Мяне завуць Вікторыя Чуйвід. У 2020 годзе я ўдзельнічала ў мірных пратэстах у раёне Менску Серабранка – адным з тых, што вельімі жорстка падаўлялі. Тады мне пашанцавала: мяне не затрымалі. Але 25 сакавіка 2021 года ў наш дом прыйшоў Следчы камітэт. Учынілі ператрус, але я паспела сцерці ўсе дадзеныя з тэлефона. Нічога не знайшлі – затое майго грамадзянскага мужа затрымалі і пасля трох сутак у ізалятары на Акрэсціна завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых закалотаў.
Людзей, з якімі мы выходзілі на пратэсты працягвалі арыштоўваць, і мы зразумелі, што нас чакае тое самае. 13 чэрвеня 2022 года ператрус адбыўся ўжо ў маёй маці. У той жа дзень мы ўцякалі – нелегальна перасеклі мяжу з Літвой і падалі прашэнне аб прадастаўленні прытулку.
Першыя месяцы жылі на зберажэнні. А потым мяне збіла машына, калі я ехала на ровары. Тады я адмовілася прад'яўляць прэтэнзіі кіроўцу, але наступствы ДТЗ выявіліся пазней: пачаліся моцныя болі ў спіне. Лекары дыягнаставалі міжхрыбтовую грыжу і пратрузію.
Міграцыйная служба Літвы доўга не рэагавала. Мы не ведалі, ці разглядаюць увогуле нашыя дакументы, таму я ўдзельнічала ў трохдзённым пікеце каля будынка Дэпартамента міграцыі ў Вільні. Неўзабаве майму партнёру далі сталы ДНЖ, а мне адмовілі ў прытулку.
Я падала апеляцыю, суд пастанавіў перагледзець справу – і зноў адмова. Ад безвыходнасці паехала ў Аўстрыю, спадзеючыся на іншае стаўленне, але мяне вярнулі паводле Дублінскага рэгламенту. Праз святы я не паспела падаць дакументы своечасова, і мяне адправілі ў закрыты лагер для ўцекачоў, дзе вынеслі рашэнне аб дэпартацыі ў Беларусь.
Пяць тыдняў у лагеры – гэта было пекла. На шчасце, Вярхоўны адміністрацыйны суд адмяніў дэпартацыю. Я зноў у пачатку сваёй эмігранцкай гісторыі – знаходжуся ў статусе прасіцельніцы прытулку і зноў падала апеляцыю, а Вярхоўны суд Літвы пачаў новы разгляд.
Пасля ўсіх гэтых падзей у мяне развіўся трывожны разлад, я звярталася да псіхатэрапеўта, прымала антыдэпрэсанты. Адносіны з партнёрам не вытрымалі выпрабаванняў, і мы расталіся. Цяпер я адна, без дазволу на працу і без страхоўкі. Нягледзячы на ўдзел у пратэстах, позвы на допыты, інтэрв'ю і публікацыі ў незалежных СМІ, улады Літвы лічаць гэта «недастатковым доказам» пагрозы.
Цяпер мне як ніколі патрэбная ваша падтрымка і салідарнасць, каб не застацца на вуліцы і аднавіць здароўе. Без дазволу на працу і страхоўкі, я не магу зарабляць самастойна, аплочваць жыллё і атрымліваць мінімальна неабходную медыцынскую дапамогу.
Сума збору:
€2500
€1000 – арэнда жылля на 3 месяцы,
€1000 – курс лячэння ў мануальнага тэрапеўта,
€300 – лекі,
€200 – праезд, харчаванне і гігіенічныя сродкі