«Пасля чатырох гадоў турмы жыццё нашай сям’і на грані». Шматдзетная сям’я былога палітзняволенага ў Беларусі просіць аб падтрымцы

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Вадзім* правёў чатыры гады ў калоніі строгага рэжыму па рэзананснай палітычнай справе, выйшаў на волю і спрабуе наладзіць жыццё, нават знаходзячыся пад наглядам, аднак без падтрымкі яго шматдзетная сям’я рызыкуе трапіць на прыцэл «сацыяльных службаў». Таксама мужчына мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе пасля зняволення.

Я праходзіў па рэзананснай палітычнай справе ў адным з абласных цэнтраў і цалкам адбыў тэрмін, прызначаны судом, — 4 гады калоніі строгага рэжыму. Пасля вызвалення я спадзяваўся, што дам рады паступова вярнуцца да нармальнага жыцця, знайду працу і сам спраўлюся з наступствамі гэтых гадоў. На практыцы аказалася, што пачаць жыццё нанова ў Беларусі амаль немагчыма, калі ты ў мінулым «жоўтабірачнік» і быў прызнаны палітзнфволеным.

Зараз я знаходжуся пад наглядам. Праз сямейныя абставіны наша сям’я не можа пакінуць краіну, прынамсі ў бліжэйшы год. У нас з жонкай трое непаўналетніх дзяцей, і хутка з’явіцца яшчэ адно дзіця, таму мне даводзіцца будаваць жыццё тут, ва ўмовах пастаянных абмежаванняў, з цяжкім мінулым за плячыма і з разуменнем, што любая памылка можа дорага каштаваць не толькі мне, але і маім блізкім.

Мы здымаем жыллё. На шчасце, мне ўдалося знайсці працу, што ў статусе «палітычнага» здавалася немагчымым. Але пакуль гэта жыццё без выбару, без запасу трываласці і з пастаянным страхам страціць усё ў любы момант. Да таго ж частку заробку дзяржава ўтрымлівае паводле прысуду, на руках застаецца яшчэ менш грошай, і працягвацца гэта будзе яшчэ не год і не два.

Самае страшнае для нас — не толькі нястача грошай, але і тое, што на фоне гаротнага становішча да нас сталі часцей прыходзіць сацыяльныя службы. Яны правяраюць стан жылля, умовы, у якіх жывуць дзеці, глядзяць на абстаноўку ў сям’і. Мы з жонкай вельмі баімся, што праз мой статус любое пагаршэнне бытавых умоў можа быць выкарыстана супраць нас. Для нас дабрабыт дзяцей зараз на першым месцы, і менавіта таму мы просім пра падтрымку: хочам захаваць для іх нармальнае, бяспечнае жыццё, наколькі гэта наогул магчыма ў нашых абставінах.

Маё здароўе моцна пагоршылася ў калоніі. Пасля вызвалення я спрабаваў трымацца і адкладаў усё на потым, але з’явіліся праблемы, якія немагчыма ігнараваць: са страўнікава-кішачным трактам, іншымі ўнутранымі органамі, пастаянныя болі, слабасць, парушэнні сну, высільванне нервовай сістэмы. Усё гэта патрабуе лекараў, абследаванняў, аналізаў, лекаў і часу на аднаўленне. Але ў нашай сітуацыі ўсё сыходзіць на арэнду жылля, дзяцей і ежу, а на лячэнне ўжо проста не застаецца рэсурсу.

Я не наважваўся прасіць пра дапамогу больш за год. Быў упэўнены, што спраўлюся сам, калі выйду на волю, змагу быць нармальным бацькам і апорай для дзяцей і жонкі. Але зараз разумею, што мы коцімся ў яму, з якой не зможам выбрацца. Мне трэба аднавіць здароўе, а нашай сям’і — захаваць для дзяцей бяспечныя ўмовы жыцця.

*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы схавалі імя героя і змянілі некаторыя дэталі гісторыі. Выява згенераваная з дапамогай ШІ.

Сума збору
€2900

€1000 — арэнда жылля, касметычны рамонт
€500 — выдаткі на дзяцей, у першую чаргу школа і адзенне
€500 — ежа і бытавыя патрэбы
€900 — лячэнне наступстваў зняволення

Сабрана:
€ 10 з 2 900