Па мяне прыйшлі напрыканцы 2021 года: тры следчыя ў цывільным, тры — у поўнай экіпіроўцы, прызначэнне чацвёртага засталося невядомым. Адразу ж забралі тэлефон, прымусілі разблакаваць. Тэлефон забралі таксама ў малодшай дачкі, яна адмовілася даць пароль, пасля чаго пачаўся ператрус. Пасля ператрусу мяне павезлі ў Менск. Адразу допыт у ГУБАЗ і відэаздымка. Потым допыт у Фрунзенскім РАУС і там жа да ночы — у КПЗ. Адтуль на Акрэсціна на пяць сутак. Да гэтага ў Фрунзенскім забралі ўсе асабістыя рэчы аж да гумкі для валасоў.
На Акрэсціна ў камеры на дваіх было ад 8 да 16 чалавек. Адтуль вывозілі на допыты ў Фрунзенскі. На Акрэсціна забралі абутак, верхняе адзенне. Матрацаў і гарачай вады не было. Затое было кругласуткавае яркае святло. Перад іх незразумелым святам (7 лістапада) трое сутак запар не вымыкалі «патрыятычныя» песні. Музыка грала ў рэжыме нон-стоп. Такія ўмовы ўтрымання суправаджаліся абразамі, вобшукамі, начнымі ўздымамі з дакладам аб сваім артыкуле, хаджэннем па камеры ад 40 хвілін да дзвюх гадзін.
Потым мяне адправілі ў Жодзіна. Там паставілі на ўлік як схільную да «экстрэмізму». Мабыць, я ім вельмі не падабалася, бо мяне пераводзілі з камеры ў камеру. Была пазбаўлена перадач, пасылак і лістоў. У камеры ўкаранялі стукачоў, падсадных, ВІЧ-інфікаваных. Даходзіла да трох чалавек з вострай формай, бяздомных людзей з растройствам псіхікі. Адключалі гарачую ваду. Адключалі ваду ўвогуле ў самыя спякотныя дні. У 18 градусаў марозу наадварот — прагулкі па 2 гадзіны. Палітвязняў перамяшчаюць у кайданках, сцяжках на ланцугах і з сабакамі.
Я была асуджаная на адзін год пазбаўлення волі. Пракурор запытваў два з паловай. Плюс яшчэ падача апеляцыйнай скаргі ад адваката. Адбыла ўвесь тэрмін, не выходзячы з турмы. Пасля вызвалення рэпрэсіі не скончыліся. Тэлефоны канфіскаваныя, на ўсе карты — арышт. Заблакавалі нават сім-карту старэйшай дачкі. Нават калі б змагла ўладкавацца на працу ў дзяржслужбу, то ў мяне б спісвалі на рахунак штрафу 75% заробку. Тое ж самае будзе і з маёй пенсіяй. Штраф прысудзілі ў памеры 3200 беларускіх рублёў. Ад двух гадоў да бясконцасці вісіць судзімасць. Гэта значыць, што калі захочуць завесці на мяне справу, то я пайду ўжо як рэцыдывістка і мне пагражаць пяць гадоў калоніі. Легальна выехаць з Беларусі не магу праз нясплачаны штраф і судзімасць. У сваім родным горадзе я стаю пад наглядам і цяпер планую пераехаць у іншы, каб вырашыць цяжкасці, якія склаліся. Буду вельмі ўдзячная тым, хто дапаможа мне на гэтым этапе.
Якая сума неабходна?
450 € — аплата арэнды за два месяцы (ўмова арэндадаўцы); набыццё базавых прадуктаў; лекавыя расходнікі; купля сезоннай верхняй вопраткі.