«Быць сабой у Беларусі – смяротная рызыка». Трансгендэрная беларуска мае патрэбу ў падтрымцы ў эміграцыі.

  • Гісторыя

Той факт, што Дыяна – трансгендэрная жанчына, не пакінуў ёй шанцаў на спакойнае жыццё ў Беларусі. Пасля гвалту з боку сілавікоў, яна пакінула краіну і зараз мае патрэбу ў падтрымцы, каб атрымаць прытулак, прайсці курс лячэння ад ПТСР і пачаць жыць паўнавартасным жыццём.

Маё імя Дыяна. Я жыла і працавала ў Менску, займалася творчымі праектамі, дапамагала іншым трансгендэрным людзям: дзялілася тым, што ведала сама. Ніколі не думала пра сябе як пра актывістку, але пасля 2020 года стала зразумела, што ў Беларусі быць сабой – гэта ўжо рызыка, а пасля выбараў – рызыка смяротная.

Як і шмат хто, я не магла маўчаць, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў людзей збівалі на вуліцах. Пазней рэпрэсіі ўзмацніліся і стала зразумела, што любое іншае выклікае ў сілавікоў нянавісць. А мая трансгендэрнасць зрабіла мяне лёгкай мішэнню. Шанцаў на нармальнае жыццё амаль не заставалася, але я ўсё яшчэ спадзявалася, што атрымаецца «жыць ціха».

З 2023 года мяне пачалі мэтанакіравана пераследваць, хаця ўсе лічбавыя сляды свайго ўдзелу ў пратэстах я знішчыла, а большасць сяброў, з якімі мы хадзілі на маршы, пакінулі краіну. Да нас дадому пачалі прыходзіць людзі ў форме, без папярэджання і тлумачэнняў. Маглі з'явіцца раніцай ці позна ўвечары: урываліся, ладзілі ператрус, везлі нас з партнёрам у РАУС, правяралі тэлефоны. Ніякіх пратаколаў, ніякіх падставаў: проста дэманстрацыя сілы ў стылі «мы можам, а ты – ніхто». Я разумела, што для іх мая гендэрная ідэнтычнасьць як чырвоная ануча, і я ў такой самай групе рызыкі, як і тыя, хто адкрыта выступіў супраць рэжыму.

У верасні 2024 года мяне без прычыны затрымалі на выхадзе з бара. Патрульныя запатрабавалі дакументы, убачылі ў пашпарце мужчынскі пол… І пачалося… У РАУС мяне зневажалі, абражалі, пагражалі згвалтаваннем, душылі псіхалагічна, гаварылі і рабілі рэчы, якія ў мяне не атрымаецца забыць. Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў прызнаў дзеянні сілавікоў катаваннямі. Мяне адпусцілі без тлумачэнняў. Проста выкінулі на вуліцу. Я ў істэрыцы дабралася да сяброўкі і яшчэ два тыдні не магла выходзіць з дому.

Мы з партнёрам разумелі: калі я застануся ў Беларусі, мяне знішчаць маральна і фізічна. У РАУС ясна далі зразумець, што для такіх, як я, ні законаў, ні абароны не існуе. Пакуль мы збіралі рэчы, візіты сілавікоў працягваліся з прамымі намёкамі: «наступны раз усё можа быць горш». Я ім верыла.

З дапамогай арганізацыі TG House мы з'ехалі спачатку ў Літву, а потым дабраліся да Францыі. Цяпер мы ў працэсе атрымання прытулку. Працаваць у гэтым статусе нельга, і мы атрымліваем каля €300 на дваіх у месяц – гэтага ледзь хапае на ежу. Я жыву з цяжкім посттраўматычным сіндромам: палохаюся гучных гукаў, баюся заставацца адна, здараюцца панічныя напады. Жадаю лячыцца і жыць нармалёва, але пакуль няма афіцыйнага стану, няма і права на працу. Нават калі б яно было, я зараз проста не цягну фізічна.

Я прывыкла ўсё рабіць сама: працаваць, падтрымліваць іншых, неяк выжываць. Але зараз я ў кропцы, дзе без падтрымкі мне не справіцца. Каб прыйсці ў сябе, стабілізавацца і адчуць бяспеку, патрэбен час і мінімальная фінансавая падтрымка: на ежу, базавыя патрэбы, псіхалагічную і медыцынскую дапамогу, а таксама юрыдычнае суправаджэнне маёй працэдуры прытулку. Любая дапамога, нават самая маленькая, дазволіць мне ўтрымацца і дасць адчуванне, што жыццё можа наладзіцца.

Дзякуй кожнаму, хто прачытаў маю гісторыю. І дзякуй усім, хто зможа дапамагчы. Гэта літаральна шанец выжыць і пачаць жыць нанова.

Сума збору
€1900

€500 – ежа і бытавыя выдаткі
€800 – курс заняткаў з псіхатэрапеўтам, каб пазбавіцца ад посттраўматычнага сіндрому
€600 – юрыдычная падтрымка

Сабрана:
€ 169 з 1 900