Дапамога былой палітзняволенай Ганне Вішняк

  • Гісторыя

Я, Ганна Вішняк, была затрыманая 28.10.2020.
У 10:30 раніцы ў кватэру прыйшло некалькі чалавек у балаклавах, двое з якіх былі з пасведчаннямі. Яны былі вельмі злымі, бо патрапіць у кватэру змаглі толькі праз 40 хвілін.
 
Бандыты моцна штурхнулі мяне ад дзвярэй, я стукнулася, але заставалася ў прытомнасці. Бандыты заляцелі ў кватэру і сталі абшукваць без згоды ўладальніка кватэры. Сабраўшы ўсю тэхніку, яны паклікалі прыведзеных імі панятых, аднаго з гэтых панятых я даведалася, прыходзіў да мяне крыху раней «правяраць трубы».
 
Пасля мяне павезлі кудысьці, там прысутнічаў Карпянкоў, Бедункевіч і ягоныя людзі «дапытвалі» мяне да вечара. Карпянкова я не адразу пазнала, выглядаў шчупленькім і дробным мужычком. Яны маральна ціснулі на мяне, абражалі, прыніжалі, пагражалі. У далейшым на судзе яны гэта ўсё выставілі як «тлумачэнн»і. Я падкрэсліваю, што дзеянні нелегітымных супрацоўнікаў — гэта дзеянні злачыннай групоўкі.
 
Пасля мяне кудысьці павезлі, там таксама дапытвалі, але тактоўна. Потым зноў перад вачыма з'явіўся Бедункевіч. Далей — СК сустрэча са следчым Купрэйчык А.А. у прысутнасці Бедункевіча. У той вечар я нічога не падпісала, мяне хутка аформілі і адправілі на Акрэсціна ў ІЧУ. У ІЧУ ў першы вечар трапіла ў камеру і змагла перадаць запіску на кавалку паперы.
 
На раніцу мяне перавялі ў адзіночную і зноў выклікалі на допыт. Пасадзілі ў дапытальнае крэсла каля клеткі. Атачалі мяне Бедункевіч і яго памагаты ў пальчатках. Насупраць крэсла — відэакамера… Адбываліся катаванні, выбіванне нават не паказанняў, а слоў на камеру.
 
Як зноў апынулася ў камеры — не памятаю, побач была іншая абвінавачаная, прыкладвала да майго цела і твару лёд. На наступны дзень мяне этапіравалі ў СІЗА-1.
Там я зразумела, што мяне яшчэ доўга не выпусцяць.
 
04.06.2021 выракам суда Завадскога р-на скараная на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму па арт. 341 ч. 1, арт. 342 ч. 2.
 
02.09.2021 мяне этапавалі ў ВУ ВК-4 г. Гомеля. Адтуль я вызвалілася па сканчэнні тэрміна 2022/11/25. У калоніі мяне вельмі часта адпраўлялі ў ШІЗА (16 спагнанняў). ШІЗА ў калоніі выкарыстоўваюць для ўзаконеных катаванняў. Першае ШІЗА — у снежні 2021 года на 10 сутак + там ужо ў ШІЗА падоўжылі яшчэ на 10.
 
У ШІЗА мяне марылі голадам і дзікім холадам. Тамака я сустракала свой дзень нараджэння. Была пазбаўлена ўсяго: відэазванкоў, лістоў, перадач, кожны месяц альбо часцей мяне пераводзілі ў іншы атрад, як акт катавання і маральны ціск. У калоніі мая атэстацыйная ацэнка па сфальсіфікаваных паперах была «злосная парушальніца». Сярод жанчын такіх адзінкі. Таксама фальсіфікавалі і медыцынскія дакументы. Дапамога пры сур'ёзных болях не аказвалася зусім, і ўвогуле санчастка ў калоніі існуе толькі для таго, каб выпісаць ібупрафен з парацэтамолам і выпісваць тройчы на месяц бальнічныя лісты асуджаным калегам супрацоўнікаў.
 
Па вызваленні ў мяне ўзніклі праблемы з зубамі. Давялося праходзіць праз выдаленне. На волі мяне чакала адсутнасць працоўнай тэхнікі, разбураны лёс, страта радзімы. Да затрымання я была адным з асноўных адміністратараў ТГ канала і чатаў «Кіроўцы 97%». Цяпер я знаходжуся ў эміграцыі і пачынаю жыццё з нуля. Дзякую ўсім за выяўленую салідарнасць.

Якая сума неабходна?

2800 € — набыццё рабочага ноўтбука і тэлефона; арэнда жылля на першы час; рэчы першай неабходнасці і харчаванне.

:
€ 1 543
Збор завершаны. Сабрана: € 1 543