Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, маёй дачцэ было ўсяго тры месяцы. Разам з ёй, сынам, сябрамі і суседзямі мы не змаглі застацца ў баку і выходзілі на мірныя маршы ў нашым горадзе. Аднак маю актыўнасць заўважылі сілавікі і сацслужбы: суседка зладзіла паклёп на мяне, абвінаваціўшы ў тым, што я «цягаю дзяцей на пратэсты». Мне пачалі пагражаць пазбаўленнем волі, а дзяцей абяцалі забраць у дзіцячы дом. Баючыся за дзяцей, я была вымушаная ўцякаць.
У снежні 2020 года мы з дзецьмі з'ехалі ва Ўкраіну, жылі на Валыні… Потым пачалася вайна і зноў давялося ўцякаць. У сакавіку 2022 года мы апынуліся ў Польшчы, у лагеры ўцекачоў. Там было няпроста: многія ўкраінцы, нашыя суседзі ў лагеры, не разумелі, чаму побач з імі жывуць беларусы.
У сакавіку 2023 года я атрымала міжнародную абарону і пераехала ў Беласток. Змагла зняць кватэру, уладкаваць сына ў школу, дачку ў садок, а сама пачала працаваць дворнічыхай, мыла пад'езды. Праца была цяжкая, але ўпершыню з'явілася хоць нейкая стабільнасць. Праз канфлікты на працы мне давялося звольніцца, і цяпер я зноў у пошуку стабільнага даходу.
Так сталася, што я разведзеная. Муж застаўся ва Ўкраіне: ён не можа ці не хоча дапамагаць нам з дзецьмі. Цяпер мы жывем на рэшткі зберажэнняў, якіх ледзь хапае на самае неабходнае.
Сыну хутка восем, дачцэ пяць. За ўсю гісторыю нашай з дзецьмі эміграцыі мы дзесяць разоў пераязджалі. Я стараюся даць ім хоць нейкае адчуванне дому і стабільнасці, але сілы на мяжы: апошні год падарвала здароўе. Ужо тры месяцы я не магу пазбавіцца ад катару, закладзенае вуха, не праходзіць кашаль. Выпадковыя падпрацоўкі не ратуюць усёй сітуацыі ў цэлым. Дапамога патрэбная нам, каб я магла знайсці стабільны заробак, які пасуе мне, як самастойнай маці, ці перавучыцца на новую прафесію, а таксама паправіць здароўе.
Беларусы – неверагодныя людзі. Вашая падтрымка не дасць мне апусціць рукі і дапаможа перажыць гэты няпросты перыяд.
Сума збору
€2800
€1200 – арэнда жылля (два месяцы);
€800 – камунальныя плацяжы і харчаванне;
€400 – лекі;
€400 – дзіцячы сад і школа.