Блогер Вадзім Ермашук просіць дапамогі для аднаўлення пасля турмы і хвароб

  • Гісторыя

Мяне завуць Ермашук Вадзім Аляксандравіч. Я нарадзіўся і вырас у Горадні — горадзе, які люблю ўсёй душой. Ён стаў для мяне не толькі домам, але і месцам, дзе я знайшоў сваё пакліканне. Паводле адукацыі я юрыст, але мая сапраўдная дзейнасць даўно выйшла за межы юрыдычных кабінетаў. Я стаў блогерам, актывістам і чалавекам, які імкнуўся змяніць свет вакол сябе, пачынаючы з простага – з лакальных праблем, знаёмых кожнаму жыхару нашага горада.

У сваім Instagram я казаў аб сацыяльных праблемах, няроўнасці і несправядлівасці. На маю старонку падпісаліся дзясяткі тысяч людзей, а публікацыі збіралі мільённыя ахопы. Часам мне падавалася, што мой голас сапраўды мае значэнне, што я магу быць карысным.

У 2021 годзе мяне арыштавалі і адправілі ў калонію на 3 гады за тое, што я ўдзельнічаў у мітынгах, адкрыта выказваў нязгоду з вынікамі выбараў і асуджаў дзеянні сілавых структур. Я наведваў палітычна матываваныя судовыя працэсы і падтрымліваў палітвязняў, іхнія сем'і і асабліва дзяцей. Апублікаваны кантэнт у маім Instagram выкарыстоўваўся іншымі незалежнымі СМІ. А да выбараў я падтрымліваў прадпрымальнікаў у іх пратэстах і ўдзельнічаў у «Маршах недармаедаў».

У 2021 годзе мяне асудзілі на 3 гады калоніі па палітычна матываваных крымінальных справах. А за некалькі тыдняў да затрымання ў маёй кватэры ўсталявалі схаваную камеру. Пазней у інтэрнэце з'явілася інтымнае відэа з маім партнэрам. Яно стала зброяй для спробаў знішчыць маю рэпутацыю. Маё імя суправаджалася абразамі, маё асабістае жыццё абмяркоўвалася тысячамі людзей, як на базары. Гэта было балюча.

У калоніі мяне змясцілі ў «нізкі статус», што аўтаматычна зрабіла мяне мішэнню для знявагаў і здзекаў. Я хутка зразумеў, што тут нельга быць чалавекам. Тут ты – функцыя. Цень.

Кожную раніцу пачыналася з абразаў. Кожную ноч я засынаў з думкаю: ці прачнуся я заўтра? Бясконцыя насмешкі, фізічны і маральны ціск, катаванні — гэта была іх гульня, правілы якой я ніколі не разумеў.

Але самае вусцішнае – гэта адзінота. Яна прыходзіць, калі ты губляеш здольнасць адчуваць сябе жывым. Нават цяпер я працягваю атрымліваць пагрозы, звязаныя з маёй сэксуальнай арыентацыяй.

27 лістапада 2024 года адбылося судовае паседжанне, на якім мой Instagram-акаўнт быў прызнаны экстрэмісцкім. Гэта быў яшчэ адзін сігнал, што ў Беларусі для мяне не засталося месца. Пагрозы працягвалі паступаць, і мне давялося тэрмінова пакінуць краіну.

Мой стан здароўя таксама сур'ёзна пацярпеў праз хваробы, атрыманыя ў зняволенні. Сярод іх: злаякасная меланома 3-й стадыі (2Б), для лячэння якой была праведзена аперацыя; двухбаковая пахвінная кіла (аперацыя з усталёўкай сеткі); псарыяз; гастрыт; астэахандроз і інш. Гэтыя захворванні абмяжоўваюць маю магчымасць працаваць фізічна.

Цяпер я жыву ў шэлтары ў Варшаве.

Я маю патрэбу ў медыцынскім абследаванні і лячэнні. Пасля майго вызвалення летам 2024 года я перанёс некалькі аперацый, у тым ліку па выдаленні злаякаснай меланомы і ліквідацыі пахвіннай грыжы. Аднак я маю патрэбу ў далейшым маніторынгу стану здароўя, дадатковым абследаванні і лячэнні. У Беларусі не было праведзена неабходнае абследаванне па анкалагічным напрамку. Адбыўся рэцыдыў пахвіннай кілы.

Знаходзячыся ў Польшчы, я сутыкнуўся з новай рэальнасцю: пакрыць усе медыцынскія выдаткі без дапамогі практычна немагчыма. Таму я звярнуўся да беларускіх арганізацый – такіх, як ByHelp, Краіна для жыцця, Партызанка, Вольныя – з просьбай падтрымаць мяне ў пытаннях здароўя. Я шчыра спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі гэтых арганізацый атрымаецца забяспечыць базавае медыцынскае лячэнне, якое мне неабходнае.

Але нават калі я атрымаю найлепшае лячэнне, працэс узнаўлення будзе доўгім. Лекары папярэджваюць, што бліжэйшыя паўгода, а можа, нават год, я не змагу працаваць. Пасля ўсіх неабходных аперацый я буду вымушаны заставацца дома і засяродзіцца на рэабілітацыі.

Менавіта таму я звяртаюся па дапамогу да ўсіх беларусаў. Мне патрэбная ваша падтрымка, каб прайсці гэты шлях. Я стаўлю мінімальную мэту збору ў €5000. Гэтыя грошы дапамогуць мне зняць жыллё і пакрыць самыя базавыя выдаткі на жыццё і аднаўленне на працягу двух-трох месяцаў.

Але для паўнавартаснай рэабілітацыі мне спатрэбіцца больш. Ідэальная мэта — гэта сабраць 10-15 тысяч еўра, каб я змог спакойна засяродзіцца на лячэнні цягам паўгода і мець фінансавую падушку на выпадак непрадбачаных ускладненняў са здароўем. Я разумею, што гэта вялікая сума, але веру ў сілу салідарнасці і ўзаемадапамогі, якая аб'ядноўвае беларусаў па ўсім свеце.

Ваш унёсак – гэта не проста грошы. Гэта магчымасць для мяне вярнуцца да жыцця, да якога я імкнуся пасля столькіх выпрабаванняў. Гэта шанец аднавіць здароўе і сілы, каб працягваць свой шлях.

Я бясконца ўдзячны кожнаму з вас за падтрымку, увагу і дапамогу. Дзякуй за тое, што вы даяце мне надзею. Разам мы мацнейшыя, і я шчыра веру, што з вашай дапамогай у мяне ўсё атрымаецца.

Сума збору

€5000

Гэта мінімальная сума, якая неабходная мне для жыцця і рэабілітацыі на працягу 2-3 месяцаў. За гэтыя грошы я змагу зняць кватэру, забяспечыць сябе базавым наборам прадуктаў і медыцынскай дапамогай. Аднак ідэальна было б сабраць 10-15 тысяч, каб я мог засяродзіцца на лячэнні на працягу паўгода і мець фінансавую падушку на выпадак непрадбачаных ускладненняў са здароўем.

Сабрана:
€ 2 159 з 5 000