Дапамога бацькам і дачцэ пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Валярыны Куставай

  • Гісторыя

Добры дзень! Мяне завуць Валярына Кустава. Многія мяне ведаюць як паэта, тэлевядоўцу, ментарку, аўтарку медыйных праектаў. Усё жыццё я пісала кнігі, папулярызавала беларускую культуру, дапамагала людзям, якія апынуліся ў бядзе. Але зараз я і сама вымушаная звярнуцца па дапамогу, хоць гэта было вельмі няпростым рашэннем.

У 2020 годзе я стварыла праект «Беларус беларусу», з дапамогай якога распавядала пра рэпрэсіі і дапамагла больш як 120 сем’ям палітзняволеных і рэпрэсаваных. Але ў чэрвені 2021-га праз супрацу з «Белсатам» і падтрымку людзей па мяне прыехаў чорны «бусік», былі распачатыя крымінальныя справы за нібыта «фінансаванне і арганізацыю пратэстаў», адбыліся неаднаразовыя вобшукі ў мяне і маіх бацькоў. Маёмасць была апячатаная.

Так без грошай, з адным заплечнікам, я эвакуявалася ў Польшчу, дзе працягвала працу і шмат валанцёрыла. Цудам атрымалася эвакуяваць і маю дачку, якой тады толькі споўнілася два гадкі. Мае мама і тата ва ўзросце таксама дасюль застаюцца на маім утрыманні. Таксама я з’яўляюся сола-мамай.

Праз нейкі час пасля майго пераезду ў таты дыягнаставалі рак. Лекары давалі яму толькі два месяцы, але ўжо больш за год я змагаюся за ягонае жыццё: складаная аперацыя, 12 цыклаў хіміятэрапіі, трамбоз, абследаванні ў чаканні наступнай аперацыі. Першыя месяцы я была суткамі з ім у шпіталі, пасля рабіла перавязкі, уколы, вазіла на працэдуры. Затым лекаванне спатрэбілася і дачцэ. Я вымушана стала бацькамі і для свайго дзіцяці, і для сваіх мамы з татам. Вядома, медыцынская дапамога стала патрэбнай і мне: стома, стрэс, дэпрэсія і выгаранне істотна пагоршылі маё здароўе, давялося рабіць нават аперацыйныя ўмяшальніцтваў. А апошнія рэнтгены, аналізы і заключэнні лекараў сведчаць, што мне трэба тэрміновае лекаванне і рэабілітацыя (якой па дзяржаўнай страхоўцы некалькі гадоў). І хоць я працягваю працаваць, бо няма іншага выбару, усё апісанае не магло не завесьці мяне ў пазыкі. Менавіта праз іх я і звяртаюся да вас.

Калі перажыву гэты самы складаны час, то зноў вярнуся да таго, каб падтрымліваць іншых, ратаваць беларусаў і беларусак і натхняць на жыццё. Зноў жыць самой і ствараць для нашай балючай Беларусі, бо маё сэрца глыбока перакананае ў тым, што беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. І дзе мы разам – там і Радзіма. Таму вельмі прашу вас пра дапамогу. Сума, пра якую я прашу, не пакрые ўсе патрэбы і выклікі, якія з’явіліся ў маім жыцці, але вельмі дапаможа пачаць змаганне, і, вядома, я буду ўдзячная за кожнае магчымае ахвяраванне. Калі надарыцца цуд, і збярэцца больш за мінімальную неабходную суму, я змагу патраціць гэтыя грошы на рэабілітацыю таты, а таксама на лекаванне і рэабілітацыю мяне і дачкі.

UPD:

Першапачатковая сума, якую мы паставілі на збор, складала €8700. Аднак мы прынялі рашэнне падняць суму на €3000, каб не спадзявацца на цуд і сабраць сродкі на лячэнне бацькоў Валярыны.

Сума збору

€ 8700

€ 4600 — пазыка за арэнду майго з дачкой жытла
€ 3100 — пазыка за арэнду жытла для бацькоў
€ 1000 — аплата часткі юрыдычных паслуг у Беларусі

€3000 — лекі (для абодвух бацькоў), вітаміны, спецыяльнае харчаванне, медыцынскае абсталяванне для апорна-рухальнага апарата, карсэт-пляс пасляаперацыйны, рэабілітацыя для таты на 3 месяцы.

:
€ 11 737
Збор завершаны. Сабрана: € 11 737