Добры дзень! Я Вікторыя Мішчанка, беларуска. Да 2023 года вучылася ва ўніверсітэце ў Беларусі, вывучала псіхалогію. Пасля выпуску планавала паступаць у магістратуру ў ЕГУ, вывучаць публічную палітыку.
Здарылася так, што поўнамаштабнае ўварванне ва Ўкраіну моцна паўплывала на маё жыццё. Калі яно толькі пачалося, я адрэагавала вельмі эмацыйна, нават хацела кінуць універсітэт і як мага хутчэй пачаць дапамагаць украінцам. Цяжэй за ўсё было назіраць абыякавасць людзей – у іх жыццё працягвалася быццам нічога не здарылася, і праз гэта я з'язджала з глузду. А ў траўні 2022 года мой малады чалавек, з якім мы былі разам паўгода, вырашыў далучыцца да палка Каліноўскага. Я яго падтрымала, але з таго часу стала перажываю, што нешта можа здарыцца.
Калі ў 2023 годзе я ўжо рыхтавалася ехаць у Літву на вучобу, напрыканцы жніўня да мяне прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Яны прыехалі раніцай, правялі ператрус, забралі тэхніку і павезлі на допыт. Спрабавалі хоць нешта даведацца пра маладога чалавека, пагражалі мне затрыманнем. Агулам я правяла там восем гадзін. Сачыла за кожным сваім словам, разумеючы, што магу падставіць людзей, увесь час плакала. У выніку мяне адпусцілі, але пакінулі сабе пашпарт – вярнулі яго толькі праз два тыдні.
Напрыканцы верасня я з'ехала. Але нават у Літве мяне ўвесь час пераследвала параноя, здавалася, што за мной сочаць. Пакуль вучылася, стала валантэркай аднаго з украінскіх фондаў, ездзіла ва Ўкраіну. Пасля гэтага і сустрэчы з маладым чалавекам мне стала лягчэй. Потым я знайшла працу, але раз на пару месяцаў працягвала бываць ва Ўкраіне.
Так склалася, што праз вялікую нагрузку я не змагла своечасова падрыхтавацца да абароны магістарскай дысертацыі і перанесла яе на наступны год. Але праз гэта на пачатку сакавіка мне анулявалі студэнцкі ДНЖ, з'явілася рызыка дэпартацыі ў Беларусь. Тады я вельмі перажывала, замкнулася ў сабе. Цяпер я атрымала гуманітарную візу, але працаваць паводле яе не магу. Адпаведна, проста немагчыма сябе пракарміць. Мне ніякавата звяртацца да вас, але на жаль, патрэбна неабходная сума да атрымання гуманітарнага ДНЖ і паўторнага ўладкавання на працу.
Сума збору
€2330
€1670 – арэнда жылля і аплата камунальных паслуг на чатыры месяцы
€560 – харчаванне на чатыры месяцы
€75 – аплата мабільнай сувязі на чатыры месяцы
€25 – аплата праязнога на чатыры месяцы