Мяне завуць Тупоўскі Андрэй. Мы жылі з сям'ёй у Магілёве, і ў 2020 годзе я быў актыўным удзельнікам вулічных пратэстаў. З сябрамі мы самастойна арганізоўвалі акцыі, пасля адной з якіх — мяне і маіх сяброў затрымалі. На нас склалі пратаколы па артыкуле 23.34 і пасадзілі на суткі. Агулам у мяне было каля шасці судоў па артыкуле 23.34, каля пяці з якіх сканчаліся суткамі. Толькі адзін суд мне вынес прысуд у выглядзе штрафа.
Падчас знаходжання ў ІЧУ ў мяне ўзняўся ціск. Я звярнуўся да супрацоўнікаў са скаргай на галаўныя болі. Маю просьбу зводзіць мяне да лекара ігнаравалі на працягу апошніх пяці сутак (час, які мне і трэба было адбыць у зняволенні). Па выхадзе з ІЧУ я звярнуўся ў паліклініку і мяне шпіталізавалі. Аказалася, на фоне вялікага ціску ў мяне здарыўся трамбоз правага вока. Я ездзіў па ўсіх магчымых клініках, але дыягназ быў несуцяшальны. Страта зроку. У выніку на дадзены момант я з'яўляюся інвалідам трэцяй групы па зроку.
У тым жа 2020 годзе са мной на адной з акцыяў пратэсту затрымалі маю жонку Тупаўскую Алену. Суд вынес ёй пастанову ў выглядзе штрафу 10 базавых велічыняў з прычыны таго, што ў нас двое непаўналетніх дзяцей. Падчас майго знаходжання на ІЧУ, у маёй жонкі здарыўся нервовы зрыў. Яе прымушалі ледзь не кожны дзень ездзіць у Ленінскае РАУС горада Магілёва на «гутаркі». Гэта перарасло ў хваробу, якую да гэтага часу лекары не могуць вылекаваць. Быў пастаўлены дыягназ: псіхагенныя неэпілептычныя прыступы.
На працягу ўсяго часу я вазіў яе ў Менск на абследаванні. Жонка пакутавала ад «адключэння прытомнасці», падчас якіх яна падала і траўмавалася. Прыступы пачаліся пасля выбараў на фоне псіхаэмацыйнага стрэсу. Выстаўляўся дыягназ: генералізаванае трывожнае растройства, неўрастэнія, паўторныя сінкапальныя станы ў анамнезе. Пасля неаднаразовага абследавання і лекавання прыступы паўтараюцца.
За перыяд з 2020 года па 2022 год нашу сям'ю не пакідалі ў спакоі. Нас выклікалі ва ўсе сілавыя структуры горада Магілёва і праводзілі «прафілактычныя гутаркі». Неаднаразова прыходзілі супрацоўнікі КДБ і праводзілі дома ператрусы. Канфіскоўвалі ўсё, што звязана з пратэснай дзейнасцю. Канфіскавалі нашы пастановы аб арыштах. Гэта рабілася для таго, каб мы не змаглі з'ехаць.
Мой унутраны патрыятызм не даваў мне сіл з'ехаць, але апошняе сілавое затрыманне расставіла ўсе кропкі. 4 лістапада 2022 года мяне проста з працы, з ужываннем фізічнай сілы, затрымалі супрацоўнікі АМАП і ГУБАЗ. Пры затрыманні мяне моцна збілі і павезлі дадому на ператрус. Па дарозе, пакуль ехалі, мяне збівалі. Дома перавярнулі ўсю кватэру і зламалі мэблю. Дома знаходзіўся мой непаўналетні сын. Убачыўшы мяне збітага, ён заплакаў. Пасля ператрусу мяне завезлі ва ўпраўленне ГУБАЗ, дзе прымушалі спяваць гімн, збівалі, распраналі па пояс і ставілі да сценкі. У выніку мяне завезлі ў РАУС, а потым на ІЧУ. Суд вынес мне прысуд — 15 сутак. Была заведзеная крымінальная справа па артыкуле за «экстрэмізм». У адзін дзень мяне выпусцілі з ІЧУ, каб я выдаліў свае татуіроўкі, ў якіх яны прачытвалі пратэстныя выказванні. Я ім паабяцаў, што зраблю гэта, а сам сабраў сваю сям'ю і вырашыў з'ехаць. З'яжджалі мы экстрана, забіраючы з сабой толькі самае неабходнае.
Цяпер, адаптуючыся ў новай краіне, мы жадаем вылекаваць маю жонку. Будзем удзячныя кожнаму, што выкажа салідарнасць і дапамогу.
Якая сума неабходна?
3100 € — лекі; абследаванне для ўстанаўлення дакладнага дыягназу; лекаванне на платнай аснове.