рабіць немагчыма. Я апынуўся ў жыццёвым тупіку: каб зарабіць, мне патрэбны грошы. Таму я вырашыў папрасіць дапамогі на пачатку майго шляху ў Польшчы. Мне патрэбныя пэўныя прылады, каб выконваць працу. Некаторы час мне трэба на пошук заказаў, таму прашу дапамагчы і з арэндай жылля на першы час. А далей я ўжо сам. Я звычайна сам на сябе разлічваў заўсёды, а тут у чужой краіне нават пазычыць банальна няма ў каго.
Я вельмі спадзяюся на нашую беларускую салідарнасць! Буду ўдзячны кожнаму!
Як толькі стану на ногі, сам буду дапамагаць тым, хто аказаўся ў падобным на маё становішчы.
*арт. 293 КК РБ – Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках
**арт. 342 КК РБ – Падрыхтоўка да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак
***Прэвентыўны нагляд – гэта мера кантролю, якая ўжываецца да людзей пасля іх вызвалення. Яна ўключае рэгулярную праверку з боку супрацоўнікаў міліцыі, забарону на ўдзел у пэўных мерапрыемствах, забарону на выезд з краіны і горада, абавязак паведамляць пра змену месца жыхарства і працы. Могуць быць накладзены дадатковыя абмежаванні.
Сума збору
€3000
€1200 – арэнда жылля на два месяцы + камунальныя
€1400 – інструмент (тарцавальная і настольная пілы, перфаратар, прамысловы пыласос, акумулятарная адвёртка) – усё, што ў мяне было ў Беларусі, трэба купляць нанова. Гэтыя інструменты мой хлеб
€400 – адзенне і ежа