Дапамога былому палітвязню Віктару Панцялееву пасля 4 гадоў калоніі пачаць нанова жыццё ў Польшчы

  • Гісторыя

Добры дзень!
Маё імя – Віктар Панцялееў, я былы палітвязень. Да 2020 года я жыў у Берасці звычайным жыццём: хадзіў на працу, сустракаўся з дзяўчынай і радаваўся простым рэчам. Я і раней разумеў, пры якой уладзе мы жывём. Але такога бяспраўя, нахабства і гвалту ў адносінах да нас я не чакаў!

Даведаўшыся пра фальсіфікацыі на выбарчых участках 9 жніўня 2020 года я выйшаў з іншымі берасцейцамі на мірны пратэст. Я хацеў для сваёй краіны лепшага свабоднага жыцця і праяўляў сваё стаўленне да дзеянняў улад, як падказвала маё сумленне.

18 жніўня 2020 года мяне затрымалі за маю актыўнасць – прыйшлі проста на працоўнае месца і адвезлі ў ІЧУ. Тады я быў упэўнены, што дадуць адміністрацыйны артыкул, я хутка выйду на волю і працягну барацьбу супраць рэжыму. Але праз некалькі дзён я быў абвінавачаны па крымінальным 293 артыкуле (арт. 293 КК РБ – Удзел у масавых беспарадках) і мне стала зразумела, што на волю пакуль я не выйду.

Доўгія месяцы я правёў у СІЗА, пакуль 21 траўня 2021 года не пачаўся судовы працэс у адносінах да мяне і дзясяткаў іншых жыхароў Брэста. Нас абвінавачвалі ў гвалце, пагромах, псаванні гарадской маёмасці і міліцэйскіх машын. Абвінавачванні былі галаслоўныя, сур'ёзных доказаў не было, а галоўныя сведкі – пацярпелыя міліцыянеры – былі засакрэчаныя праграмай «абароны сведак» – іх наогул ніхто не бачыў. Гэтыя невядомыя скардзіліся на драпіны, вымушаныя дні на бальнічным і інш. 

Адзін з «пацярпелых» сілавікоў увогуле паведаміў аб тым, што дзеянні пратэстуючых выклікалі ў яго страх! Гэтыя суды былі падобныя на цырк. Толькі нам з-за абвінавачанняў і будучых турэмных тэрмінаў у той час было не да жартаў. На суды мяне вазілі, вадзілі і вярталі назад як тэрарыста: з вывернутымі рукамі ў кайданках і тварам уніз. Расшпільвалі кайданкі толькі ў самой судовай залі. Для параўнання, адначасова са мной на свае судовыя пасяджэнні прыходзілі абвінавачаныя ў забойствах і згвалтаваннях – яны ішлі ў судовы будынак ва ўвесь рост і без кайданкаў.

У выніку ўсіх судовых пасяджэнняў мне далі 4 гады пазбаўлення волі не даказаўшы нічога з таго, у чым абвінавачвалі!

Мой шлях па турмах за гэтыя гады быў выпрабаваннем і фізічным, і маральным. Я ніколі не сустракаў у сваім жыцці так шмат бязмежнага беззаконня і катаванняў! Але разам з тым я сустрэў за гэты час вялікую колькасць добрых людзей! І сам намагаўся заставацца чалавекам у гэтых быдлячых умовах, у якіх шмат хто з нас апынуўся. Мы падтрымлівалі адзін аднаго і верылі ў перамогу. За свае перакананні і абвостранае пачуццё справядлівасці мяне часта закідвалі ў карцэр: усяго я правёў больш за 113 сутак у ШІЗА.

Штрафны ізалятар (карцэр) у беларускай турме – памяшканне, куды могуць змяшчацца зняволеныя за розныя парушэнні турэмнага рэжыму. Гэта адзіная форма пакарання ў турме, якая прымяняецца да тых, хто парушае дысцыпліну або правілы, устаноўленыя адміністрацыяй.
Заўвага BYSOL

Гэтыя выпрабаванні вельмі моцна адбіліся на маім здароўі, хаця да турмы я на яго не скардзіўся. Пра падрабязнасці майго турэмнага тэрміна я распавёў у інтэрв'ю Сяргею Пятрухіну на канале «Народны рэпарцёр» https://www.youtube.com/watch?v=iu6udHkcQvY

9 сакавіка 2024 года я выйшаў на волю. Мне так хацелася проста ўдыхнуць свежага паветра, прытуліць блізкіх і пачаць жыццё нанова. Але радавацца было рана. Праз некалькі тыдняў пасля вызвалення я даведаўся, што супраць мяне заведзена новая крымінальная справа па 342 артыкуле (арт. 342 КК РБ – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У чым мяне канкрэтна абвінавачваюць не было ні сэнсу, ні сілаў разбірацца. Рызыкаваць сваёй свабодай яшчэ раз я не мог, і з дапамогай каманды BYSOL мне прыйшлося тэрмінова пакінуць Беларусь.

Я не быў гатовы да пераезду ні маральна, ні фінансава. Я паспеў сабраць толькі невялікі заплечнік з дакументамі і зменным адзеннем. На момант эвакуацыі ў мяне нават не было візы. Я апынуўся ў Польшчы і падаў заяву на міжнародную абарону, але без легалізацыі я пакуль не магу знайсці добрую працу.

На першы час я спыніўся ў шэлтары. Аднак гэтае часовае жыллё. Мне трэба вучыць польскую, каб я мог знайсці прыстойную працу, калі атрымаю дакументы аб легалізацыі. Ды і банальна, няма простых бытавых рэчаў, якія засталіся дома. З'язджаючы я не мог узяць шмат чаго з сабой.

Увесь час у турме мяне не пакідала думка, што калі вытрымаю ўсё і выйду, беларусы мяне падтрымаюць. Разумею, што шмат каму зараз у эміграцыі няпроста, таму буду ўдзячны за любую самую малую дапамогу.

Сума збору

€4000

€1600 – для аплаты арэнды жытла (на 4 месяцы)
€1000 – на аплату курсаў (хачу вывучыць польскую мову і скончыць IT-курсы – да затрымання такія курсы я набыў, але за 4 гады плацёж страціўся)
€600 – на харчаванне і хатнія выдаткі на першы час
€500 – на набыццё адзення і прадметаў першай неабходнасці 
€300 – на афармленне дакументаў (для афармлення легалізацыі мне трэба будзе ездзіць у Варшаву з іншага горада, таксама хацеў бы пацвердзіць свой дыплом аўтаслесара)

Сабрана:
€ 4 067 з 4 000